Сяргей Тарасаў: Сакральныя памеры Крыжа Эўфрасіньні Полацкай былі парушаныя

Гісторык Сяргей Тарасаў

Гісторык Сяргей Тарасаў

Майстар Лазар Богша ў 1161 годзе заклаў у памеры створанага ім крыжа сакральныя лічбы. Чаму пра іх забыліся ў 90-я, калі рабілі копію сьвятыні? Гісторык Сяргей Тарасаў вызначыў сапраўдныя памеры Крыжа Эўфрасіньні Полацкай.

— Спадар Сяргей, на мінулым тыдні кіраўнік Беларусі падараваў копію Крыжа Эўфрасіньні Полацкай Папу Рымскаму. Падарункі ў палітыкаў, як правіла, знакавыя. На вашу думку, знакам чаго ёсьць такі падарунак Ватыкану?

— Мне складана пра гэта казаць, бо я не палітык і крыжоў нікому не дарыў. Але мне здаецца, што і для нашага прэзыдэнта Крыж Сьвятой Эўфрасіньні — таксама гістарычны сымбаль Беларусі. Можа, падарунак — знак супольнага мірнага жыцьця праваслаўнай і каталіцкай царквы ў Беларусі. У часы сьвятой Эўфрасіньні царкоўны падзел ужо адбыўся (1054), але яшчэ не было такой вялікай розьніцы паміж праваслаўнымі і каталікамі. Крыж такой формы вельмі старажытны — гэта так званы патрыяршы ці лятарынгскі крыж. Мала хто ведае, што такія крыжы былі нават на харугвах Жанны д’Арк. Гэта такая агульнаэўрапейская вядомая форма крыжа.

Крыж Эўфрасіньні Полацкай

Крыж Эўфрасіньні Полацкай

— Копіі з крыжа рабілі і раней. Самая вядомая — зробленая майстрам Мікалаем Кузьмічом і асьвечаная Праваслаўнай царквой у 1997 годзе. Але вось дзіўна — у розных крыніцах вышыня крыжа падаецца розная: ад 50,5 см да амаль 52. А які памер дакладны?

— Сапраўды, памеры называюцца розныя. Я праглядзеў шмат энцыкляпэдыяў і дасьледаваньняў, у тым ліку вядомых навукоўцаў — Георгія Штыхава, Леаніда Аляксеева і інш. Справа ў тым, што нашы продкі ў ХІІ стагодзьдзі сантымэтрамі ня мералі. Асноўнай мерай даўжыні былі сажні. Сажні розныя — замкавыя, гарадавыя, грэцкія, царкоўныя, махавыя. Асаблівасьць сажня ў тым, што ён дзеліцца толькі папалам. І пры яго дзяленьні атрымліваюцца паўсажні, локці, пясьці, пядзі і вяршкі. Што да Крыжа Эўфрасіньні Полацкай, то, як ні дзіўна, яго абмяралі толькі двойчы, яшчэ да рэвалюцыі, і абмеры былі зробленыя якраз у вяршках. Калі я паскладваў усе тыя вяршкі, то выявілася, што вышыня Крыжа складае адну пядзю грэцкую плюс адну пясьць грэцкую і адзін грэцкі вяршок — разам сем грэцкіх вяршкоў. Тут мы бачым траічнасьць — пядзя, пясьць, вяршок. Гэта сымбаль Тройцы. А ў суме сем вяршкоў — сымбаль Хрыста.

— Сем вяршкоў — гэта колькі сантымэтраў?

Такім чынам, у Крыж адпачатку закладзеныя дзьве ідэі — Тройцы і Хрыста.

— 50,4 сантымэтра — гэта і ёсьць сапраўдная вышыня Крыжа. Даўжыня верхняй перакладзіны — тры вяршкі малога сажня, ніжняй — тры вяршкі казённага сажня. Зноў жа — сымбаль Тройцы. Такім чынам, у Крыж адпачатку закладзеныя дзьве ідэі — Тройцы і Хрыста.

— А копія Крыжа, зробленая Мікалаем Кузьмічом і асьвячоная ў 1997 годзе, адпавядае гэтым лічбам?

— На вялікі жаль, не. Вышыня копіі — 51 см. Розьніца, як бачым, невялікая — 0,6 сантымэтра. Новы крыж асьвячоны па ўсіх канонах, для вернікаў ён сьвятыня, але ўсё ж гэта ня тое, што закладалася ў арыгінальны крыж сьвятой Эўфрасіньняй. Сакральныя памеры Крыжа былі парушаныя.

— А як такое магло стацца? У камісію па аднаўленьні Крыжа ўваходзілі дасьведчаныя навукоўцы. Чаму тады ніхто не зьвярнуў увагі на тыя сантымэтры і вяршкі?

— Агульнапрынятыя памеры Крыжа пайшлі з кнігі Леаніда Аляксеева «Полоцкая земля», якая выйшла ў 1966 годзе. Дарэчы, Аляксееў уваходзіў у названую камісію. Гэта дзякуючы яму мы маем выдатныя фатаздымкі і надпісы на бакавінах крыжа. Гісторык знайшоў у адным з маскоўскіх архіваў нэгатывы, зробленыя маскоўскім фатографам Бэргманам, калі ў 1905 годзе Крыж вазілі ў Маскву і Санкт-Пецярбург. Чамусьці пры ўзнаўленьні на памеры ніхто ўвагі не зьвярнуў. Быў зроблены «навадзел», які назвалі вобразам Крыжа Эўфрасіньні Полацкай. Але ў ім таксама закладзеныя рэліквіі, мошчы сьвятых, ён асьвячоны і стаў культавым прадметам.

— А як увогуле ўзьнікла ідэя стварыць копію Крыжа?

Тут Сілівончык адразу ўхапіўся, папрасіў напісаць яму падрабязную гісторыю Крыжа.

— На пачатку 90-х у Менску праходзіў зьезд беларусаў блізкага замежжа, які шырока асьвятляла тэлебачаньне, нават трансьлявала ў жывым эфіры. Гэтым займаўся мой сябра, цяпер ужо нябожчык, выдатны беларускі рэжысэр Віктар Шавялевіч. Аднойчы ён мне патэлефанаваў і сказаў, што пазнаёміўся на зьезьдзе зь беларусам з Сургуту, які хоча штосьці для радзімы зрабіць, а што — ня ведае. І прапанаваў мне пагаварыць зь ім. Я пагадзіўся. Наша сустрэча адбылася ў гатэлі «Кастрычніцкі», дзе той сургуцкі беларус наймаў неблагія апартамэнты. Звалі яго Анатоль Сілівончык. Спачатку я прапанаваў яму ўкласьці грошы ў аднаўленьне аднаго з разбураных замкаў, але гэта яго не зацікавіла. Царкву аднаўляць ён таксама не захацеў. Тады я расказаў яму пра страчаны Крыж Эўфрасіньні Полацкай, які няблага было б аднавіць. Тут Сілівончык адразу ўхапіўся, папрасіў напісаць яму падрабязную гісторыю Крыжа. Я напісаў. І гэта тут жа пачало абмяркоўвацца на зьезьдзе і было нават запісана ў рэзалюцыі: спрыяць у аднаўленьні Крыжа. Утварылася камісія пры ЗБС «Бацькаўшчына», якую ўзначаліў Адам Мальдзіс. Ідэя ўсім спадабалася, але не было грошай.

— Сілівончык адмовіўся фінансаваць?

Потым да справы аднаўленьня Крыжа далучылася Беларуская праваслаўная царква, потым — дзяржава.

— Не, ён не адмовіўся, але грошай спатрэбілася значна больш, чым мог даць Сілівончык. Ён у Сыбіры зарабляў ня продажам нафты ці газу, у яго быў па тых часах даволі сьціплы бізнэс. Справа зрушылася пасьля першых прэзыдэнцкіх выбараў, калі ўладыка Філарэт пайшоў непасрэдна да кіраўніка краіны. Можа, трошкі ў дэталях памылюся, але далей падзеі адбывалася наступным чынам. Навукоўцы з камісіі дапамагалі майстру працаваць з эмалямі, бо тэхналёгія перагародчастай эмалі была ўжо страчаная. Дарэчы, дзесьці на гэтым этапе спраўдзіць памеры і забыліся. Узялі 51 см, асабліва ня думаючы, адкуль яны ўзяліся. Потым да справы аднаўленьня Крыжа далучылася Беларуская праваслаўная царква, потым — дзяржава. Царква ўзяла на сябе аснову крыжа і рэліквіі, а яшчэ, калі не памыляюся, жэмчуг. Дзяржава займалася каштоўнымі мэталамі і камянямі. Анатоль Сілівончык узяў на сябе аплату працы Мікалая Кузьміча, выданьне кнігі «Жыватворны сымбаль Бацькаўшчыны», якую напісаў Уладзімер Арлоў, і здымкі дакумэнтальнага фільму. Плюс дзяржава ўзяла на сябе ахову — міліцыянты пільнавалі майстэрню Кузьміча, каб адтуль нічога ня скралі.

— Сілівончык потым прывёз у Беларусь нейкую ваенізаваную брыгаду з Расеі, і яны нават захапілі пэўную тэрыторыю. Яму было ўсё роўна, ці Крыж аднаўляць, ці ў вайнушку гуляць?

— Для мяне гэты ўчынак быў таксама дзіўным і нечаканым. Анатоль Сілівончык, здаецца мне, вельмі амбітны чалавек. Думаю, такім чынам ён проста задавальняў свае ўласныя амбіцыі. Наколькі я ведаю, яму і сёньня забаронены ўезд у Беларусь, і апошнія гады яго ніхто тут ня бачыў.

— Пасьля нашай з вамі гутаркі пра меркаванае месцазнаходжаньне Крыжа Эўфрасіньні Полацкай у Троіца-Сергіевай лаўры пад Масквой ці можаце вы сказаць, што лёсам нашай нацыянальнай сьвятыні зацікавіліся сьледчыя органы Беларусі?

— Зацікавіліся ці не — мне невядома, але інфармацыя прайшла практычна ва ўсіх СМІ. Думаю, дайшла і да тых, хто Крыж трымае ў сябе. Наколькі хопіць у людзей сумленьня прызнацца ў гэтым — справа ад нас незалежная. Але ў тым, што Крыж цэлы, я ўпэўнены. Упэўнены і ў тым, што ён знаходзіцца ў сховах Расейскай праваслаўнай царквы.