Саўчанка: «Дзякуй усім, хто жадаў мне зла, я на злосьць вам выжыла»: Першае відэа пасьля прыбыцьця Саўчанкі ў аэрапорт Кіеў (Барыспаль)
Украінскай лётчыцы Надзеі Саўчанцы 35 гадоў, у расейскім палоне яна правяла амаль два гады.
Яе абмянялі на расейскіх ГРУшнікаў Яўгена Ерафеева і Аляксандра Аляксандрава, якім суд у Кіеве прысудзіў 14 год зьняволеньня за «вядзеньне агрэсіўнай вайны і садзейнічаньне тэрарыстычным арганізацыям».
Пра затрыманьне Надзеі Саўчанкі расейскімі спэцслужбамі стала вядома 8 чэрвеня 2014 году. Яе трымалі ў адзіночнай камэры сьледчага ізалятара ў Варонежы.
Паводле словаў самой Саўчанкі, яе незаконна вывезьлі з тэрыторыі Ўкраіны — у кайданках і зь мяшком на галаве.
9 ліпеня 2014 году прадстаўнік сьледчага камітэту Расеі Ўладзімер Маркін заявіў, што Саўчанка перасекла расейска-ўкраінскую мяжу самастойна пад выглядам уцекача без дакумэнтаў і была затрыманая на тэрыторыі РФ у адпаведнасьці з расейскім заканадаўствам як падазраваная ў крымінальнай справе аб забойстве расейскіх журналістаў Ігара Карнелюка і Антона Валошына — супрацоўнікаў Усерасейскай дзяржтэлерадыёкампаніі.
30 кастрычніка 2014 году Генэральная пракуратура Ўкраіны абвінаваціла Ігара Платніцкага і Аляксандра Папова ў выкраданьні ўкраінскай лётчыцы Надзеі Саўчанкі.
13 сьнежня 2014 году Саўчанка абвясьціла бестэрміновую галадоўку, бо ёй не аказвалі мэдыцынскую дапамогу з прычыны запаленьня вуха; пасьля яна вырашыла працягнуць галадоўку, патрабуючы свайго вызваленьня з турмы. Дзеля падтрыманьня сіл ёй рабілі іньекцыі глюкозы. 5 сакавіка 2015 году Саўчанка часткова спыніла галадоўку — бо ў апошнія чатыры дні галадоўкі ў яе рэзка пагоршыўся стан здароўя.
14 верасьня 2014 году зьезд партыі «Бацькаўшчына» аднагалосна прыняў Саўчанку ў шэрагі партыі і прапанаваў яе кандыдатуру ў дэпутаты Вярхоўнай Рады, аддаўшы ёй першае месца ў перадвыбарным сьпісе на маючых адбыцца выбарах. 25 сьнежня 2014 году Вярхоўная Рада ўключыла Саўчанку ў склад пастаяннай дэлегацыі Ўкраіны ў ПАРЭ.
10 кастрычніка 2014 году арганізацыя «Мэмарыял» прызнала Надзею Саўчанку палітвязьнем.
Суд над лётчыцай пачаўся летам 2015 году, прысуд быў абвешчаны 22 сакавіка 2016 году. Суд прысудзіў ёй 22 гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму і штраф у памеры 30 тысяч рублёў. 5 красавіка 2016 году прысуд уступіў у законную сілу, пасьля чаго 6 красавіка Надзея Саўчанка зноў пачала пратэстную сухую галадоўку, якую спыніла 19 красавіка пасьля тэлефоннай размовы зь Пятром Парашэнкам.
У ноч на 28 красавіка расейскія памежнікі не прапусьцілі празь мяжу машыну генконсульства Ўкраіны зь сястрой Надзеі — Верай Саўчанкай, заявіўшы, што тая ў фэдэральным вышуку. Празь некаторы час Веру Саўчанку выпусьцілі з Расеі.
Пра прысуд Надзеі Саўчанцы выказалася беларуская набэліятка Сьвятлана Алексіевіч. Яна сказала, што «гэта вар’яцтва».
78-гадовая маці Надзеі Саўчанкі Марыя ў інтэрвію Свабодзе казала, што «не перастае верыць, што дачка вернецца на радзіму».
Your browser doesn’t support HTML5
Надзея Саўчанка атрымала шэраг узнагарод, сярод якіх «Герой Украіны», «За мужнасьць», «За свабоду», «Сьвятло справядлівасьці» і шэраг іншых.
Акцыі #FreeSavchenko прайшлі ў многіх краінах. Беларускія актывісты ня раз пікетавалі расейскую амбасаду з патрабаваньнем вызваліць Надзею Саўчанку.