Старшыня рады прадпрымальнікаў рынку «Паўднёвы» Андрэй Шасьцяракоў, які ўваходзіць у склад працоўнай групы на перамовах з прадстаўнікамі ўлады ў Менску, распавёў аб тым, як праходзяць перамовы.
Старшыня Савета прадпрымальнікаў рынка “Паўднёвы” Андрэй Шэсьцяракоў
Паводле Шасьцяракова, ніякіх канкрэтных вынікаў дасягнуць пакуль не ўдалося, практычна ўсе прапановы працоўнай групы, у тым ліку і аб прыпыненьні дзеяньня указу № 222 альбо ўнясеньні ў яго зьменаў з тым, каб ІП па ўсёй Беларусі маглі працаваць надалей, прадстаўнікамі ўрада не прымаюцца.
Шасьцяракоў: Гэты перамоўны працэс можа зацягнуцца, паколькі патрабуецца мноства зьменаў у заканадаўстве, мы прапаноўвалі, каб людзі гэтым часам працавалі, але нам адказвалі — не і ўсё. А вы паглядзіце, што ў многіх нашых прадпрымальнікаў ужо заканчваюцца грошы, а ў кожнага сям’я і дзеці. І няма грошай на хлеб, а я ўжо не кажу пра тое, што ніхто не адмяняў аплаты арэнды і падаткаў. Наагул, усё выглядае даволі пэсымістычна, і пэрспэктыва пакуль ніякая не праглядваецца. У аўторак сустрэча працоўнай групы працягнецца.
Адна з прадпрымальніц заўважыла, што за гэты час маскоўскія аптавікі зьмянілі стаўленьне да беларускіх прадпрымальнікаў і па-сутнасьці адмаўляюцца прадаваць тавар.
Прадпрымальніца: Я была ў Люберцах, дзе вялікая аптовая база. Хацела набыць тавар, а мне адказваюць, што беларусы могуць набыць у іх тавар толькі такім чынам, як набываюць шынку ў краме, маўляў, вось вам чэк і больш мы з вамі ніякай справы мець ня хочам. Гэта ўсё таму, што яны ня могуць прадставіць нам тых дакумэнтаў, якія мы патрабуем.
Так выглядаюць сёньня гандлёвыя рады на рынку “Паўднёвы” у Горадні
Падчас сустрэчы прадпрымальнікаў ніякіх рашэньняў не прымалася. Журналісты цікавіліся, ці нехта зьбіраецца зь іх ехаць у Менск пратэставаць, але такая прапанова зацікаўленасьці не выклікала.
На сходзе прадпрымальнікаў прысутнічала каля ста чалавек. Паводле інфармацыі спадара Шэсьцяракова надалей на рынку працягваюць працаваць 229 індывідуальных прадпрымальнікаў, а ўсяго на рынку «Паўднёвы» зарэгістравана 1830 прадпрымальнікаў.
Так выглядаюць сёньня гандлёвыя рады на рынку “Паўднёвы” у Горадні