Літанкета Свабоды: Натальля Русецкая

Натальля Русецкая (фота Зьмітра Шылы).

Натальля Русецкая нарадзілася ў 1974 у мястэчку Ўрэнь Ніжагародзкай вобласьці (Расея). Расла і вучылася ў Менску. Піша вершы, займаецца перакладамі, дасьледуе беларускую літаратуру. Выдала паэтычныя зборнікі «Два бяссоньні» (2004) і «Каштаны ў кішэнях» (2015), а таксама манаграфію «Сямейная муза. Паэзія Францішкі Уршулі Радзівіл» (2007). Жыве ў Любліне (Польшча), выкладае ў Люблінскім унівэрсытэце Марыі Складоўскай-Кюры, гадуе дзетак: двух сыноў і дачушку.


1. Для каго вы пішаце? (Хто ваш ідэальны чытач?)

Пішу для сябе, добра, калі яшчэ і чытачы ёсьць.

2. Дзе вам найлепш пішацца, і калі?

Вершы я не пішу, а складаю, калі нешта раблю: іду, еду, гатую і г. д.

3. Аўтарам якой ужо напісанай кнігі вы хацелі б быць?

Тых, што я напісала. Яны пра мяне.

4. Які літаратурны герой найбольш падобны да вас?

У некаторых героях п’ес Сяргея Кавалёва я пазнаю сябе, яны нават гавораць маімі словамі.

5. Хто ваш улюбёны пісьменьнік?

Ніколі не магла выбраць аднаго. Але падчас апошняга пераезду ўзяла з сабой шматтомнікі Максіма Багдановіча, Уладзіміра Караткевіча, Вітальда Гамбровіча, выбраныя вершы Віславы Шымборскай.

6. Што вы цяпер чытаеце?

Яцэк Дэгнэль «Matka Makryna» і Сьвятлана Алексіевіч «Время сэконд хэнд».

7. На якіх замежных мовах (расейская ня лічыцца) вы можаце чытаць?

У Расеі я нарадзілася, гадавалася ў Беларусі, а ў Польшчы жыву, такім чынам усе тры мовы — руская, беларуская, польская — замежнымі для мяне ня лічацца. Акрамя іх, я рэальна чытаю кнігі розных жанраў па-ўкраінску, паэзію — яшчэ па-чэску і па-славацку. Са слоўнікам чытаць не люблю.

8. Якая ваша найбольш улюбёная кніга з напісаных вамі?

Апошняя. «Каштаны ў кішэнях».

9. Якую кнігу вам яшчэ хочацца напісаць?

Напісаць хацелася б раман, сямейную сагу. І матэрыял ёсьць. Пачынаю пісаць — выходзяць вершы.

10. Калі вы адчуваеце сябе найбольш свабоднай?

Наўрад ці можна быць больш ці менш свабоднай. Свабоднай я сябе не адчуваю ніколі.