«У нас ёсьць сваё войска, і чужое тут не патрэбнае...» — апытаньне ў Горадні

Масква настойвае на стварэньні сваёй вайсковай авіябазы ў Беларусі, а беларускія ўлады кажуць, што сэнсу ў ёй няма. А як лічыце вы? З такім пытаньнем наш карэспандэнт зьвяртаўся да гарадзенцаў.

Your browser doesn’t support HTML5

Ці патрэбная Беларусі расейская вайсковая база? Адказваюць гарадзенцы

— Якая база, навошта яна тут патрэбная? Ад каго тут бараніцца? У нас войска — 130 тысяч, і з кім яно можа ваяваць? Яно што ёсьць, што яго няма...

— Ня бачу ў гэтым сэнсу, бо ў нас ёсьць сваё войска, і нам чужое не патрэбнае. Трэба ўзмацняць баяздольнасьць свайго войска і спадзявацца толькі на сваё войска.

— Расейцаў сюды пускаць? А хто на нас палезе сюды, акрамя іх? Польшча, Літва, а можа, Амэрыка аднекуль прыедзе? Дурнота...

— Мая думка, справа ў грошах. Будуць грошы — можна базы, няма грошай — няма базаў. І амэрыканцы хай ставяць базы і плацяць грошы. Да прыкладу, няхай расейцы ставяць базу ў Гарадзенскай вобласьці, а амэрыканцы ў Магілёўскай — і грошы плацяць і тыя, і тыя. І грошай чым болей. Уся палітыка — гэта грошы.

— Я супраць вайсковых базаў. Лічу, што чужыя войскі тут быць не павінны. У нас ёсьць сваё войска, а чужыя не патрэбныя.

— Няхай улады самі вырашаюць, я ім давяраю...

— Думаю, у гэтым ёсьць сэнс, бо тады ў нашых людзей зьявіцца праца, будуць там працаваць, абслугоўваць тэхніку. Я зыходжу з такой пазыцыі.

— Расея цяпер стаіць супраць усяе Эўропы, а наш прэзыдэнт вымушаны балянсаваць паміж Эўропай і Расеяй, каб атрымалася нешта сярэдняе. Як для мяне, то ўсё роўна, ці будуць гэтыя базы ў нас — на мяне гэта не паўплывае ніяк. І на маю сям’ю таксама не паўплывае. Я нэўтральна да гэтага стаўлюся.

— У гэтым ёсьць сэнс — наша абарона. Нас наўкола НАТО акружае, у Польшчы вунь што робіцца. Навошта яны ўвайшлі ў НАТО, што ім, дрэнна было? Мне здаецца, з базамі будзе надзейней.