Апытаньне Свабоды: «Лукашэнка заявіў, што пэнсійны ўзрост у Беларусі давядзецца павышаць, але перад тым трэба папрасіць падтрымкі ў людзей. Ці вы гатовыя падтрымаць такую просьбу Лукашэнкі? Чаму?». Адказвалі жыхары Магілёва.
Your browser doesn’t support HTML5
— Я б не падтрымаў. Не ўва ўсіх ёсьць здароўе. Пэнсіянэры цяпер працуюць, бо трэба дапамагчы дзецям, ці пэнсія ў іх замалая. Нас змушаюць на пэнсіі працаваць да труны, а чалавек павінен адпачываць. Калі такое будзе, я, напэўна, да пэнсіі не дацягну.
— Не падтрымаў бы. У нас палова людзей да пэнсіі не дажываюць. У мяне бацька дык не дажыў. Такія ініцыятывы зьяўляюцца, каб у бюджэце грошы захаваць.
— Я б падтрымала. У мяне маленькае дзіця, і мне трэба яго падымаць, а да пэнсіі дзесяць гадоў.
— Супраць, зразумела. Бальшыня мужчын у 60–62 гады памірае. Павялічаць пэнсійны ўзрост — тады ўсіх з працы будуць уперад нагамі выносіць. Каб грошы зэканоміць, трэба найперш скарачаць міліцыю, якой дужа шмат і якая нічога ня робіць.
— І так людзі не дажываюць да пэнсійнага веку. А калі яшчэ падняць, дык наагул ніхто ня будзе атрымліваць пэнсіі.
— Людзі і так дастаткова працуюць, і ім можна выходзіць на пэнсію ў тым узросьце, які цяпер. Можа нават зрабіць на пяць гадоў меней. Людзі, пакуль працуюць, пералічваюць грошы ў фонд сацыяльнай абароны. Мо варта было б недзе «ўрэзаць» выдаткі.
— Калі Аляксандар Лукашэнка арыентуецца на Эўропу ці Расею, то трэба ўлічваць нашу працягласьць жыцьця. А ў нас, на жаль, многія мужчыны да пэнсіі не дажываюць. Мо стане працягласьць большай, тады і гаворка пра павелічэньне пэнсійнага ўзросту стане своечасовай.
— Мне складана сказаць, бо да пэнсіі мне пакуль дужа далёка. Мне, аднак, падаецца, што кожны чалавек мае вырашыць сам, калі выходзіць на пэнсію. Ёсьць прафэсіі, тыя ж прадаўцы, ім ужо ў 55 цяжкавата працаваць. Пераважная большасьць выходзяць на пэнсію.
— Дык чалавек жа імкліва старэе. І выходзіць, што ў яго ня будзе калі нават адпачыць на пэнсіі. Прафсаюзы цябе ўперад нагамі ў 65 год і вынесуць, а дзяржава дасьць на паховіны якіясьці тры мільёны, і ўсё.
— Я б не падтрымаў. Наш чалавек многа працы робіць ня толькі на вытворчасьці, і да пэнсійнага ўзросту ён падыходзіць, так бы мовіць, аслабленым.
— Рэч у тым, што да пэнсіі ня ўсе ж дажываюць. Паміраюць маладымі. Многія ня будуць згодныя з такой ініцыятывай. Чым раней пойдуць людзі на пэнсію, дык хоць пажывуць крыху для сябе.
— Сапраўды, у іншых краінах пэнсійны ўзрост значна вышэйшы, чым у нас. Але наш узровень жыцьця такі, што можа забясьпечыць той пэнсійны ўзрост, які на сёньня ёсьць...