Трусаў: Улаховіч пакрыўдзіўся на Лукашэнку з-за мяне

У сваім перадвыбарчым выступе кандыдат у прэзыдэнты Мікалай Улаховіч некалькі разоў згадаў пра старшыню ТБМ Алега Трусава.

Алег Трусаў сказаў карэспандэнту Свабоды, што не глядзеў выступ Улаховіча, але не пакрыўдзіўся на Ўлаховіча з-за ягоных выказваньняў.


«Ён мяне згадаў таму, што мяне згадаў прэзыдэнт. Бо прэзыдэнт сказаў, што хацеў бы, каб не Ўлаховіч быў кандыдатам, а я. Таму і згадвае, бо на прэзыдэнта пакрыўдзіўся. Цяпер засталося, каб мяне згадалі Тацяна Караткевіч і Сяргей Гайдукевіч. І тады будзе поўны набор выказваньняў».


У інтэрвію журналістам недзяржаўных СМІ ў жніўні Лукашэнка колькі словаў прысьвяціў Алегу Трусаву, зазначыўшы, што хацеў бы бачыць старшыню ТБМ кандыдатам ў прэзыдэнты.

Алег Трусаў кажа, што знаёмы з Улаховічам, Таксама ён мяркуе, што Ўлаховіч прачытаў адно зь ягоных інтэрвію. Ён пракамэнтаваў выказваньні Ўлаховіча, у тым ліку тое, што «адрываць беларускую культуру ад вялізнай рускай — гэта злачынства»:


«Чалавек пражыў больш гадоў, чым я, а не разумее, што не бывае вялікіх і малых культур. Усе культуры аднолькавыя. І гаварыць пра рускую культуру „вялікая“, а пра беларуску „малая“ гэта сьмешна і несур’ёзна. Бо, напрыклад, партугальцы ніколі не перайшлі на гішпанскую мову, хаця ня раз іх гішпанцы захоплівалі, мовы блізкія. Тым ня менш, маленькая Партугалія зьдзейсьніла вялікія геаграфічныя адкрыцьці на сваёй мове. То бок, колькасьць народу не заўжды фактар, які сьведчыць, што яго культура вялікая. Так што чалавек, пражыўшы большую частку свайго жыцьця, так і не зразумеў, што ўсе культуры любых народаў аднолькавыя. І часам культура малога народу можа ўнесьці ў сусьветную скарбонку болей, чым народу, які складае мільёны людзей».


— Улаховіч абураўся, што вы прапануеце выкладаць дакладныя навукі ў ВНУ па-ангельску.


«Так, я лічу, што калі мы створым нацыянальны ўнівэрсытэт, дзе большасьць прадметаў будзе па-беларуску, фізыку і матэматыку пажадана выкладаць па ангельску. Літоўцы даўно гэта робяць, і правільна. Мова навукі — ангельская. На халеру нам руская мова, калі на рускай мове па фізыцы, матэматыцы, мэдыцыне няма новых публікацый? Бо руская мова, калі паглядзець міжнародны кантэкст, саступае гішпанскай. Але мова навукі — ангельская. І калі наша інтэлігенцыя будзе добра размаўляць на ангельскай, дома гаворачы на беларускай, то руская мова зойме ў нас трэцяе-чацьвёртае месца. Але ні першае, ні другое. Калі мы хочам стаць на ўзроўні Галяндыі, то без ангельскай мовы нікуды мы ня дзенемся. А руская мова — мова рэгіянальная. Канечне, у школе яе вучыць трэба, я ня супраць. Але на ёй навуку не пабудуеш. І яны ніколі ангельцаў не дагоняць».


У сваім выступе Улаховіч сказаў: «Глядзіце, што прапануюць нам спадары Трусавы. Гуманітарныя прадметы трэба выкладаць на беларускай мове. А матэматыкау і фізыку — на ангельскай, і трэба ведаць 5 моваў. А ангельскую абавязкова. Але гішпанцы на сваёй роднай мове размаўляюць. Адрываць беларускую культуру ад вялізнай рускай гэта злачынства. Мы гэтым абядняем сваю нацыю. Так што, спадар Трусаў, „агліцкая“ культура ад нас далёка, а руская побач з намі».