Літанкета Свабоды: Лера Сом

Лера Сом

Лера Сом нарадзілася ў 1966 у Полацку. Скончыла Віцебскі пэдагагічны інстытут і завочнае аддзяленьне філялягічнага факультэта БДУ. Выдала зборнікі паэзіі: «Блюз каралеўскай кухні» (1994), «Адзінокая зорка» (1996), «Там, на небе» (2000), «Свабода Слова Зіма» (2005), «Каралева прыйдзе ноччу» (2007). Удзельніца шматлікіх фэстываляў бардаўскай песьні. У 2000 выдала касэту аўтарскіх песень «Genius Loci». Аўтар цыклу фантастычных апавяданьняў «Некалькі гісторый з жыцьця Руніты Магі» (1993), аповесьці «Суполка Вогнішча» (2001).


1. Для каго вы пішаце? (Хто ваш ідэальны чытач?)

Я ня думаю, што існуе ідэальны чытач. У кожнага чалавека бываюць моманты, калі яго настрой і стан супадае з канкрэтным творам.

2. Дзе вам найлепш пішацца, і калі?

Няма канкрэтнага часу ці месца. Радок прыходзіць у галаву і патрабуе свайго працягу... тут і цяпер.

3. Аўтарам якой ужо напісанай кнігі вы хацелі б быць?

«Тэатар» Моэма.

4. Які літаратурны герой найбольш падобны да вас?

Не магу знайсьці поўнага падабенства ні з кім.

5. Хто ваш улюбёны пісьменьнік?

Пад гэтую катэгорыю ў свой час пападалі розныя аўтары. У сьпісе былі і Караткевіч, і Сапкоўскі, і Рэнье, і Джойс...

6. Што вы цяпер чытаеце?

Перачытваю Ніцшэ.

7. На якіх замежных мовах (расейская ня лічыцца) вы можаце чытаць?

Украінская.

8. Якая ваша найбольш улюбёная кніга з напісаных вамі?

«Свабода Слова Зіма».

9. Якую кнігу вам яшчэ хочацца напісаць?

Якасную беларускую фантастыку.

10. Калі вы адчуваеце сябе найбольш свабоднай?

У любы момант неўзаемадзеяньня зь іншымі людзьмі.