Якаўлеўскі: Шэварднадзэ непараўнальны з Лукашэнкам

Раман Якаўлеўскі

Аглядальнік Раман Якаўлеўскі назваў Эдуарда Шэварднадзэ, апошняга міністра замежных спраў СССР, адной з апор Міхаіла Гарбачова.

«Калі Беларусь стала сувэрэннай, у Шэварднадзэ было шмат сваіх клопатаў, і я ня думаю, што яму было да Беларусі. Я ня бачу яго ў беларускай галіне. Іншая справа, што яго біяграфія — гэта біяграфія, па-першае, савецкага міністра замежных спраў, а па-другое, што тычыцца СНД, у яго вельмі складаны быў лёс як у прэзыдэнта, якога зрынулі. Яго зрынула рэвалюцыя з удзелам Саакашвілі. Нельга казаць, што былі нейкія асаблівыя стасункі ў Шэварднадзэ з Лукашэнкам, я думаю, іх наагул не было.

Ён успрымаўся як дэмакрат, як і Гарбачоў. Вось Гарбачоў, Якаўлеў, Шэварднадзэ — гэта была каманда пэрыяду галоснасьці, новага мысьленьня. Да Шэварднадзэ вельмі добра ставіліся ЗША як да міністра замежных спраў Савецкага Саюзу. Тыя, хто шкадуе, як Пуцін, і лічыць геапалітычнай катастрофай развал Саюзу, лічаць Шэварднадзэ здраднікам, які вінаваты ў развале Савецкага Саюзу.

Шэварднадзэ быў вельмі прыкметнай асобай. У савецкі час ён быў міністрам унутраных спраў Грузіі. Менавіта з гэтай пасады ён стаў кіраўніком савецкай Грузіі. Тады там ішлі буйныя працэсы барацьбы з карупцыяй. Гэтаксама як і ў Азэрбайджане. Наколькі вядома, яшчэ ў савецкі час на яго рыхтавалі замах. Ён быў выбітнай фігурай, грузінскім палітыкам, так бы мовіць, савецкага маштабу».

Карэспандэнт: «Шэварднадзэ быў прэзыдэнтам Грузіі. Ці можна яго параўнаць з прэзыдэнтам Лукашэнкам?»

Якаўлеўскі: «Ні ў якім разе. Ні па адукацыйным узроўні, ні па біяграфіі. Вельмі складаны лёс, і ўся сучасная грузінская гісторыя непарыўна зьвязаная з Шэварднадзэ. Я не параўноўваў бы іх хаця б з-за таго, што адносіны Шэварднадзэ з Захадам і стаўленьне Захаду да Шэварднадзэ ніяк нельга параўнаць са стаўленьнем да Лукашэнкі. У Шэварднадзэ адносіны былі станоўчыя, нягледзячы на тое, што потым Захад падтрымаў Саакашвілі. Лёс Шэварднадзэ і асабліва біяграфія ні ў якае параўнаньне ня можа ісьці з Лукашэнкам. Па палітычным маштабе, як дзеяча, параўнаньне не на карысьць Лукашэнкі», — сказаў Свабодзе Раман Якаўлеўскі.

Старэйшы брат Шэварнадзэ Акакій загінуў у 21-гадовым узросьце падчас абароны Берасьцейскай крэпасьці ў 1941 годзе. Эдуард Шэварнадзэ распавядаў, што ў чэрвені 1990 года разам з кіраўніком МЗС ФРГ Гансам Дзітрыхам Геншэрам наведваў мэмарыяльны комплекс. Імя яго брата высечана на мэмарыяльнай пліце крэпасьці.