Кандыдаты на пасаду прэзыдэнта Ўкраіны Пятро Парашэнка і Юлія Цімашэнка, якія лічацца лідэрамі выбарчай кампаніі, прагаласавалі на выбарах і зрабілі заявы для прэсы.
Парашэнка зьбіраецца ў Данбас
Пятро Парашэнка заявіў, што ён спадзяецца, што пераможца выбараў вызначыцца ўжо ў першым туры.«Спадзяюся, што выбары пройдуць у адзін тур», — сказаў ён заходнім журналістам перад галасаваньнем у Кіеве.
Парашэнка назваў выбары ў адзін тур не амбіцыяй, а «неабходнасьцю для хуткага навядзеньня парадку».
На пытаньне, куды будзе першы яго візыт, у Маскву ці ў Эўропу, Парашэнка адказаў: «У Данбас. Ёсьць спроба ператварыць Данбас у Самалі, але мы будзем дзейнічаць хутка і эфэктыўна».
На пытаньне пра магчымасьць сустрэчы з Пуціным Парашэнка адказаў:
«Безумоўна, Расея — наш сусед. Гаварыць пра стабільнасьць без дыялёгу з Расеяй немагчыма».
Разам з тым ён сказаў, што не прызнае Крым часткай Расейскай Фэдэрацыі:
«Па Крыме сытуацыя вельмі выразная: Крым быў, ёсьць і будзе ўкраінскім. І няма аргумэнтаў, каб прызнаць яго анэксію».
Парашэнка сказаў, што будзе створана Міністэрства па справах Крыму, праца якога будзе сфакусаваная на пытаньнях яго вяртаньня шляхам міжнародных дакумэнтаў, абароны ўкраінскіх грамадзян, а таксама ўладкаваньне ўцекачоў з Крыму, паведамляе Ўкраінская праўда.
Акрамя таго, Парашэнка паабяцаў змагацца на пасадзе прэзыдэнта з карупцыяй:
«Існавала карупцыя, таму існаваў карупцыйны дах. І першы крок, які я зраблю, — будзе разбурэньне карупцыйнага даху ».
Парашэнка прыйшоў галасаваць разам з жонкай і чатырма дзецьмі.
На выбарчым участку сабралася некалькі сотняў журналістаў з усяго сьвету, фактычна заблякаваўшы галасаваньне.
Цімашэнка хоча ў НАТО
Кандыдат у прэзыдэнты Ўкраіны Юлія Цімашэнка прагаласавала на пазачарговых выбарах кіраўніка дзяржавы ў Днепрапятроўску.На выбарчы ўчастак, разьмешчаны ў памяшканьні Днепрапятроўскай дзяржаўнай мэдыцынскай акадэміі, яна прыехала ў суправаджэньні мужа, які таксама галасаваў на гэтым участку, і дачкі Яўгеніі.
Яна павіншавала прысутных са «сьвятам свабоды і дэмакратыі».
«Сёньня я прагаласавала за эўрапейскую Ўкраіну, якая зьменіць жыцьцё кожнага ўкраінца. Я прагаласавала за эўрапейскую краіну, а гэта азначае мір, справядлівасьць у нашай краіне. І я перакананая, што Ўкраіна можа быць моцнай, шчасьлівай, багатай, калі стане сябрам Эўрапейскага Зьвязу. Я лічу, што зараз прыйшоў час правесьці рэфэрэндум па сяброўстве ў НАТО, каб вярнуць ва Ўкраіну мір», — заявіла Цімашэнка журналістам.