Пра прэзыдэнта-алімпійца, адзінага кандыдата і беларускія рэаліі, — Павал Севярынец у Магілёве

Павал Севярынец

24 траўня былы вязень сумленьня Павал Севярынец прэзэнтаваў у Магілёве сваю новую кнігу «Беларуская глыбіня».
Паводле аўтара ў ёй сабраныя эсэ пра тое, чаго не хапае цяперашнім беларусам. Тэксты для кнігі палітык пісаў у няволі. У Магілёве ж Павал Севярынец гаварыў ня толькі пра зьмест кнігі, але і наагул пра беларускія рэаліі.

На прэзэнтацыю другой нявольніцкай кнігі Паўла Севярынца ў грамадзкі цэнтар «Кола» прыйшлі два дзясяткі чалавек — перадусім паплечнікі палітыка па стварэньні партыі Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя. Былі і актывісты з іншых грамадзкіх арганізацыяй ды простыя людзі.

Гаворачы пра сваю новую кнігу Павал Севярынец заўважае, што яна «не пра беларускую глыбінку, а пра глыбіню Беларусі ды беларускага сэрца, у якой бачыцца будучыня».

«У ёй, — кажа былы сядзелец куплінскай спэцкамэндатуры, — ёсьць усё тое чаго цяпер не хапае беларусам. Яны думаюць, што нехта прыйдзе з Захаду, ці з Усходу і дапаможа ім. Але ўсё што можа ім дапамагчы побач з імі — толькі варта прыгледзіцца».

Бальшыня тых хто сёньня прыйшоў на прэзэнтацыю — маладыя людзі. Пра паўстаньне моладзевага супраціву сярэдзіны дзевяностых яны ведаюць з гістарычнай пэрыёдыкі. Павал Севярынец — адзін з тых, хто пачаткаваў той моладзевы рух, які правіў сябе ўвесну 1996 году.


Пакаленьне моладзі «Менскай вясны 96 году» ён называе легендарным. Яно, паводле палітыка, нарадзілася на зломе эпохаў. Пра здольнасьць цяперашняга пакаленьня моладзі да грамадзкага супраціву Павал Севярынец кажа:

«Патэнцыял для супраціву ёсьць і ў сёньняшняга пакаленьня. У тых з кім мне давялося сядзець у спэцкамэндатуры (а гэта пераважна маладыя людзі) адчуваецца прага і цікавасьць да Беларусі. У іх ёсьць жывая вера ў яе. Ёсьць у моладзі пэўны цынізм і абыякавасьць, паняверка і адчай. Мы ж ведаем, што Беларусь адна зь першых па спажываньні алькаголю і самагубствам. Ахвяры гэтага перадусім моладзь. Вялізная колькасьць абортаў — таксама маладыя дзяўчаты».

На прэзэнтацыі зайшла гаворка і пра надыходзячыя прэзыдэнцкія выбары. На думку Паўла Севярынца выбараў і самой перадвыбарчай кампаніі ў Беларусі ня будзе. Тыя ня менш ён лічыць, што грамадзтву варта кансалідавацца вакол альтэрнатыўнага Лукашэнку вылучэнца.

«Адзіны кандыдат патрэбны, каб адзіным голасам размаўляць і зь беларускім народам, Захадам і Расеяй. Калі ў нас, крый божа, здарыцца тое, што цяпер мы назіраем ва Ўкраіне, то беларускаму народу патрэбна будзе згуртаванасьць. Патрэбны будзе моцны незалежніцкі лідэр — такі, якім у свой час быў Зянон Пазьняк. Гэта можа быць лідэр байкоту, ці пераменаў, альбо проста лідэр альтэрнатывы».

Што да дзейнага прэзыдэнта, то, на думку Паўла Севярынца, ён запоўніцца як «прэзыдэнт-алімпіец».

«Акрамя памяці пра рэпрэсіі і ягоную ролю ў разбурэньні беларускай дзяржаўнасьці і культуры ў гісторыі ён застанецца рупліўцам спорту, — тлумачыць палітык, — Хакей яскравы таму прыклад. Прэзыдэнт-алімпіец — народ будзе згадваць яго такім чынам», лічыць Павал Севярынец.

Паўла Севярынца арыштавалі 20 сьнежня 2010 году ва ўласнай кватэры і зьмясьцілі ў СІЗА КДБ. Абвінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў і ўдзеле ў іх, пазьней справу перакваліфікавалі на арганізацыю і падрыхтоўку дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх.

16 траўня 2011 году судзьдзя Заводзкага суду Менску Жана Брысіна асудзіла Севярынца на 3 гады гэтак званай «хіміі» — абмежаваньня волі з накіраваньнем ва ўстанову адкрытага тыпу. Адбываў пакараньне ў вёсцы Куплін Пружанскага раёну, дзе і была напісаная кніга «Беларуская глыбіня».