Заўзятары: хакейная майка больш як за мільён — гэта неадэкватна

З-за агляду матчы стартуюць пры напаўпустых трыбунах

Матчы хакейнага чэмпіянату сьвету ў Менску праходзяць пры незапоўненых трыбунах, а агляд заўзятараў уражвае надзвычайнай пільнасьцю. На адзін з матчаў «Чыжоўка Арэны» праз узмоцненыя кардоны аховы прайшоў наш карэспандэнт Ігар Карней.
Прамінулыя выходныя шмат хто зь менчукоў і прыезджых прысьвяцілі паходу на хакей — збольшага дзеля таго, каб засьведчыць сам факт прысутнасьці на падзеі такога маштабу. Калібр камандаў пры гэтым вялікага значэньня ня меў. Прыкладам, на матчы Францыя — Нарвэгія больш-менш запоўненыя былі танныя сэктары, у якіх кошты вагаліся ад 90 да 120 тысяч рублёў, а ў разы даражэйшыя цэнтральныя трыбуны зеўралі пустымі плямамі.

Але каб дабрацца да месца, трэба прайсьці два кардоны пільнага агляду. Спачатку ўся маса людзей скіроўваецца ў некалькі імправізаваных намётаў, дзе ахоўнікі ўручную абмацваюць ледзь ня кожны сантымэтар адзеньня, прычым з такім самым імпэтам правяраюць нават малых дзяцей. Выбаркова прымушаюць уключыць мабільныя тэлефоны, а больш складаныя электронныя прыстасаваньні лепш загадзя здаць на захоўваньне. Усё гэта фіксуюць усталяваныя на трыногах відэакамэры.

Другі кардон — непасрэдна на ўваходзе ў арэну. Працэдура аналягічная: усё выняць з кішэняў, прайсьці праз рамку мэталашукальніка, пасьля чаго пачынаюць працаваць ахоўнікі. Ежа, пітво, недазволеная сымболіка экспрапрыююцца. Пакуль выстаіш чэргі, на пачатак сустрэчы можна і не пасьпець.

Навучэнцы Коласаўскага ліцэю Ільля і Багуслаў на вялікім хакеі ўпершыню. Уражаньні ад паходу збольшага станоўчыя:

Your browser doesn’t support HTML5

Заўзятары пра «Чыжоўка-арэну»


«Так, арэна даволі добрая, зручная для заўзятараў, асаблівых мінусаў мы не заўважылі. Магчыма, зь недахопаў хіба што невялікая паркоўка. Нас чамусьці туды не пускалі, хоць месцы, як мы бачылі, яшчэ былі».

Карэспандэнт: «Увогуле на ўваходзе пільна аглядалі?»

«Два разы правяралі — на вуліцы і ўнутры арэны. Сапраўды, правяралі вельмі пільна, але збольшага ўсё было карэктна. Паколькі ў нас пры сабе нічога не было, то прайшлі даволі хутка».

Карэспандэнт: «Ці нагледзелі сабе што з сувэніраў?»

«Цэны на сувэніры, як падалося, занадта высокія — майкі за 1 мільён 300 тысяч рублёў, мяккая цацка зубра „Волата“ — амаль 300 тысяч. Цэньнік, скажам так, ня самы адэкватны. А вось бясплатных сьцяжкоў з сымболікай камандаў так і не знайшлі — відаць, раней трэба прыходзіць».

19 траўня Аляксандар Лукашэнка сабраў адмысловую нараду, каб заслухаць справаздачы падначаленых, адказных за бясьпеку на хакейных арэнах. Паводле Лукашэнкі, асноўная задача беларускага боку — забясьпечыць заўзятарам гарантыі жыцьця і здароўя. Адметна, што і беларусы, і замежнікі хоць і адзначаюць нязручнасьці падчас праходжаньня кантрольна-прапускных пунктаў, але ставяцца да такой пільнасьці з разуменьнем. Гаворыць заўзятар з Латвіі Айварс Саўскайс:

Айварс Саўскайс


«Ведаеце, гэта нармальна. Прыдуркаў усялякіх хапае, а гэта наша бясьпека. Паедзьце ў Ізраіль, паспрабуйце ў якую-небудзь краму зайсьці, і вы такую ж самую праверку пройдзеце, абсалютна. Дзякуючы гэтаму там народ адгароджаны ад многіх непажаданых эксцэсаў. А навошта тут вашай краіне нейкія надзвычайныя здарэньні? Прыцягнецца які дэбіл, нешта ўтворыць, а ўвесь нэгатыўны адбітак адразу ляжа на краіну. Зразумела, гэтага ніхто ня хоча, таму такі і агляд».

Карэспандэнт: «У прынцыпе, да „абмацваньня“ ставіцеся спакойна?»

«Ну так, гэта нармальна, так павінна быць. Мы неяк былі ў Яраслаўлі на выязным матчы рыскага „Дынама“ зь „Лякаматывам“, і ў той жа час там гуляў у футбол „Спартак “ з „Шыньнікам“. Гэтых спартакаўскіх „гастралёраў“ быў поўны Яраслаўль, „Макдональдс“ быў заклеены адным „Спартаком“. Гульні пачаліся прыблізна адначасова, дык АМАП, які ахоўваў наш гасьцявы сэктар, раптам зьняўся і некуды паляцеў. Мы яшчэ пераглянуліся — нармальна, відаць, бавяцца фанаты на стадыёне. Толькі пры канцы трэцяга пэрыяду ахоўная фірма прыслала людзей, бо паводле статуту КХЛ трэба сачыць, каб госьці не ўчынілі скандал. А на футболе рэальна ёсьць што кантраляваць, яны і пэтарды паляць, і крэслы ламаюць. Ненармальныя».

Перад пунктамі пропуску натоўп

Усіх заўзятараў фіксуюць на відэакамэры

Шумны «нарвэскі сэктар»

За 10 першых дзён спаборніцтваў запаўняльнасьць хакейных арэнаў яшчэ ніводнага разу не дасягнула аншлягу. Гэта пры тым, што Аляксандар Лукашэнка запэўніваў чыноўнікаў Міжнароднай фэдэрацыі хакею: адметнасьць менскага чэмпіянату ў тым, што на трыбунах ня будзе ніводнага пустога месца. Аднак разьмяркоўваньне запрашальнікаў па працоўных калектывах саслужыла дрэнную службу — бальшыня ўладальнікаў дармовых квіткоў палічыла за лепшае скарыстаць адгул у іншых мэтах.

Малалікія заўзятары францускай зборнай


Няма цікавасьці да асобных матчаў і з боку журналістаў — на згаданым паядынку паміж французамі і нарвэсцамі мэдыяцэнтар практычна пуставаў. У той жа час шэраг СМІ, уключна з Радыё Свабода, атрымалі адмову ў акрэдытацыі на чэмпіянат сьвету на падставе «надзвычай высокага журналісцкага інтарэсу» да першынства.

Каманды дзякуюць гледачам