Узброеныя людзі захопліваюць новыя адміністрацыйныя будынкі ў Данбасе. Міліцыя і СБУ ня здольныя спыніць новую хвалю сэпаратызму.
Славянск
У 140-тысячным горадзе Славянск Данецкай вобласьці ўзброенымі сэпаратыстамі з вайсковай выпраўкай захопленыя будынкі міліцыі і СБУ. Дарогі з горада перакрылі блёк-пасты з узброеных да зубоў «зялёных чалавечкаў. Мэр горада Нэля Штэпа падтрымала сэпаратыстаў і заявіла пра падрыхтоўку рэфэрэндуму.
«Мы будзем праводзіць рэфэрэндум. Тое, што адбываецца ў нас, кажа пра тое, што ўладам Украіны неабходна задумацца... У горадзе 92 % прадпрыемстваў працуе з Расеяй і для нас важныя партнэрскія адносіны з гэтай краінай. Славянск лічыць Расею сваім старэйшым братам, мы — Данбас і расейцы — родныя па крыві і мы ня будзем ваяваць з Расеяй», — адзначыла Штэпа ў інтэрвію расейскаму тэлеканалу LifeNews.
Захоп міліцыі ў Славянску
Ўзброеныя людзі, якія захапілі ў суботу раніцай будынак райадзьдзела міліцыі ў Славянску зрабілі гэта дзеля зброі. Як паведамляе прэсавая служба МУС Украіны, цяпер у будынку знаходзяцца каля 20 узброеных мужчын, якія назваліся ініцыятыўнай групай так званай Данецкай рэспублікі.
«Мэта захопу — зброя. У дзяжурнай частцы было 20 аўтаматаў, больш за 400 пісталетаў Макарава, а таксама боепрыпасы да іх. Ніякіх канкрэтных умоў зламысьнікі не вылучаюць. Зброю раздаюць ўдзельнікам мітынгу, які праходзіць у Славянску», — гаворыцца ў паведамленьні.
Пазьней прыйшло паведамленьне аб захопе ў Славянку і ўправы СБУ.
Данецк
Кіраўнік міліцыі Данеччыны сышоў у адстаўку, яго намесьнік хоча супрацоўніцтва з прарасейскімі актывістамі.Кіраўнік ГУ МУС Украіны ў Данецкай вобласьці Канстанцін Пажыдаеў падаў у адстаўку. Пра гэта ён заявіў пасьля перамоваў з сэпаратыстамі, якія днём прыбылі ў будынак абласнога ўпраўленьня міліцыі. Разам з тым ягоны намесьнік падпалкоўнік Андрэй Аносаў паведаміў, каб прымае абавязкі кіраўніка абласной міліцыі.
Аносаў адзначыў, што не супраць, каб мітынгоўцы ўдзельнічалі ў ахове будынка ўпраўленьня МУС і навакольнага тэрыторыі, але папрасіў, каб тыя не перашкаджалі міліцыянтам ажыцьцяўляць свае прафэсійныя абавязкі.
«З дазволу людзей, якія вялі перамовы, я завяду ўнутр спэцпадраздзяленьне, якое не выконвае злачынных загадаў. Яны возьмуць пад ахову пакой зброі. Управа МУС будзе працаваць у поўным аб’ёме на падтрымку людзей», — сказаў Аносаў.
Пад управай супрацоўнікі міліцыі стаяць з георгіеўскімі стужкамі.
“Беркут” перайшоў на бок сэпаратыстаў
Прэсавая служба міліцыі абвяргае, што будынак захоплены сэпаратыстамі.
Як перадае карэспандэнт Радыё Свабода, пратэстоўцы зараз знаходзяцца як унутры будынка, так і вакол, але міліцыянтаў адтуль ніхто не выцясьняў.
В.а. прэзыдэнта Ўкраіны вызваліў ад пасады кіраўніка ўправы СБУ ў Данецкай вобласьці.
Краматорск
Як паведаміў тэлеканал 1+1, управа міліцыі захопленая ў іншым буйным горадзе Данецкай вобласьці Краматорску. У Чырвоным Лімане жыхарам горада ўдалося не дапусьціць да будынку міліцыі групу ўзброеных дывэрсантаў.
Рука Масквы, — экспэрт
Экстрэмісцкія акцыі ў паўднёва-ўсходніх рэгіёнах Украіны ініцыююцца і кіруюцца сеткай каардынатараў Галоўнага разьведвальнага ўпраўленьня Генштаба Ўзброеных сіл Расеі. Пра гэта заявіў кіраўнік Цэнтра ваенна-палітычных дасьледаваньняў Дзьмітрый Тымчук напісаў на сваёй старонцы ў Facebook.
Паводле яго слоў, у пляне расейскага боку — заявіць аб адсутнасьці кантролю за сытуацыяй ва Ўкраіне з боку ўкраінскай улады, а таксама аб яе нелегітымнасьці ў вачах значнай часткі насельніцтва".
Зь мінулай нядзелі ахопленымі застаюцца будынкі абласной дзяржаўнай адміністрацыі Данецкай вобласьці і СБУ Луганскай вобласьці.
На 21 гадзіну прызначаная тэрміновае пасяджэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны для прыняцьця рашэньня аб сытуацыі на Данеччыне.