Хакейны чэмпіянат як нагода для (нефармальнай) эўраінтэграцыі

У Брусэлі стаў вядомы дакумэнт з новымі прапановамі адносна палітыкі Ўсходняга партнэрства, які будзе абмяркоўвацца міністрамі замежных справаў Эўразьвязу 10 лютага.
Дакумэнт уключае ідэю «эўрапейскага пакету» як наступнага кроку ў збліжэньні з усходнеэўрапейскімі дзяржавамі-партнэрамі, які мае пайсьці далей, чым цяперашнія пагадненьні аб асацыяцыі. Але і гэты дакумэнт нічога ня згадвае пра пэрспэктывы паўнавартаснага сяброўства Азэрбайджану, Армэніі, Беларусі, Грузіі Малдовы ці Ўкраіны ў Эўразьвязе.

«Эўрапейскі пакет», на думку распрацоўшчыкаў дакумэнту, павінен уключаць больш радыкальныя прапановы адносна спрашчэньня візавага рэжыму і павелічэньня мабільнасьці людзей паміж Эўразьвязам і яго суседзямі ды шырэйшага ўдзелу грамадзянаў з краінаў Усходняга партнэрства ў праектах ЭЗ.

Адносна Ўкраіны дакумэнт адзначае, што Брусэль павінен падкарэктаваць сваю палітыку «ў сьвятле апошніх падзей», але не дае ніякіх дэталяў.

Адносна Малдовы і Грузіі аўтары дакумэнту рэкамэндуюць палітыкам ЭЗ зрабіць усё магчымае, каб падпісаць дамовы аб асацыяцыі з гэтымі краінамі да канца жніўня сёлета.

Беларусь у кантэксьце рэкамэндацый згадваецца ў пункце 19 гэтага дакумэнту, разам з Азэрбайджанам:

«Выкарыстоўваючы нефармальныя кантакты ды пазытыўную ўвагу і падзеі ў бліжэйшай будучыні (чэмпіянат сьвету па хакеі ў Беларусі; старшынёўства Азэрбайджану ў Радзе Эўропы ў траўні-лістападзе 2014), схіліць Азэрбайджан і Беларусь зрабіць станоўчыя крокі адносна палітычных вязьняў дзеля паляпшэньня адносін з ЭЗ».

Сьціпласьць прапановаў і спадзяваньняў Брусэлю адносна Беларусі перагукаецца з высновамі амэрыканскага аналітычнага цэнтру Stratfor наконт малой імавернасьці пераменаў у Беларусі ў бліжэйшым часе. У сваім нядаўнім аналізе сытуацыі ў Беларусі амэрыканскія аналітыкі адзначылі:

«Нягледзячы на дзясяткі і сотні тысяч дэманстрантаў у суседняй Украіне, у Беларусі амаль не назіраецца празаходняя пратэстная актыўнасьць. Апошняя значная дэманстрацыя апазыцыі ў Беларусі мела месца пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у сьнежні 2010 годu. Сілы бясьпекі хутка расправіліся з гэтым пратэстам, які потым ніколі не аднавіўся ў нейкім значным памеры (хоць той разгон выклікаў санкцыі з боку Эўразьвязу і ЗША, якія яшчэ больш ізалявалі Беларусь ад Захаду). Пасьля гэтага адзіны значны пратэст у краіне быў выкліканы фінансавым крызысам у 2011 годзе, але эканамічная сытуацыя палепшылася дзякуючы фінансавай падтрымцы Расеі. Паколькі новыя прэзыдэнцкія выбары пройдуць не раней чым пад канец 2015 году, малаверагодна, што Беларусь зазнае істотную палітычную нестабільнасьць у бліжэйшай будучыні, калі не адбудзецца ніякіх новых эканамічных узрушэньняў. Таму ня трэба чакаць, што Захад можа дабіцца нейкага прагрэсу ў адносінах зь Беларусьсю. Краіна застанецца па-за рамкамі змаганьня Эўразьвязу з Расеяй, якое ўзмацнілася ва Ўкраіне і ў іншых краінах рэгіёну. У найлепшым выпадку Беларусь можа паслужыць у якасьці пляцдарму для далейшага расейскага ўплыву на рэгіён – асабліва ў сфэры бясьпекі – у тым выпадку, калі Масква адчувае неабходнасьць рэагаваць на нейкія магчымыя крокі Захаду ва Ўкраіне або іншых месцах».