Карыстальнікі сеціва прапануюць зладзіць флэш-моб на здымках фільма «Авэль».
«1-га лютага Беларусьфільм зьбіраецца нагнаць на Кастрычніцкую плошчу 4000 чалавек масоўкі да 21.00. Прапануем туды прыйсьці і ў 22.00 пачаць усім рабіць зарадку/разьмінку, прычым чым арыгінальней і дурней будуць вашы рухі цела — тым лепш! У 22.15 усе дружна заканчваем і разыходзімся па дамах»,— паведамляе суполка «Стоп-кіно».
У Менску стартавалі здымкі кінапраекту «Авэль».
Фільм распавядае пра падзеі сьнежня 2010, калі ў Менску разагналі акцыю пратэсту супраць фальшаваньня вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў.
Паводле kp.by, здымкі ў цэнтры Менска будуць праходзіць 30, 31 студзеня і 1, 2 лютага.
- 30 студзень — з 19.00 да 7.00, Дом Урада (плошча Незалежнасьці) — удзельнічаюць 500 чалавек.
- 31 студзеня — з 22.00 да 5.00, Кастрычніцкая плошча — удзельнічаюць 500 чалавек.
- 1 лютага — з 21.00 да 1.00, Кастрычніцкая плошча + праспэкт Незалежнасьці — удзельнічаюць 4000 чалавек.
- 2 лютага — з 21.00 да 1.00, Дом Ураду — удзельнічаюць 4000 чалавек.
Фільм здымае прадусарскі цэнтар «Нонстоп Мэдыя».