Як захаваць нябожчыка сьвежым?

Забальзамаваная мумія Леніна

Сьмерць прэзыдэнта Вэнэсуэлы Уга Чавэса, акрамя вострага палітычнага пытаньня пра далейшы лёс ягонай краіны, зноў узьняла ня менш вострае мэдычна-навуковае пытаньне: Як захаваць цела нябожчыка ад распаду, калі яно будзе выстаўленае на агляд усіх грамадзянаў на працягу тыдня, а потым стане экспанатам у музэі?

Захаваньне на кароткі тэрмін


Віцэ-прэзыдэнт Вэнэсуэлы Нікалас Мадура заявіў, што труна з Чавэсам будзе тыдзень часу даступная для ўсіх для разьвітаньня, а потым цела былога прэзыдэнта, забальзамаванае «як Ленін і Мао Цзэдун», спачыне «навечна» ў Музэі рэвалюцыі.

Што на тэму гніеньня і бальзамаваньня мёртвага цела кажа навука?

Распад цела пачынаецца адразу пасьля спыненьня біцьця сэрца. Кровазварот спыняецца і кроў застывае, прыдаючы скуры фіялетавае адценьне. Пасьля некалькіх гадзін цела карчанее. У целе пачынаецца працэс самазьнішчэньня – распадаюцца сьцены клетак, вытвараючы стрававальныя фэрмэнты, якія нішчаць клетку дашчэнту. Адначасова аэробныя бактэрыі «зьядаюць» увесь кісларод у трупе ды паміраюць, пакідаючы поле для анаэробных бактэрый, якія пачынаюць «зьядаць» вадкасьці і тлушч, вытвараючы трупныя газы ды кіслоты і разьдзімаючы труп.

Кароткатэрміновае бальзамаваньне нябожчыка, якое выкарыстоўваецца ў пахавальных бюро, палягае наогул на адпампаваньні крыві ды іншых вадкасьцяў зь цела ды ўвядзеньні ў артэрыі адмысловага раствору (ягонымі тыповымі складнікамі зьяўляюцца фармалін і мэтанол) з чырвоным фарбавальнікам, які надае скуры нябожчыка «болей жывое» адценьне.

Доўгатэрміновае захаваньне


Віцэ-прэзыдэнт Нікалас Мадура сказаў, што Чавэс будзе забальзамаваны «як Ленін». Нагадаем, што Ленін памёр у 1924 годзе і ўжо амаль 90 гадоў ляжыць у маўзалеі «як жывы». Тут, зразумела, патрэбны іншы падыход, чым у пахавальным бюро.

Але аказваецца, што доўгатэрміновае бальзамаваньне не адрозьніваецца прынцыпова ад кароткатэрміновага. І тут, і там істотным складнікам раствору, які ўводзіцца ў артэрыі нябожчыка, зьяўляецца алькаголь. Але алькаголь наогул мае схільнасьць хутка выпарвацца, што можа прывесьці да высыханьня цела. Таму ўзровень вільготнасьці ў памяшканьні, дзе захоўваецца мумія, павінен быць досыць высокі, каб гэта прадухіліць. Але высокая вільготнасьць прыцягвае ўсялякую шкодную немарасьць – плесьню, мох, бактэрыі – якая любіць размнажацца ў сырым асяродзьдзі. Захаваньне забальзамаванага цела – гэта, па сутнасьці, утрыманьне адпаведнага балянсу паміж вільготнасьцю асяродзьдзя і схільнасьцю нежывых тканак да высыханьня.

Савецкі біяхімік Ільля Збарскі, які займаўся захаваньнем муміі Леніна, сказаў Бі-Бі-Сі ў 1999 годзе, што твар і рукі былога правадыра Кастрычніцкай рэвалюцыі раз на тыдзень змочвалі адмысловым растворам, а раз на год маўзалей закрывалі і пагружалі ўсю мумію ў такім самым растворы.

Больш сучасны мэтад – плястынацыя


У 1977 годзе нямецкі анатам Гюнтэр фон Гагенс распрацаваў мэтад захоўваньня чалавечага цела пасьля сьмерці, які атрымаў назву плястынацыі. У адным газэтным інтэрвію фон Гагенс так апісаў гэты мэтад:

«Калі я разглядаў чалавечыя прэпараты, залітыя палімэрамі, мне прыйшла ў галаву ідэя насыціць прэпараты біяпалімэрам пры дапамозе вакуўму. Дзеля гэтага прэпарат спачатку трэба пагрузіць у ледзяны ацэтон. Калі ў выніку дыфузіі вада ў тканках заменіцца ацэтонам, рэчыва трэба пагрузіць у біяпалімэр. Ацэтон вакуўмным спосабам адпампоўваецца, і яго месца ў тканках запаўняецца сыліконам. Пасьля гэтага з рэчывам можна працаваць як з мастацкім матэрыялам».

Плястынацыя выкарыстоўвалася ў выпадку сусьветна вядомай выставы «Bodies», на якой унутраныя чалавечыя органы і сыстэмы прэзэнтаваліся ў распалавіненых целах, захаваных якраз мэтадам фон Гагенса.