МІНІСТЭРСТВА ІНФАРМАЦЫІ АДНАВІЛА РЭГІСТРАЦЫЮ НЕДЗЯРЖАЎНАЙ ГАЗЭТЫ “ДЕНЬ”

Альгерд Невяроўскі, Менск

Загад пра ануляваньне ранейшага рашэньня Міхаіла Падгайнага падпісаў 25 жніўня намесьнік міністра інфармацыі Станіслаў Нічыпаровіч. Чыноўнікам спатрэбіўся амаль месяц, каб скасаваць незаконнае рашэньне.

Гаворыць галоўны рэдактар выданьня Генадзь Барбарыч:

(Барбарыч: ) “Я гэтае рашэньне, зразумела, вітаю. Хаця тое, што яны амаль месяц не маглі разгледзець элемэнтарнае пытаньне — у мяне выклікае абурэньне. Закрыць газэту было вельмі лёгка, “адным махам пяра”, як кажуць. І вось амаль месяц газэта была ў “прастоі”. Зразумела тут і матэрыяльныя, і маральныя страты. Бо мы гэты месяц маглі б выходзіць, а нас няма… Нас зноў забываюць. Тым больш крыўдна, што гэта здарылася з нумарам, прысьвечаным Васілю Быкаву. Мы меркавалі распаўсюдзіць газэту на саракавіны ягонай сьмерці. А тут вось зрабілі нам дадатковыя вялікія цяжкасьці рукамі Міністэрства інфармацыі”.

Кіраўнік управы рэгістрацыі выданьняў Міністэрства інфармацыі Віктар Гурэцкі патлумачыў гэта неразваротлівасьцю “бюракратычнай машыны”. Маўляў, папярэдні міністар — Падгайны сышоў, новы — Русакевіч толькі прыйшоў і гэтак далей. Але дадаў, што чыноўнікі вырашылі пытаньне цягам месяцу, як таго й патрабуе закон.

Нагадаю, што Міхаіл Падгайны, незадоўга перад сваёй адстаўкай, 28 ліпеня, падпісаў загад пра скасаваньне рэгістрацыйнага пасьведчаньня газэты “День”. Нібыта на той падставе, што выданьне не выходзіць з 26 ліпеня 2002 году, ці цэлы каляндарны год. Хаця абноўленая рэдакцыя “Дня” выпусьціла апошні нумар газэты 23 ліпеня 2003 году. Міністэрскія чыноўнікі сьцьвярджаюць, што гэтага нумару газэты, прысьвечанага памяці Васіля Быкава, ня бачылі, таму загад на ліквідацыю і быў падпісаны. А вось цяпер, маўляў, памылку заўважылі ды аднавілі справядлівасьць.

У рэдакцыі ж “Дня” перакананыя, што ўсё чыноўнікі ведалі, але проста ёсьць загад пры магчымасьці ліквідаваць любыя недзяржаўныя дэмакратычныя мэдыі.

Галоўны рэдактар газэты Генадзь Барбарыч перакананы, што з аднаўленьнем пасьведчаньня рэгістрацыі праблемы ягонага выданьня ня скончацца. На ягоную думку, улады будуць перашкаджаць і друкаваць, і распаўсюджваць газэту. Тым ня менш, ён спадзяецца, што новы нумар, які рыхтуецца пераважна сіламі былых супрацоўнікаў ліквідаванай ўладамі гарадзенскай “Пагоні”, выйдзе праз 2-3 тыдні.