Харэўскі: Ідэалы «Майстроўні» — гэта якраз тое, чаго люта бракуе ў нашы цяжкія дні

Сяргей Харэўскі

Сяргей Харэўскі

У Менску 5 і 6 ліпеня пройдуць прэзэнтацыі новай кнігі Бібліятэкі Свабоды «Майстроўня. Гісторыя аднаго цуду» — пра першае публічнае аб’яднаньне моладзі новага часу (1980).
Сваё меркаваньне пра новае выданьне выказвае адзін з герояў кнігі Сяргей Харэўскі:

«Гэта абсалютна ўнікальны праект у нетрах нашай беларушчыны. Нам люта бракуе падобных ініцыятыў і такіх кніг.

Вось гэтыя ідэалы, якія цьвелілі нас 25 гадоў назад, тых, хто хадзіў у „Майстроўню“, — рамантычныя, узьнёслыя, ідэалістычныя, — гэта якраз тое, чаго нам люта бракуе ў нашы няпростыя і цяжкія дні. Таму гэта ўзорны праект, і, канечне, гэта падарунак нам, тым, хто ў нейкай ступені быў датычны да „Майстроўні“. Але перадусім гэта велізарны падарунак беларушчыне — маладзейшаму, сёньняшняму пакаленьню юнакоў, якія сумняюцца ў слушнасьці абранага шляху.

Гэтая кніга, мне падаецца, найперш павінна быць цікавай цяперашняй моладзі — новай генэрацыі беларускіх адраджэнцаў. Віншую Сяргея і ўсіх нас з выданьнем гэтай кнігі».