Ужо выходныя, 16-17 чэрвеня: кангрэс Асамблеі НДА ў Менску, выбары ў Грэцыі

Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.
НАДВОР'Е:

Тэрмомэтры пакажуць да +25. У суботу — хмарна, у нядзелю сонечна, але з кароткімі дажджамі.
НЕ ПРАПУСЬЦІЦЕ:

16 чэрвеня — у эфіры Свабоды онлайн-канфэрэнцыя з праваабаронцам Алегам Воўчакам, у перадачы «Гамбурскі рахунак Бахарэвіча» эсэ пра Міхася Стральцова.

17 чэрвеня — перадача «Праскі акцэнт». Мовазнаўца і палітык Вінцук Вячорка, дацэнт катэдры гісторыі беларускай мовы БДУ Сяргей Запрудзкі і вядучы сацыёляг лябараторыі «Новак» Надзея Яфімава абмяркоўваюць зь Юрыем Дракахрустам, ці можна лічыць беларусамі тых, хто называе сваёй роднай рускую мову? Якія межы і магчымасьці дзяржаўнай моўнай палітыкі?
У БЕЛАРУСІ І СЬВЕЦЕ:

16 чэрвеня

У Менску — кангрэс Асамблеі недзяржаўных арганізацыяў. Прадстаўнікі амаль 200 няўрадавых арганізацыяў абмяркуюць праблемы грамадзянскай супольнасьці і далейшыя шляхі разьвіцьця няўрадавага сэктару краіны.

У Осла — Нобэлеўская ляўрэатка Аўн Сан Су Чжы выступіць з нобэлеўскай лекцыяй.

У Шанхаі — адкрыцьцё міжнароднага кінафэстывалю

На Эўра-2012 гуляюць Чэхія з Польшчай у Вроцлаве, Грэцыя з Расеяй у Варшаве.

17 чэрвеня

Парлямэнцкія выбары ў Грэцыі

Сусьветны дзень барацьбы з апустыньваньнем і засухай

На Эўра-2012 гуляюць Партугалія зь Нідэрляндамі ў Харкаве, Данія зь Нямеччынай у Львове.

* * *

Паважаныя наведнікі сайту! Дапамажыце больш поўна прадставіць беларускі дзень — дашліце інфармацыю пра плянаваныя падзеі, якія будуць цікавыя нашым чытачам, на адрас svaboda@rferl. org.
ТАКСАМА Ў ГЭТЫ ДЗЕНЬ

16 чэрвеня

1664 — Войска гетмана Міхала Казіміра Паца перамагло маскоўскае войска пад Віцебскам.

1993 — Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь прыняў Закон «Аб праве ўласнасьці на зямлю».

17 чэрвеня

1649 — Разгром войскамі гетмана Януша Радзівіла 7-тысячнага атрада ўкраінскіх казакоў і паўстанцкіх сялян каля Загальля на Прыпяці (цяпер Хойніцкі р-н).
.
1793 — У Гродне пачаўся апошні сэйм Рэчы Паспалітай, які зацьвердзіў другі падзел Рэчы Паспалітай і прыняў новую Канстытуцыю.

1890 — У Менску адкрыўся новы гарадзкі тэатар. Цяпер у ім месьціцца Нацыянальны драматычны тэатар імя Янкі Купалы

1934 — Адбыўся нелегальны зьезд Таварыства Беларускай Школы.

У гэтыя дні нарадзіліся:

16 чэрвеня


1827 — Пятро Бяссонаў, гісторык і фальклярыст

1834 — Аляксандар Ельскі, гісторык, этнограф, краязнавец, пісьменьнік, перакладчык, публіцыст.

1897 — Аляксандар Шлюбскі, літаратуразнавец, этнограф, фальклярыст, бібліёграф.

У гэты дзень памерлі:

16 чэрвеня

1928 — Эдвард Вайніловіч, гаспадарчы і палітычны дзеяч, мэмуарыст.

1955 — Васіль Рагуля, грамадзка-культурны дзеяч, пасол польскага сэйму, пэдагог, дзеяч эміграцыі ў Нямеччыне, Бэльгіі і ЗША.

1999 — Мікола Нікан, настаўнік, вайсковец, дзеяч эміграцыі ў Вялікабрытаніі і Аўстраліі.

17 чэрвеня

1696 — кароль Рэчы Паспалітай і вялікі князь літоўскі Ян ІІІ Сабескі

1938 — у Омску расстраляны Аркадзь Смоліч, дзеяч Беларускай Народнай Рэспублікі, вучоны ў галіне эканомікі і сельскай гаспадаркі, географ, картограф.

1954 — у ссылцы ў Сібіры памёр Барыс Мікуліч, пісьменьнік, вязень ГУЛАГу.
ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:

Дваранскія выбары (50–60-я гг. XIX ст. у Менску) ...адбываліся ў доме сакратара губэрнскага старшыні дваранства Гаўсмана, які дзеля гэтага пабудаваў прыгожую камяніцу ў сквэры, а сродкі для гэтага ўзяў ад дробнай шляхты, пераважна хадачковай, якую розныя царскія ўказы істотна закраналі і якую праз адсутнасьць дакумэнтаў для доказу дваранства запісвалі ў катэгорыю людзей «ападаткаванага саслоўя», што пагражала ім рэкруцкай павіннасьцю і іншымі цяжарамі. Таму кожны з іх зьбіраў апошні грош і ўціскаўся ў канцылярыю камісіі, якая займалася справамі доказу дваранства, а Гаўсман заўсёды ўмеў у архівах палазіць альбо прыпісаць да ўжо зацьверджаных у дваранстве радоў.
Эдвард Вайніловіч
ГОД ТАМУ Ў ЗАГАЛОЎКАХ НА САЙЦЕ СВАБОДЫ:

Аўтуховіча загадалі пакараць за зьмешчанае на сайце «Свабоды» фота?

Мікіта Ліхавід чацьвёрты раз у карцэры

Дашкевіча адправяць у калёнію ў Горкі, Лобаў ужо ў Івацэвічах