Вар'яцтва Брэйвіка зноў пад пытальнікам

Андэрс Брэйвік

У Нарвэгіі экспэрты прызналі псыхічна здаровым Андэрса Бэрынга Брэйвіка, які ўзяў на сябе адказнасьць за падвойны тэракт 22 ліпеня, ахвярамі якога сталі 77 чалавек. Гэты дыягназ супярэчыць судовай экспэртызе, якая ў лістападзе прызнала Брэйвіка хворым на паранаідальную шызафрэнію.

Паводле нарвэскага заканадаўства, злачынца, прызнаны псыхічна нездаровым, ня можа быць асуджаны на турэмнае зьняволеньне. Замест гэтага яму можа быць прызначана псыхіятрычная тэрапія.

Адміністрацыя турмы ў горадзе Іла, дзе цяпер знаходзіцца Андэрс Брэйвік, у сваю чаргу запрасіла экспэртную групу ў складзе трох нарвэскіх псыхолягаў і аднаго псыхіятра, каб вызначыць, ці патрэбныя абвінавачанаму лекі і паслугі псыхіятра падчас яго дасудовага зьняволеньня. З вынікаў дасьледаваньня экспэрты ня толькі адпрэчылі патрэбу ў мэдыкамэнтозным лячэньні, але і дэ-факта аспрэчылі дыягназ судовай экспэртызы, заявіўшы, што зьняволены на псыхічныя расстройствы не хварэе.

Пракурор Свэйн Гольдэн паведаміў нарвэскай тэлевізіі, што абнародаваныя сёньня вынікі турэмнай экспэртызы будуць перададзеныя ў суд, які займаецца справай Брэйвіка. Ці пагодзіцца суд перагледзець вынікі судовай экспэртызы, невядома.