Гэтым разам старыя знаёмцы ды ідэйныя апанэнты размаўляюць пра прыгоды ў Беларусі дзяўчат з FEMEN ды на іншыя актуальныя тэмы.
Your browser doesn’t support HTML5
Грышка:
Ты, Саўка, чуў, што з Украіны дамы
Удзельніцамі сталі страшнай драмы?
Іх нашыя спэцслужбы ў лес вазілі
І катавалі, ледзьве не забілі.
Саўка:
Паслушай, Грышка, эці феміністкі…
Давай з табою лучшэ вып’ем віскі.
Давай па сто, ведзь мы з табой мужчыны!
І лучшэ пасудачым пра машыны.
Грышка:
Ты, Саўка, чуў? Няма ўжо Кім Чэн Іра.
Душа правадыра ляціць у вырай
Ці ў пекла? Як ты думаеш, аміга,
Пазбавіцца народ карэйскі іга?
Саўка:
С Вастокам, как ізьвесна, очэнь сложна,
Паэтаму нам, Грыша, выпіць можна
Тэкілы. Прастаўляю, я заначыў.
Пагаварым пра агарод на дачэ.
Грышка:
Ці чуў ты, Саўка, пра сустрэчу тройцы –
Сярод тых трох таксама і забойцы
Былі. Ну вось, напрыклад, Назарбаеў,
Што ўласных грамадзянаў забівае.
Саўка:
Так “Троіца” – па-мойму, эта група.
Ня група? Грыша, я, вазможна, глупы,
Но, можэт, нам з табою выпіць грапы?
І пра футбол пагаварыць пара бы.
Грышка:
Ці чуў ты, Саўка? Ў Плошчы гадавіну
Ізноў мянты раскручваюць машыну
Рэпрэсіяў, пасадак, затрыманьняў.
А мы? А мы працягваем змаганьне!
Саўка:
Я, Грыша, прэдлагаў цібе праставіць,
А ты ўсё прадаўжаў вапросы ставіць
Рабром. А мне ня нравяца вапросы,
Рыгор, ані мяне пугаюць проста.
Мяне прэдупрэдзіліі на рабоце:
“Ты многа там балтаеш на “Свабодзе”.
Ты, Саўка, не туда куда-та ўлез”.
І намякнулі на паездку ў лес…