Выканаўцы — Нацыянальны акадэмічны народны аркестар імя Жыновіча, Дзяржаўны камэрны хор Рэспублікі Беларусь, фольк-тэатар «Госьціца», артысты і майстры беларускай сцэны. Некаторыя перадпрэм’ерныя таямніцы мюзыкла аўтар ідэі і кампазытар Ларыса Сімаковіч распавядае ў інтэрвію Валянціне Аксак.
Адна з вакальных арый галоўнага пэрсанажа прэм’ернага спэктаклю — Музыкі. У ягонай ролі Ян Жанчак.
Your browser doesn’t support HTML5
Мюзыкал — на першы погляд даволі нечаканы жанр для сцэнічнага ўвасабленьня паэзіі Максіма Багдановіча. Аднак кампазытар Ларыса Сімаковіч ня згодная з такім успрыманьнем.
«Мюзыкал — гэта гісторыя, распаведзеная музычнай мовай, даволі драматычная, а часам нават трагічная. Узгадайце „Нотр-Дам дэ Пары“, „Рамэа і Джульету“ — гэта я называю з апошніх пастановак, якія прайшлі па ўсёй Эўропе. Наколькі яны забаўляльныя, а наколькі — з выкладаньнем вечных ісьцін?»
У аснову свайго мюзыкла спадарыня Сімаковіч паклала адзін з самых складаных твораў Багдановіча — «Апокрыф». Чым жа ён яе прывабіў?
Ларыса Сімаковіч не ўпершыню зьвяртаецца да твораў нацыянальнага паэтычнага генія. Два гады таму на сцэне Белдзяржфілярмоніі ўжо была прадстаўленая яе містэрыя «Дзень Максіма Багдановіча». Там былі песьні, зьвязаныя драматургічна між сабой у адну тэатральную дзею. Гэтым разам задача перад кампазытаркай стаяла больш складаная, і спадарыня Сімаковіч перакананая, што ёй удалося стварыць унікальны твор, да якога яна напісала ня толькі музыку, але і лібрэта:
«„Апокрыф“ — абсалютна аўтаномны твор, абсалютна ўся музыка аўтарская, арыгінальная. Нічога раней вы ня чулі».
А пачуеце ў мюзыкле Хрыста, апосталаў Пятра і Юр’я, Гаспадара, Народ і ягоную душу і красу — Музыку.