Новы фільм пра Ўладзімера Караткевіча

26 лістапада, у дзень народзінаў Уладзімера Караткевіча, будзе прэзэнтаваны новы фільм, прысьвечаны клясыку беларускай літаратуры. Дакумэнтальную стужку пад назовам "Уладзімер Караткевіч: "Як сканаю – душа застанецца" зьняў рэжысэр Віктар Корзун.

Аўтар кажа, што ягоная новая стужка распавядае ня столькі пра аднаго з самых папулярных айчынных літаратараў другой паловы мінулага стагодзьдзя, колькі пра пакаленьне, якое выгадавалася пад уплывам твораў Караткевіча. У цэнтры ўвагі здымачнай групы – канфлікт паміж вобразам Беларусі, створанай Караткевічам, і Беларусьсю, у якой цяпер жывуць героі фільму. Сярод іншых у стужцы — сталыя і маладыя паэты Рыгор Барадулін, Андрэй Хадановіч, Антось Рудак, барды Андрэй Мельнікаў, Кася Камоцкая і Алесь Камоцкі, мастак Алесь Марачкін, скульптар Гэнік Лойка, філёзаф Валянцін Акудовіч, перакладчык Васіль Сёмуха, літаратуразнаўца Адам Мальдзіс, журналісты Сьвятлана Курс і Вітаўт Мартыненка.

Прэзэнтацыя новай стужкі адбудзецца ў кнігарні "логвінаЎ" (праспэкт Незалежнасьці, 37а) а 19-й.