Марачкін: “Пэрформансаў ня будзе, але “Сьцяну” з турэмным краявідам я вывесіў”

Алесь Марачкін

І цяпер пытаньне, ці захаваецца гэтая ды яшчэ некаторыя працы з вострай злабадзённасьцю ў экспазыцыі, якая 9 лістапада ўвечары мае адчыніцца ў сталічным Палацы мастацтва. Выстава “Лёгіка рубэройду” рэтраспэкцыйная ды прымеркаваная да сямідзесяцігодзьдзя мастака.

Аўтар сабраў у экспазыцыю ўсе свае працы, пачынаючы ад студэнцкіх, якія выяўляюць ня згодны зь ідэалягічнымі ўстаноўкамі былой ды цяперашняй улады ягоны творчы прынцып. А ён у спадара Марачкіна нязьменны: мастак мусіць даступнымі яму выяўленчымі сродкамі ды сілай прыроднага таленту казаць праўду жыцьця. Таму тут і “Смаленьне чорнага кабана” з атмасфэрай змрочных савецкіх часін, і партрэт мастака-адраджэнца Яўгена Куліка з нацыянальным сьцягам, і подзьвігі легендарнага Мірона, і “Сьцяна” з турэмным краявідам ды надпісамі на ёй з патрабаваньнем вызваліць палітвязьняў.

Выстава Алеся Марачкіна будзе доўжыцца да 20 лістапада, а вось ці ўсе творы ацалеюць у экспазыцыі, мастак ня ўпэўнены. Хоць напярэдадні адмысловая камісія з прадстаўнікоў Саюзу мастакоў і Міністэрства культуры ўжо глядзела выставу.

“Я папярэдзіў кіраўнікоў Саюзу мастакоў Сержука Цімохава, Уладзімера Савіча і Рыгора Сітніцу, што калі толькі здымуць гэтыя работы, каторыя мы ўжо паглядзелі і пагадзіліся, каб былі – “Мірон”, “Яўген Кулік”, іранічная праца на тэму саюзу Беларусі й Расеі і “Сьцяна”, якую яны зьнялі з папярэдняй выставы – то канфлікт будзе. Пакуль ціха, але ўсякае можа быць, хоць я й вырашыў ніякіх пэрформансаў на адкрыцьці ня ладзіць. Але я сказаў ім, што я чалавек публічны, і калі нешта з выстаўленага будзе зьнятае з выставы, то канфлікт будзе непазьбежны”.