"Аўтобуса ня будзе. Каго там вазіць – адны старыя!"

З 1-га лістапада рэзка падвышаюцца тарыфы на праезд у прыгарадных аўтобусах. Паводле дадзеных Міністэрства транспарту і камунікацый, у сярэднім за кілямэтар трэба будзе плаціць амаль 230 рублёў (на 100 рублёў больш, чым раней). Яшчэ больш падаражэе праезд у хуткасных, экспрэсных й дадатковых аўтобусных маршрутах.

Пры гэтым колькасьць аўтобусных маршрутаў у Беларусі за апошні час зьменшылася да 4,5 тысячы. Іх цяпер на 500 менш, чым на пачатку 2000-х гадоў.

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


У школьныя вакацыі на тыдзень адмяняюць шэраг аўтобусных рэйсаў

Дзяжурная па Шчучынскай аўтастанцыі спадарыня Валянціна распавядае, што вельмі шмат рэйсаў адбываецца ўсяго два разы на тыдзень, частка — 3—4 разы. А з заўтрашняга дня, у сувязі з школьнымі вакацыямі, шэраг аўтобусных рэйсаў касуюць на цэлы тыдзень.

Спадарыня кажа, што падаражэньня чакаюць, хутчэй за ўсё, з 2 лістапада, бо яшчэ сёньня не атрымлівалі ніякіх указаньняў. Але найбольш людзей хвалюе тое, наколькі падаражэе праезд у прыгарадным транспарце. Вось як прарэагавала спадарыня на тое, што цэны могуць падвысіцца на 80%.

Спадарыня: "Ой… Гэта наагул…"

Карэспандэнт: "Зашмат гэта?"

Спадарыня: "Вядома, як для нас, для Шчучына, то гэта вельмі шмат. Вядома, дорага, бо якія заробкі, а якія цэны…"

"У шпіталь ці паліклініку дабірайся як хочаш"

Спадар Станіслаў зь вёскі Вялікія Яцыны з Астравецкага раёну распавядае, што аўтобус ходзіць да райцэнтру толькі два разы на тыдзень і людзі мусяць падстройвацца пад такі расклад. Праўда, калі трэба тэрмінова даехаць да шпіталя ці ў паліклініку, то, са слоў спадара, людзі дбаюць пра гэта самі.

Спадар: "Ну як дабіраюцца — хто як можа. Каго дзеці давозяць, то яшчэ нейкім чынам — такі дабіраюцца. Сёньня ўжо не па кішэні гэтыя білеты купляць, а як яшчэ на 80% падаражэюць, то, божухна, за што іх будзе купляць? Ідзем да нейкай невядомасьці…".

У Лідзкім раёне сытуацыя з прыгарадным транспартам падобная. Шмат хто, распавядае спадар Іван, імкнецца часьцей да горада дабірацца цягніком, таму што білеты на яго таньнейшыя, чым на аўтобус.

Спадар: "Паздымалі маршруты — маўляў, не даюць прыбытку. Адзін-два разы на тыдзень езьдзяць. У асноўным дызэлем людзі езьдзяць. У каго яшчэ конік ёсьць, то конікам да цягніка падвозяць, то машынай падвязуць на дызэль, каму ісьці далёка".

ВІЦЕБШЧЫНА


Аршанскі аўтапарк № 3 вымушаны адмяняць рэйсы гарадзкіх аўтобусаў. Для горада са статысячным насельніцтвам, дзе няма ні трамваяў, ні тралейбусаў — гэта сапраўдная праблема.

Перадусім адмяняюць рэйсы аўтобусаў ва ўскраінныя раёны прыватнага сэктару, дзе жывуць пераважна пэнсіянэры. Жыхарка раёну "Сельгастэхніка" скардзіцца:

Кіроўцы хочуць звальняцца, бо заробкі малыя ...

"Я во ў мінулыя выходныя адстаяла пасьля лазьні на прыпынку недзе з гадзіну. Цяпер во задыхаюся. Тры аўтобусныя рэйсы не было ў суботу! Кажуць, няма каму працаваць. Кіроўцы хочуць звальняцца, бо заробкі малыя. Стаяць навюткія аўтобусы, дык няма каму езьдзіць. Гэта мне кандуктарка распавяла, якая квіткі прадае".

Раней у Воршы аўтобусы хадзілі па 24-х маршрутах. Некаторыя ўжо адмянілі. Да прыкладу, аўтобус № 4. Цяпер па гэтым маршруце ходзіць толькі маршрутная таксоўка. Вядома, праезд каштуе ўжо не 800 рублёў, а ў паўтара-два разы болей: калі гэта аўтобус ПАЗ , то 1200 рублёў, а калі мікрааўтобус, то 1500.

У аршанскім аўтапарку не хапае 60 кіроўцаў аўтобусаў

Жыхарам Воршы такія навацыі не даспадобы. Аднак праблема пакуль застаецца невырашальнаю, кажа супрацоўніца аўтапарку:

"Так, бо ў нас няма каму працаваць! У кіроўцаў заробак — 780 тысяч, гэта за адну зьмену, 8 гадзін. Іх прымушаюць працаваць у дзьве зьмены і пры гэтым нічога не даплочваюць. І яны сыходзяць. Засталіся адны пэнсіянэры. А хто малады — спрабуюць уладкавацца на маршрутку. Паўсюль рэкляма "патрабуюцца кіроўцы", і ўсё".

У аршанскім аўтапарку цяпер не хапае 60 кіроўцаў, кажа супрацоўніца. Расклад рэйсаў, вывешаны на кожным прыпынку, ужо ня дзейнічае, і ўносіць зьмены работнікі аўтапарку проста не пасьпяваюць, працягвае спадарыня:

"Скотчам заклеілі — і нармальна. Ніхто не глядзіць, каб прыгожа было. І людзі будуць чакаць па дзьве гадзіны, а потым на працу калі ехаць — дык лезуць па нагах, па руках, па галовах — як хочаш. І такія ж перапынкі паміж рэйсамі вялікія! Во я выйшла сёньня на аўтобус да 9-й гадзіны, а яго няма, наступны толькі ў 11.05. Як хочаш, так і едзь!"

Ня лепшая сытуацыя і з прыгарадным транспартам, адзначае актывіст кампаніі "Гавары праўду" Алесь Шутаў. Аршанскія актывісты супольна вывучаюць грамадзкую думку, як палепшыць транспартную сытуацыю. Прапановы прымаюцца на незалежным сайце www.orsha.eu , а таксама ў горадзе праводзіцца апытаньне мясцовых жыхароў, апавёў спадар Шутаў:

"Гэта праблема актуальная як для гарадзкога транспарту, так і для прыгараднага: на аўтавакзале вісяць аб’явы пра адмену таго ці іншага рэйсу. Апытаньне паказала, што людзі патрабуюць, каб аўтапарк, хоць і зь меншай колькасьцю рэйсаў, але выконваў пэўны расклад. А то невядома, будзе рэйс ці не, утвараюцца гадзінныя чэргі, лаянка і гэтак далей".


МАГІЛЁЎШЧЫНА


"Танных рэйсаў больш ня будзе…"

На Магілёўшчыне таксама скарачаюцца аўтобусныя прыгарадныя рэйсы. Скарачэньне называюць аптымізацыяй пасажырскіх перавозак.

У Горацкім раёне жыхары вёскі Аўсянка наракаюць, што ня могуць дабрацца да райцэнтру. Неаднойчы скардзіліся ў райвыканкам, але безвынікова.

"Адказ такі, што няма за што купіць аўтобус. Нядаўна прыяжджаў спэцыяліст з райвыканкаму. Яна сказала, што цяпер распараджэньне такое, што неабходна зьмяншаць рэйсы. Во зіма прыйдзе. А людзям няма на чым ехаць. А ў нас жа аграгарадок, і па статусе ў нас павінна быць сувязь з райцэнтрам і абласным цэнтрам", — кажа дэпутатка сельскага савету Жанна Шчарбіна.

Ад Аўсянкі да Горак — няпоўныя два дзясяткі кілямэтраў. Паўзь вёску курсуюць маршруткі з Магілёва і аўтобусы міжгародніх рэйсаў. Ня кожны вясковец, аднак, наважыцца ехаць імі, бо дарагія.

"Танных у нас наагул ня будзе ад заўтрашняга дня", — заявіла супрацоўніца горацкага аўтапарку ў адказ на пытаньні, чым выклікана аўтобусная праблема ў Аўсянцы.

Яна ж прызнала, што неўзабаве будуць скасаваныя прыгарадныя рэйсы яшчэ ў некалькі вёсак:

"Скарачаць зьбіраемся, бо цяпер пасажырапаток ня той. І наагул, у нас жа ў сувязі з "Дажынкамі" зачыняюцца на рамонт два масты, дык няясна, як транспарт будзе хадзіць наагул".

"Скасавалі рэйсы ў сувязі… з аптымізацыяй маршрутнай сеткі"

Скарачаюцца аўтобусныя рэйсы і ў Круглянскім раёне. Апраўданьне — з аддаленых вёсак няма каго вазіць.

"У сувязі з аптымізацыяй маршрутнай сеткі і па прыгарадных перавозках мы скасавалі рэйсы. Хто там застаўся ў гэтых вёсках?"

У Бялыніцкім раёне сёлета ўвесну ў аддаленыя вёскі было скарочана каля дзясятка рэйсаў. Увосень — яшчэ два. У вёсках, куды цяпер зрэдку ходзяць аўтобусы, жывуць пераважна старыя. Гавораць жыхар Бялыніцкага раёну Барыс:

"Аўтобусы тыя праяжджалі праз шэраг невялікіх вёсачак, у якія людзям бяз транспарту няма як дабрацца. Ім жа таксама хочацца, каб і дзеці прыехалі й маглі б выехаць адтуль".