Ганс-Герт Пётэрынг узяў шэфства над Алесем Кіркевічам

Алесь Кіркевіч

Экс-прэзыдэнт Эўрапарлямэнту і фундацыі імя Адэнаўэра Ганс-Герт Пётэрынг заявіў, што будзе падтрымліваць палітвязьня, моладзевага актывіста, асуджанага на 4 гады пазбаўленьня волі за падзеі 19 сьнежня Алеся Кіркевіча.

Вядомы нямецкі палітык адзначыў, што Алесь Кіркевіч, нягледзячы на маладыя гады, — прыклад барацьбы за свабоду і дэмакратыю ў сваёй роднай Беларусі.

Ганс-Герт Пётырэнг

"Для мяне важна падтрымаць яго актыўнасьць як прадстаўніка грамадзянскай супольнасьці. Я патрабую ад прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі, каб ён неадкладна вызваліў гэтага ды іншых палітвязьняў", — гэтак Ганс-Герт Пётэрынг патлумачыў сваё далучэньне да кампаніі "Шэфства над палітвязьнямі".

Напярэдадні пра тое, што далучаецца да кампаніі і будзе падтрымліваць іншага моладзевага актывіста, палітзьняволенага Паўла Вінаградава, заявіла дэпутатка Бундэстагу Марына Шустэр.

Раней сябра Бундэстагу і ПАРЭ Мануэль Cарацін, сябра Эўрапарлямэнту Міхаэль Галер, нямецкія дэпутаты Крыстофэр Штрэсэр, Франц Цёнэс, Марылюіза Бэк, польскі эўрадэпутат Марэк Мігальскі абвясьцілі пра шэфства над палітвязьнямі Мікітам Ліхавідам, Паўлам Севярынцам, Зьмітром Дашкевічам, Аляксандрам Атрошчанкавым, Міколам Статкевічам, Андрэем Саньнікавым, Зьмітром Бандарэнкам.

Кампанію "Шэфства над палітвязьнямі" ініцыявала некалькі месяцаў таму праваабарончая арганізацыя "Libereco — Partnership for Human Rights" са штаб-кватэрай у Боне. Мэта кампаніі — каб кожны палітзьняволены ў Беларусі і яго сям’я атрымалі ад нямецкіх парлямэнтароў маральную ды палітычную падтрымку. Сутнасьць такога падыходу ў тым, каб сачыць за праблемамі "падшэфнага" палітвязьня, падтрымліваць, у тым ліку і матэрыяльна, ягоную сям'ю, распаўсюджваць інфармацыю пра палітзьняволеных у Беларусі дзеля іх вызваленьня.