Студэнтаў — адлічваюць, найманых работнікаў — звальняюць

Допыты і ператрусы грамадзкіх актывістаў працягваюцца гэтымі днямі ў розных рэгіёнах Беларусі. Мясцовыя аддзелы КДБ і міліцыі спасылаюцца пры гэтым на тое, што расьсьледуюць крымінальную справу аб падзеях на плошчы Незалежнасьці ў Менску 19 сьнежня. Тым часам з ВНУ ў зьвязку з тымі ж падзеямі адлічваюць студэнтаў.

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


Масавыя допыты актывістаў у рэгіёне

Тры допыты ў Баранавічах і два ў Берасьці правялі ў чацьвер супрацоўнікі КДБ на Берасьцейшчыне. Дапытвалі давераных асобаў кандыдатаў, назіральнікаў за выбарамі, тых, каго на Плошчы 19 сьнежня не было.

Віктару Цяпіну, Мікалаю Чарнавусу і Сяргею Гоўшу з Баранавічаў супрацоўнікі КДБ выпісалі позвы зьявіцца на допыт у мясцовую ўправу. Віктару Цяпіну, які падчас выбараў працаваў у ініцыятыўнай групе Ўладзімера Някляева, позва была выпісана на 17 гадзіну, але супрацоўнікі КДБ ня сталі чакаць пазначанага часу, а самі прыехалі раніцай на месца працы баранавіцкага актывіста і правялі допыт, распавядае спадар Віктар:

«Супрацоўнікі КДБ цікавіліся выступамі Някляева ў Баранавічах. Яны запытвалі, ці заклікаў ён людзей на Плошчу. Я адказаў, што такога не было, хаця тэма Плошчы прысутнічала ў выступах. Яны маюць дадзеныя, дзе я быў 19 сьнежня мінулага году. Але запатрабавалі ад мяне ўласнаручна напісаць, што я быў на выбарчым участку і гэта можа пацьвердзіць камісія. Мне падаецца, што яны цяпер проста адпрацоўваюць свой хлеб і даказваюць, што нешта шукаюць».

Мікалай Чарнавус
Візыт Мікалая Чарнавуса ў баранавіцкі КДБ працягваўся каля гадзіны. Паводле слоў Мікалая, гэта цяжка назваць допытам:

«Падпісаў паперу, што я ня быў на Плошчы, што падчас выбараў зьяўляўся даверанай асобай Рыгора Кастусёва. Акрамя гэтага, пыталіся, ці заклікаў людзей прыехаць на Плошчу. Я адказаў, што ніхто з Баранавічаў, акрамя моладзі, не паехаў у Менск. Але яны і самі ўсё гэта добра ведаюць».

Праваабаронца Сяргей Гоўша, які быў даверанай асобай Андрэя Саньнікава падчас выбараў, таксама выкліканы на допыт. Праўда, як кажа праваабаронца, з позвы незразумела, у якасьці каго і для чаго яго выклікаюць:

Сяргей Гоўша
«Баранавіцкі гарадзкі аддзел УКДБ выклікае мяне для дачы тлумачэньняў у сувязі з праверкай. Але невядома, зь якой праверкай. Опэрупаўнаважаны Галубкоў, які выпісаў мне позву, адзначыў, што я выклікаюся ў якасьці сьведкі па крымінальнай справе аб масавых беспарадках у Менску 19 сьнежня».

У Берасьці Віктар Чайкоўскі, давераная асоба Мікалая Статкевіча, правёў у мясцовым КДБ на допыце дзьве гадзіны. Ад Віктара супрацоўнікі КДБ запатрабавалі падпісаць дакумэнты аб неразгалошваньні. Віктар Чайкоўскі таксама ня быў на Плошчы 19 сьнежня, а знаходзіўся ў ізалятары часовага ўтрыманьня ў Берасьці. Допыт тычыўся яго працы як даверанай асобы:

«У мяне ўзялі падпіску аб неразгалошваньні. Але на допыт выклікалі мяне як давераную асобу кандыдата ў прэзыдэнты Мікалая Статкевіча. Я не разумею, якім чынам я магу быць сьведкам? Я адбываў адміністрацыйнае пакараньне за кратамі. Незразумела, чаму яны зараз праводзяць такія допыты».

Кася Сяльдзеўская зь Берасьця 19 сьнежня была на Плошчы. Дзяўчыну выклікалі ў Берасьцейскі КДБ. Сьледчыя цікавіліся, чаму Кася паехала на Плошчу, і патрабавалі падпісаць дакумэнты, што яна болей ня будзе прымаць удзелу ў несанкцыянаваных мерапрыемствах:

«Хацелі даведацца абставіны і прычыны таго, чаму я была на Плошчы, мае думкі. Запытваліся, ці ведала я пра тое, што гэта несанкцыянаванае мерапрыемства. Ад мяне патрабавалі напісаць тлумачальную запіску і пыталіся, ці адчуваю я сябе вінаватай у супрацьпраўных дзеяньнях. Я павінна была таксама напісаць абяцаньне, што болей ня буду прымаць удзел у падобных мерапрыемствах. Я ж напісала толькі, што азнаёмілася з папярэджаньнем, але адмовілася падпісваць тое, што не прыму ўдзелу ў несанкцыянаваных акцыях».

ВІЦЕБШЧЫНА


«Ля майго дома стаіць міліцэйская аўтамашына зь мігалкамі і сноўдаюцца чалавек 6 міліцыянтаў…»

Уладзіслаў Варанецкі
Падчас мінулай выбарчай кампаніі Ўладзіслаў Варанецкі быў даверанай асобай Андрэя Саньнікава. За гэта спэцслужбы пагражаюць яму і цяпер.

Пасьля падзеяў 19 сьнежня Ўладзіслава Варанецкага не аднойчы дапытвалі супрацоўнікі Віцебскай абласной управы КДБ. Не без уплыву гэтага ведамства, на думку актывіста, цяпер яму пагражае звальненьне з працы:

«Мяне выклікаў начальнік і кажа: „Да мяне прыходзілі, ты, напэўна, сам ведаеш, адкуль. І сказалі зрабіць так, каб ты не прайшоў выпрабавальны тэрмін і каб цябе звольніць. Таму выбачай, але звольніць цябе прыйдзецца, бо я не хачу праблемаў ні сабе, ні іншым“. Так што цяпер давядзецца шукаць сабе іншую працу».

Уладзіслаў Варанецкі працуе на Віцебскім заводзе электравымяральных прыбораў. Пра звальненьне яго папярэдзіў начальнік цэху, назваўшы нават прыкладную дату — калі актывіст, студэнт-завочнік, вернецца на вытворчасьць пасьля гэтай сэсіі.

Праблема працаўладкаваньня для спадара Варанецкага стаіць дужа востра: з папярэдняга месца працы яго таксама звольнілі за палітычныя погляды. Перад пачаткам апошняй выбарчай кампаніі ён працаваў кіроўцам у таксі «107»:

«Таксама звольнілі і таксама сказалі „выбачай!“ Выклікалі, сказалі, што ў фірму тэлефанавалі наконт мяне і што я звольнены, бо ім такія работнікі не патрэбныя — датычныя да нейкіх палітычных спраў».

Аляксандар Кузьняцоў
Разам са спадаром Варанецкім з таксі «107» быў звольнены яшчэ адзін віцебскі актывіст, кіраўнік суполкі «Моладзь БНФ» Аляксандар Кузьняцоў. Падчас выбараў ён быў кіраўніком мясцовага штабу Рыгора Кастусёва. Пасьля падзеяў 19 сьнежня яго хацелі дапытаць у Першамайскім райаддзеле міліцыі. Актывіст адмовіўся ісьці туды бяз позвы:

«Мне сказалі: „Ня хочаш па-добраму — будзе як заўжды“. І вось сёньня пад домам зранку ўжо стаіць міліцэйская машына зь „мігалкамі“, ходзяць чалавек шэсьць міліцыянтаў, глядзяць угару, на вокны… Некалькі разоў званілі ў дзьверы, але я не пасьпеў адчыніць: у мяне дзіця — інвалід, і пакуль я яе ўладкую, каб яна ня ўпала, нічога такога, то як адчыняю, то ўжо нікога няма. Я мяркую, што гэта ўсё нейкае застрашваньне ці ўвогуле нейкая правакацыя».

Аляксандар Кузьняцоў згадвае, што пасьля мінулай адмовы ісьці на допыт бяз позвы 15 студзеня некалькі чалавек, не прадставіўшыся, выцягнулі яго з машыны і паклалі тварам у сьнег. А потым зацягнулі ў іншую машыну без нумароў ды гвалтам адвезьлі на допыт у абласную ўправу КДБ.

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


Студэнтаў адлічваюць за Плошчу

Удзельніка Плошчы з Горадні Барыса Захарчука адлічылі з унівэрсытэту імя Я.Купалы. А гарадзенскае тэлебачаньне пасьпяшалася абвясьціць, што многія імкнуцца знайсьці ў такой сытуацыі выгаду, каб потым уладкавацца ў замежную ВНУ.

Гарадзенскае тэлебачаньне ў адным з сваіх выпускаў навінаў зьмясьціла сюжэт пра адлічэньне студэнтаў унівэрсытэту імя Я.Купалы з-за дрэннай пасьпяховасьці. У якасьці пацьверджаньня прыводзяцца словы намесьніка дэкана фізыка-тэхнічнага факультэту ГрДУ Вікенція Таркоўскага і начальніка вучэбна-арганізацыйнага аддзелу ўнівэрсытэту Міхаіла Баброўніка.

Паводле іх дадзеных, усяго ў бліжэйшы час было адлічана 9 чалавек, зь іх 7 першакурсьнікаў, адзін другакурсьнік і яшчэ адзін — чацьвёртакурсьнік. Прычыны адлічэньня — нездавальняючыя адзнакі і няяўка на сэсію. Пры гэтым ні выкладчыкі ўнівэрсытэту, ні аўтары сюжэту не назвалі прозьвішчы адлічаных студэнтаў.

Галоўнае, што хацела падкрэсьліць у гэтым сюжэце журналістка, — гэта што ў адлічэньнях студэнтаў ня трэба шукаць палітычных матываў, бо адлічаныя, маўляў, кепска вучыліся і прагульвалі.

Больш за тое, цытую яе словы: «На фоне палітычнай абстаноўкі, якая склалася на сёньняшні дзень, многія не сядзяць на месцы склаўшы рукі, а імкнуцца знайсьці сваю выгаду. Вось і студэнты, якія ў навучальным працэсе недасьведчаныя дый зорак зь неба не хапаюць, зразумелі: калі ў вучобе нічога не атрымліваецца, чаму б ня стаць ахвярай якога-небудзь перасьледу. А там і працяг сваёй студэнцкай кар’еры ў якой-небудзь замежнай ВНУ выгарыць».

Барыс Захарчук
Як высьветлілася, адзін з гэтых студэнтаў, другакурсьнік Барыс Захарчук, быў удзельнікам Плошчы, у ягонай кватэры рабілі ператрус, а потым яго некалькі разоў дапытвалі ў КДБ. Сам ён кажа, што ня здолеў здаць тры іспыты, хоць рыхтаваўся да іх.

Захарчук: У мяне такога не было раней, я, як заўсёды, рыхтаваўся. Я бачыў, што іншых імкнуліся падцягваць, калі яны здавалі іспыты, а мне папросту не ішлі насустрач — гэта дакладна. У мяне было раней такое, што пераздаваў максымум адзін экзамэн, а тут — адразу тры і рэзка«.

Дарэчы, Барыс Захарчук кажа, што яму ня вельмі хочацца ехаць навучацца за мяжу, бо тут у яго самыя блізкія сябры і родныя людзі.

Яшчэ аднаму ўдзельніку Плошчы, Яўгену Бусько, адлічэньне пагражае. Яму трэба пераздаць два іспыты. Яўген адседзеў 15 сутак. Ягоную маці Валянціну Бусько, якая працавала адвакатам у Гарадзенскай абласной калегіі, пазбавілі працы, ануляваўшы ліцэнзію.

Яўгенава маці Валянціна Бусько, назіраючы за сытуацыяй, кажа, што Барыс Захарчук вучыўся на платным аддзяленьні, там не было праблемаў пераздаць іспыт. Але пасьля Плошчы яго запалохалі, а ён нідзе і нікому не казаў пра перасьлед:

«Ён ня быў нідзе затрыманы, ціхенька да яго прыйшлі і зрабілі ператрус, ніякай публічнай агалоскі не было. Напэўна, палічылі, што ўсё ідзе ціха, і ціха адлічаць, і ня будзе лічыцца, што гэта за Плошчу. Вось такі хітры ход».

ГОМЕЛЬШЧЫНА


Зь ператрусам да назіральніка прыехала старшыня ўчастковай камісіі

Гомельскія чэкісты працягваюць ператрусы ў кватэрах грамадзкіх актывістаў, якія падчас прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі працавалі на альтэрнатыўных кандыдатаў.

Робіцца гэта нібыта ў межах дасьледаваньня крымінальнай справы пра масавыя беспарадкі ў Менску, але зараз менавіта ў тых людзей, якіх і блізка не было 19 сьнежня на сталічнай плошчы Незалежнасьці.

Напярэдадні супрацоўнікі Мазырскага аддзелу Гомельскага УКДБ правялі ператрус у Рыгора Крывіцкага, актывіста кампаніі альтэрнатыўнага кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава.

Крывіцкі: «Я нават не зразумеў, што шукалі. Прыходзілі, шукалі і пайшлі — нічога не знайшлі. Пратакол склалі. Падпісаў яго старшы лейтэнант Шчэрбін, опэрупаўнаважаны Мазырскага аддзелу УКДБ. Па-мойму, у іх ёсьць сьпіс — я яго, канечне, ня бачыў, але я так мяркую. Як і дзеля чаго ён складзены, ня ведаю. Паводле гэтага сьпісу яны ходзяць і правяраюць».

68-гадовы Рыгор Крывіцкі 19 сьнежня ў Менск ня езьдзіў — быў назіральнікам на выбарах на ўчастку № 37 у спарткомплексе «Старт». І вось што паказальна. У ператрусе ягонай кватэры брала ўдзел у якасьці панятой старшыня выбарчай камісіі таго самага ўчастку, дзе спадар Крывіцкі назіраў за галасаваньнем:
Начальніца спарткомплексу Міхаленка Алена была старшынёй камісіі на ўчастку № 37. Я там быў назіральнікам. І сёньня яна прыходзіла да мяне як панятая.

«Начальніца спарткомплексу Міхаленка Алена была старшынёй камісіі на ўчастку № 37. Я там быў назіральнікам. І сёньня яна прыходзіла да мяне як панятая. Вельмі такі цікавы штрышок — яна прыходзіла да мяне з вобшукам».

Мазырскія чэкісты правялі ператрус і ў Калінкавічах, у прыватным доме Тамары Зайцавай — назіральніцы й чальца каманды Віталя Рымашэўскага:

«Шукалі якія-кольвечы рэчы, каб далучыць іх да справы пра падзеі 19 сьнежня. І з маёй апазыцыйнай дзейнасьці. Нічога не было. Ну, яны знайшлі дыскі зь песьнямі Някляева — тры дыскі. І плюс у мяне былі дыскі з хрысьціянскімі хітамі. Гэтыя дыскі ляжалі ў скрыні сына — у яго магнітафон, ён іх іншым разам уключаў. Вось забралі ўсе гэтыя дыскі».

Ператрус у доме Зайцавай вёўся на падставе пастановы сьледчага Гомельскага УКДБ Ятчанкі з санкцыі абласной пракуратуры.

Спадарыня Зайцава — рэгіянальны каардынатар стваранай партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя». Падчас прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі яна зьбірала подпісы й вяла агітацыю найперш за Віталя Рымашэўскага.

Тамара Зайцава
У Калінкавічах Тамара Зайцава ачольвае яшчэ й грамадзкую арганізацыю «Жыцьцё без алькаголю». Чэкісты перагледзелі дыплёмы за грамадзкую дзейнасьць, артыкулы ў СМІ, шматлікія лісты ад тых, хто хоча пазбавіцца ад алькагольнай залежнасьці.

Тамара Зайцава кажа, што 19 сьнежня была назіральніцай на выбарчым участку — у Менск таксама ня езьдзіла. З прычыны халадэчы нават не начавала ў сябе дома. Акурат гэтая акалічнасьць, відаць, і прывяла чэкістаў у дом актывісткі.

Але зараз спадарыню Зайцаву найбольш турбуюць ня столькі беспадстаўныя чэкісцкія вобшукі, колькі тое, што яна ня можа знайсьці працу. У яе няма грошай, каб сплачваць банкаўскі крэдыт.

Не ўзялі жанчыну нават на птушкафабрыку ў вёсцы Дудзічы, куды яна нядаўна спрабавала ўладкавацца:

«Прасілася на працу на птушкафабрыку — туды патрэбны людзі. Але мяне не бяруць — патрэбны нібыта адукацыя й вопыт. Я ім кажу, што я так добра прамаўляю — куры ад маёй размовы будуць несьціся тры разы на дзень, а ня два, як у вас. Я ім усё буду распавядаць пра палітыку, пра тое, як будзем жыць добра. Пра ўсе падзеі! Кажу: уяўляеце, як нясушкі будуць несьціся, які саўгасу вялікі плян будзе. Ну, сказалі, ня трэба: маўляў, людзі яйкі будуць спажываць, а яйкі гэтыя будуць ужо… апазыцыйнымі».