Апазыцыянэраў – кампрамэтаваць, іншадумцаў – адхіляць ад эфіру

Афіцыйная прапаганда працягвае кампанію дыскрэдытацыі абвінавачаных у "арганізацыі масавых беспарадкаў" у дзень прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня. Тэлеканал АНТ у выніковай перадачы "Контуры" падрабязна распавёў пра маёмасьць Андрэя Дзьмітрыева — кіраўніка перадвыбарчага штабу Ўладзімера Някляева.

Між тым, кіраўніцтва самога канала адзначылася тым, што "зачысьціла" апошнія намёкі на плюралізм у эфіры — ад сёньня замест ток-шоў "Выбар" Сяргея Дарафеева ў сетцы АНТ пазначаная праграма "Адкрыты фармат" з Тэнгізам Думбадзэ. Гэты вядучы вядомы тым, што пры любой магчымасьці дэманструе сваю адданасьць кіраўніцтву краіны.

У тэлевізійным сюжэце, прысьвечаным Андрэю Дзьмітрыеву, сьцьвярджаецца, што беларуская апазыцыя жыве на шырокую нагу. Аўтары падзяліліся з гледачамі апэратыўным кампраматам, на падставе якога робяць выснову: з сродкаў, выдзеленых спонсарамі на палітычную барацьбу, апанэнты рэжыму забясьпечваюць перадусім уласны дабрабыт. Маўляў, толькі за апошні год кіраўнік выбарчага штабу экс-кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Някляева набыў дарагую кватэру ў Менску, пляцоўку пад дом недалёка ад сталіцы, а таксама папоўніў свой аўтапарк нятаннымі машынамі.

Андрэй Дзьмітрыеў
Андрэй Дзьмітрыеў у адказ на выкрывальніцкі сюжэт кажа: найперш — нідзе не напісана, што апазыцыянэр павінен быць бедным. Аднак сьцьвярджае, што ні элітнай кватэры, ні надзелу пад дом блізу Менску ня мае. І рэкамэндаваў "сьледапытам" з АНТ паказаць стандартную двухпакаёвую кватэру на вуліцы Голубева ў Менску, у якой ён насамрэч жыве. Што да згаданага ў праграме "Лексусу", то, па ягоных словах, гэты аўтамабіль быў набыты задоўга да выбарчай кампаніі. Пры гэтым у "Контурах", як кажа палітык, быў паказаны зусім ня той "Лексус".

Андрэй Дзьмітрыеў быў затрыманы разам зь іншымі актывістамі кампаніі "Гавары праўду!" яшчэ да пачатку акцыі, прызначанай на час закрыцьця выбарчых участкаў увечары 19 сьнежня. На наступны дзень, падчас першай прэсавай канфэрэнцыі пасьля заступленьня на чацьвёрты тэрмін, Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Дзьмітрыеў расказаў сьледзтву шмат цікавага пра ўнутраную кухню кампаніі "Гавары праўду", але ніякіх падрабязнасьцяў не падаў. 3 студзеня Дзьмітрыеў быў адпушчаны са сьледчага ізалятара КДБ пад падпіску аб нявыезьдзе.

Між тым унутраная палітыка АНТ ніяк не скіраваная на адлюстраваньне больш як аднаго пункту гледжаньня. Спэцыяльны выпуск грамадзка-палітычнага ток-шоў "Выбар" Сяргея Дарафеева ўвечары 19 сьнежня стаў для вядучага апошнім. Спроба аб'ектыўнага аналізу выбарчай сытуацыі выклікала незадавальненьне чыноўнікаў розных рангаў. Пра "зялёнага" журналіста на прэс-канфэрэнцыі 20 сьнежня згадваў Лукашэнка, а падтакваў яму іншы журналіст АНТ, Тэнгіз Думбадзэ, які гаварыў пра недапушчальнасьць "самадзейнасьці" ў эфіры. У выніку Дарафееў ад працы над аўтарскай праграмай быў адлучаны, а Думбадзэ 31 студзеня дэбютуе з ток-шоў "Адкрыты фармат". Сяргей Дарафееў кажа, што перадачу, якая прыйшла на зьмену ягонай, пастараецца паглядзець:

"Будзе час — пагляджу. Як-ніяк, у панядзелак, у 21.05 — той час, калі заўсёды выходзіў "Выбар". Бо трэба спачатку паглядзець праграму, каб склалася нейкае ўяўленьне. Цяпер гаварыць няма пра што…".

Дарафееў
Сяргей Дарафееў
Разам з тым Сяргей Дарафееў удакладніў, што пакуль яшчэ застаецца кіраўніком ранішняга эфіру. Але іншыя варыянты працаўладкаваньня таксама разглядае:

"Я па-ранейшаму застаўся дырэктарам дырэкцыі ранішняга вяшчаньня, але пра аднаўленьне праграмаў "Выбар" і "Выбар+" гаворка пакуль не ідзе. Цяпер мая пазыцыя такая: я стараюся не прымаць эмацыйных рашэньняў. Ёсьць магчымасьць працаваць за мяжой, але мне зараз хацелася б расставіць усе кропкі над "і" і прыняць правільнае рашэньне. Таму я не раблю і ня буду рабіць са свайго выхаду з эфіру ніякага піяру. Павінна прайсьці крыху часу, каб зарыентавацца і прыняць адзінае разумнае рашэньне. Балазе выбар ёсьць, і калі не ў эфіры, то ў маім асабістым прафэсійным жыцьці — дакладна".

Тым часам расейскія СМІ працягваюць кпіць зь беларускіх рэаліяў і чацьвёртай па ліку інаўгурацыі прэзыдэнта Лукашэнкі. Ужо традыцыйна выразаны з эфіру сюжэт праграмы "Пражэктарпэрысхілтан" на Першым расейскім канале, які тычыўся Беларусі. Асабліва квартэт вядучых пацешыла заява Лукашэнкі, які ў сваёй інаўгурацыйнай прамове заявіў, што выбары ў Беларусі былі адкрытымі, "далей няма куды". У выніку падсумавалі, што ад папярэдніх прысягаў на Канстытуцыі Беларусі ўжо выціснуўся трафарэтны адбітак лукашэнкавай далоні, таму іншыя кандыдаты па гэтым парамэтры папросту ва ўладу не праходзяць.