БТ пра “пераварот”: “Сядай у крэсла Сідорскага і цісні на кнопкі!”

Першы тэлеканал у прапагандысцкім фільме падаў разгорную афіцыйную вэрсію падзей 19 сьнежня ў Менску, імкнучыся давесьці, што гэта была спроба дзяржаўнага перавароту.

БТ ў нядзелю ўвечары паказала шмат разоў анансаваны дакумэнтальны фільм пра падзеі 19 сьнежня мінулага года ў Менску пад назвай “Плошча. Жалезам па шкле”.

Аўтары фільма не названыя, пабудаваны ён на апэратыўных здымках, спэцэфэктах, паказаньнях некаторых затрыманых удзельнікаў акцыі апазыцыі 19 сьнежня. У фільме таксама выкарыстаныя ўжо вядомыя “пакаяньні” некаторых палітыкаў, якіх адпусьцілі на волю. Новых “пакаяньняў” у фільме няма.



Ды і ўвогуле прынцыпова новага па-сутнасьці ў фільме няшмат. Перш за ўсё гэта шырокае выкарыстаньне запісаў тэлефонных размоваў кандыдатаў на прэзыдэнта і іх давераных асоб. Такім чынам улады пацьвердзілі выкарыстаньне імі незаконнай “праслушкі” палітычных канкурэнтаў.

Некалькі разоў падаваўся нібыта запіс тэлефонных размоваў з плошчы Мікалая Статкевіча з нейкім Сашам, які званіў быццам бы з украінскага нумару, і апошні пытаўся, ці ўзялі ўжо дэманстранты Дом ураду ды па-панібацку рэкамэндаваў Статкевічу: “Займай крэсла Сідорскага і націскай на кнопкі!”

Відаць, гэтая фраза ў разуменьні аўтараў фільма павінна пацьвердзіць вэрсію пра падрыхтоўку дзяржаўнага перавароту.

Другое новае – нечаканая вэрсія, што Някляева каля ягонага штабу да непрытомнасьці зьбілі не спэцназаўцы, а канкурэнты ад апазыцыі на выбарах, ці іх людзі, з тым каб Някляеў не прыйшоў на Кастрычніцкую плошчу і не рэалізаваў свой сцэнар. Сам момант зьбіцьця Някляева пры гэтым не паказалі.

Трэцяя навінка – былі названыя сумы ў мільёнах даляраў, якія нібыта меў атрымаць ці атрымаў штаб Някляева на выбарчую кампанію, і было сказана, што фінасаваньне яму йшло ад аднаго амэрыканскага і аднаго эўрапейскага фондаў. Дакумэнтальнага пацьвярджэньня гэтай інфармацыі не было.

Апрача таго, ананімныя аўтары фільма імкнуліся давесьці, што дзьверы Дома ўраду грамілі не правакатары са спэцслужбаў, а рэальныя людзі, былі нават названыя некаторыя прозьвішчы такіх людзей і заяўлена, што ўжо высьветлена 100 удзельнікаў беспарадкаў, больш за 40 зь якіх арыштаваныя.

Асноўная вэрсія пра падрыхтоўку да дзяржаўнага перавароту выглядае няпэўнай, мяркуе палітоляг Аляксей Кароль:

“Пры такім вялікім аб’ёме выкарыстанай “праслушкі”, пры паказе кадраў са штаба Някляева зусім не вымалёўваецца вэрсія пра дакладна распрацаваны плян штурма, а таксама не пацьвярджаецца тое, што апазыцыйныя кандыдаты нібыта самі рыхтавалі “нэўтралізацыю” Някляева. Фільм па-сутнасьці паказвае, што насамрэч адсутнічалі нейкія “атрады баевікоў”, нацэленыя на сілавы захоп Дома ўраду... Гэта вэрсія аднабаковая і ўспрымаць яе як дакладную не выпадае. Фактычна, гэта пашырэньне той афіцыйнай вэрсіі, якая была агучаная А. Лукашэнкам на прэсавай канфэрэнцыі 20 сьнежня”.

БТ абяцала працяг фільма…