Андрэя Пачобута хацелі запалохаць у КДБ

Гарадзенец Андрэй Пачобут зьяўляецца карэспандэнтам польскай “Gazety Wyborczej”. У сваім “жывым журнале” ён апавядае, што 8 студзеня яго раптоўна затрымалі каля дому і даставілі ў абласную управу КДБ на вул. Тэльмана ў Горадні. Сьледчых цікавіла яго затрыманьне на плошчы Незалежнасьці ў Менску 19 сьнежня (пасьля ночы ў “аўтазаку”, яго выпусьцілі ў будынку суду). Адказваць на пытаньні ён адмовіўся, і адзін зь іх стаў біць яго па галаве, піша журналіст.

А.Пачобут сёньня разважае: “Думаю, што ўся гэтая гісторыя зьвязана з маёй журналісцкай працай. Калі прааналізаваць польскія СМІ (а ўлады гэта робяць), то бачна, што “Газэта Выборча”, найбольш актыўна асьвятляе падзеі пасьля 19 сьнежня. З 19-га пісаць даводзіцца кожны дзень. Вельмі часта ўдаецца прабівацца на першую старонку. Наша газэта мае ўплыў, і палітыка Польшчы ў дачыненьні да рэжыму Лукашэнкі, ня без удзелу “Газэты Выборчай”, таксама выразна абвастрылася. Таму мяне хацелі “пужануць”.

Журналісту выдалі на рукі пісьмовае “папярэджаньне” ад начальніка Гарадзенскай абласной управы КДБ І.Каржа. У паперы напісана, што А.Пачобут з 5 студзеня стаіць “на прафіляктычным уліку”, і што яму “абвешчана афіцыйнае папярэджаньне за ўдзел 19 сьнежня 2010 году ў несанкцыянаваным пратэстным мерапрыемстве ў г. Менску”.



Заканчваецца папера наступным сьцьверджаньнем: “З грамадзянінам Пачобутам А.С. праведзена прафіляктычная гутарка аб недапушчальнасьці ў далейшым проціпраўных паводзінаў і ён папярэджаны, што ў выпадку зьдзяйсьненьня дзеяньняў, якія могуць стварыць склад злачынства, прадугледжанага арт. 293 КК Рэспублікі Беларусь (“масавыя беспарадкі”), ён можа быць прыцягнуты да крымінальнай адказнасьці ва ўсталяваным заканадаўствам РБ парадку”.