"Несправядліва, што яго ня стала"


Выбух 25 кастрычніка ў цэху ДВП канцэрну «Пінскдрэў» забраў жыцьці 14 чалавек. Шасьцёра ў цяжкім стане застаюцца ў шпіталях Берасьця і Менску. Нацыянальная жалоба не абвешчана. «Свабода» працягвае цыкль рэпартэрскіх матэрыялаў зь сем’яў ахвяраў пінскай трагедыі.


Жукоўскі Віктар Канстанцінавіч (1955-2010 гг.)



Віктар Жукоўскі амаль 31 год адпрацаваў на «Пінскдрэве». Яго жонка Вольга таксама аддала тры дзясяткі гадоў працы на гэтым прадпрыемстве. Віктар з жонкай выгадавалі дзяцей, дачакаліся ўнучкі. Зьбіраліся з гораду перабрацца ў вёску. Аварыя на ЗАТ «Пінскдрэў» абарвала жыцьцё Віктара Жукоўскага.

Сын Віктара Жукоўскага Вадзім працаваў некаторы час разам з бацькам у гэтым жа самым цэху, дзе здарылася аварыя. Бацька заўсёды дапамагаў, шмат вучыў, прычым ня толькі на працы, але і дома:

«Ён быў сапраўдным бацькам: любіў, заўсёды дапамагаў, даваў парады, заўсёды вучыў нечаму. Практычна не абыходзіўся безь яго парады, яго навукі ва ўсім, без выключэньня. Быў харошым бацькам. І дома разам усё рабілі. Несправядліва, што яго ня стала».

Жонка нябожчыка Вольга працавала ў суседнім цэху, калі адбылася аварыя:

«Цяжка ўявіць, што яго больш няма. Раптам так зьнік, і ўсё. Быў добрасумленным работнікам. Кожны год прадпрыемства яго ўзнагароджвала ганаровымі граматамі, яго фота заўсёды знаходзілася на дошцы гонару. Быў харошым сем’янінам. Ніколі не пакрыўдзіць, заўсёды дапамагаў. Цяпер толькі пачалося ў нас жыцьцё. Бо раней і дзеці малыя былі, заўсёды праблемы нейкія. А цяпер вось ужо ўсё ўпарадкавалася, і раптам яго ня стала…»


Пахавалі Віктара Жукоўскага на могілках у вёсцы Жытнавічы Пінскага раёну, дзе жылі яго бацькі. На памінкі прыйшлі ўсе вяскоўцы, кажа жонка нябожчыка:

«Мы памінкі тут рабілі. Усе бабулькі прыходзілі, распавядалі пра Віктара, якім ён быў харошым. Такога другога ў вёсцы няма, казалі бабулькі. Уся вёска, усе, хто можа хадзіць, прыйшлі на разьвітаньне зь ім».

Бацька Віктара Жукоўскага 30 гадоў адпрацаваў на ЗАТ «Пінскдрэў». Сам нябожчык — 31 год. Варункі працы ў цэху ДВП былі жахлівыя, кажа сын Віктара Жукоўскага Вадзім:

«У мяне сусед з нашага дому таксама там працаваў, дык ён кажа, што бяз гэтага фармаліну проста ня можа абыходзіцца. Нават падчас адпачынку туды заходзіць, каб панюхаць. Жах проста».


Працягвае старэйшая сястра нябожчыка Зоя:

«Падчас памінак людзі, якія таксама працавалі зь Віктарам, адзначалі, што колькі разоў зьвярталіся да кіраўніцтва наконт спэцвопраткі. Яна не павінна быць з сынтэтыкі. Бо падчас пажару людзі, якія выбягалі з цэху, палалі. Вопратку яны зрывалі зь сябе проста са скурай. Колькі разоў хадзілі да кіраўніцтва, прасілі, нават патрабавалі, каб спэцвопратку ім іншую давалі. Але ніхто нічога. Рабочыя казалі, што калі рот адкрыеш, дык будзеш за плотам, а там шмат такіх, як вы».

Сёстры нябожчыка прыехалі на пахаваньне брата з расейскага гораду Кагалым, што ў Цюменскай вобласьці. Жанчыны абураюцца, што кіраўнік краіны толькі праз колькі дзён выказаў словы спачуваньня родным загінулых і пацярпелым:

«Калі б Лукашэнка быў сапраўдным, бліжэй да людзей, перажываў бы за людзей, можа тады і па-іншаму было б, а так…»

Працягвае іншая сястра нябожчыка:

«У нас, у Расеі, усё паказваюць, а тут ўсё схавана. Усё залежыць ад ураду, ад кіраўніцтва».