Адбылася прэзэнтацыя кнігі пра беларуска-літоўскае суседзтва

У чацьвер ўвечары ў менскай краме “Кніжны салён” адбылася прэзэнтацыя анталёгіі “Тысяча гадоў добраму суседзтву. Беларуска-літоўскае гістарычнае і літаратурнае сужыцьцё". Прадстаўляў кнігу яе складальнік вядомы паэт і дасьледчык беларуска-літоўскіх культурных стасункаў Сяргей Панізьнік.

На імпрэзу прыйшлі шмат высокіх гасьцей, у тым ліку прадстаўнікі літоўскай амбасады ў Менску, вядомыя навукоўцы Арсень Ліс, Адам Мальдзіс і шмат хто іншы.

Вяла імпрэзу старшыня Таварыства літоўцаў у Беларусі Віргінія Тарнаўскайце. Яна ў прыватнасьці зазначыла, што імпрэза будзе весьціся на трох мовах - сама яна прамаўляла да прысутных па-беларуску, выступоўцы гаварылі і па-літоўску, і па-расейску, і па-беларуску.

Прафэсар Адам Мальдзіс, які быў навуковым рэдактарам гэтай кнігі, зазначыў, што пры падрыхтоўцы кнігі да друку, ён кіраваўся прынцыпам “не нашкодзіць міждзяржаўным стасункам”, бо, як ён сказаў, за сваё жыцьцё ён адрэдагаваў больш за 40 кніг, але гэта была першая, дзе закраналіся дзяржаўныя інтарэсы. І таму ўсе тыя матэрыялы, якія рыхтаваліся да гэтай анталёгіі, у якіх з пункту гледжаньня беларусаў і з пункту гледжаньня літоўцаў неадназначна трактаваліся некаторыя моманты нашай агульнай гісторыі, ён выкінуў. Свае дзеяньні ён патлумачыў тым, што правесьці цьвёрдую мяжу паміж літоўскім і беларускім этнасам сёньня амаль немагчыма і ў якасьці прыкладу прывёў сваю Астравеччыну. У яго самога, дарэчы, бацька літовец – пра што кажа і прозьвішча, а маці беларуска.

Кніга прысьвечаная 1000-годьздзю найменьня “Літва”, якое шырока адзначылі нашыя суседзі. Тэма падштурхнула да пошукаў – а колькі ж найменьняў у Беларусі? Адам Мальдзіс знайшоў такую дату – калі ў 1217 годзе каранавалі караля Галіцыі Рудольфа ІІ, яго назвалі “каралём Галіцыі і Беларусі”.

Складальнік гэтай кнігі Сяргей Панізьнік падзяліў думку навуковага рэдактара Адама Мальдзіса пра тое, што нам сёньня трэба быць недзялімымі. Гэтаму ён прысьвяціў свой верш.

Суседзі, сябры! Мы падзелімся славай,
ня будзем і заўтра хаваць пад крыло
зьлітво і шытво неабдымнай дзяржавы,
сумесных крыніц жарало.

Ня будзем дзяліць мы ні замкі, ні троны,
траістую музыку, ўзоры крыжоў:
над намі дубоў пакручастыя кроны,
пад намі луска бальшаковых глыжоў.

Ля брамы з "Пагоняй" мы пройдземся пешшу
Паслухаць заместа варожай гайні –
Нам пільная Вільня намольвае вершы,
Іх шэпчуць літоўскімі вуснамі вежы
У сэрцы спрадвечнай крывіцкай радні.