Ліцэй, папярэднік ліцэю

Больш як тысячу сустрэчаў у Беларусі і за мяжой правёў Уладзімер Арлоў за апошнія дзесяць гадоў. Цыдулкі ад чытачоў запоўнілі некалькі шуфлядаў. Зараз вечныя і надзённыя, наіўныя і падступныя, прыватныя і філязофскія пытаньні да пісьменьніка — у эфіры і на сайце «Свабоды» ў перадачы «Пакуль ляціць страла».
Кожны, каму не абыякавы лёс краіны, ведае пра Беларускі гуманітарны ліцэй, які, на вялікае шчасьце, уладам не ўдалося зьнішчыць. Сёлета там пачаў вучыцца мой сын. Даводзілася чуць, што ў 1920-х, у часы беларусізацыі, наш ліцэй меў свайго папярэдніка, прычым з такой самаю назваю. Зірнуў у энцыкляпэдыі — нічога не знайшоў. Можа, мы маем справу зь мітам?

Бацька ліцэіста



Гэта ня міт, хоць вучэльні з такой назваю афіцыйна і не існавала. У гады беларусізацыі Беларускім ліцэем часта называлі Менскі беларускі пэдагагічны тэхнікум.

Там сапраўды панаваў дух… Не, не беларусізацыі, у якой почасту прысутнічала і значная доля казёншчыны. У сьценах тагачаснага Беларускага ліцэю жыў дух сапраўднага нацыянальнага Адраджэньня.

У тэхнікуме выкладалі Якуб Колас і ягоны дзядзька-акадэмік Язэп Лёсік, палітык, пісьменьнік і самы знакаміты ў рэспубліцы мовазнаўца . Навучэнцам чыталі свае курсы прафэсар-літаратуразнаўца Міхайла Піятуховіч; географ, першы рэдактар часопісу «Наш край» Мікола Азбукін; музыказнаўца і перакладчык Юльлян Дрэйзін, што з арыгіналу пераўвасабляў па-беларуску «Вакханак» Эўрыпіда і «Антыгону» Сафокла…

Крый божа, каб, зьвяртаючыся да выкладчыкаў, казалі «таварыш». Колас, Азбукін, Піятуховіч дый іншыя былі «дзядзькамі». Пра «дзядзьку Лёсіка» апавядалі, як на лекцыі ў БДУ той адшыў нейкую камсамолку, што спрабавала выкрываць славутага вучонага і аднаго з «бацькоў» БНР у нацыяналістычных памылках. Маўляў, не надае ўвагі падабенству беларускай мовы зь «великим и могучим русским языком». Мэтар адказаў, што студэнты Беларускага ўнівэрсытэту мусяць вывучаць не падабенствы, а саму сваю мову. І дадаў: «Бо жывем мы ў Беларусі, а не на нейкім Марсе».

Такія выкладчыкі мелі ўдзячных і годных вучняў. Пра Белпэдтэхнікум казалі, як пра гадавальнік талентаў для будучыні айчыннага прыгожага пісьменства. Спрачацца не выпадала, бо ў аўдыторыях то канспэкты, а то і новыя творы пісалі Лукаш Калюга, Паўлюк Трус, Антон Адамовіч, Пятро Глебка, Максім Лужанін, Алесь Якімовіч, Валеры Маракоў, Сяргей Дарожны, Рыгор Крушына… Яны заглядаліся на юных літаратарак Натальлю Вішнеўскую і Зінаіду Бандарыну. Свае першыя вершы перад Коласам і Купалам, які таксама часта завітваў у ліцэй, чытаў юны Ўладзімер Дудзіцкі. У тэхнікуме існавала студыя літаратурнага аб’яднаньня «Маладняк», віравалі дыспуты і канфэрэнцыі.

Шмат можна казаць пра вальналюбны дух тагачасных «ліцэістаў», пра безаглядную сьмеласьць ня толькі ў літаратурных экспэрымэнтах, пра жарты і выбрыкі, што ў тых умовах нагадвалі гульню з агнём.

Тады існавала такая арганізацыя — Саюз ваяўнічых бязбожнікаў, або, скарочана, СВБ, як было напісана на значку. Нехта прыдумаў інакшую расшыфроўку — Саюз вызваленьня Беларусі. А значок дзеля «кансьпірацыі» трэба было насіць не на штрыфлі пінжака, а пад штрыфлем. Падобныя дурніцы маглі паслужыць службу і ўсемагутнаму ОГПУ, хоць там хапала і сваіх «вынаходнікаў».

Менская атмасфэра набрыньвала трывогай і прадчуваньнем трагедыі. Былы «ліцэіст» Валеры Маракоў сказаў пра гэта так:

Шчасьлівы я, што тут жыву,
Й за гэты край вясной вялікай,
Быць можа, зьнімуць галаву,
Праколюць сэрца вострай пікай…

У хуткім часе колішнія навучэнцы ўжо займаліся расшыфроўваньнем бальшавіцкіх скаротаў у менш камфартабэльных умовах. Да прыкладу, у камэры менскай турмы НКВД, дзе група зусім юных «нацдэмаў» разгадала абрэвіятуру БССР, як Будуем Самі Сваё Рабства.

У крывавых жорнах сталінскага тэрору загінулі і «дзязька Лёсік», якога ў 1930-м узялі адным зь першых, і Мікола Азбукін, і Міхайла Піятуховіч… Той самы лёс быў накаваны і многім іхным вучням. У дваццаць восем расстралялі Маракова і Калюгу. У трыццаць чатыры загінуў за гулагаўскім дротам, будуючы Камсамольск-на-Амуры, Сяргей Дарожны. Пра пакручасты лёс прыгажуні Натальлі Вішнеўскай можна напісаць авантурны раман.

Уволю пакаштавалі турэмных і лягерных паек гадаванцы таго Беларускага ліцэю Антон Адамовіч, Рыгор Крушына і Ўладзімер Дудзіцкі, якія пасьля Другой усясьветнай вайны апынуліся на Захадзе. Выдатны літаратуразнаўца Адамовіч рэдагаваў на эміграцыі газэту «Бацькаўшчына», часопісы «Сакавік» і «Конадні». Быў адным з стваральнікаў мюнхэнскага інстытуту вывучэньня СССР і Беларускай службы Радыё Свабода. Разам зь ім на Радыё працавалі і Дудзіцкі з Крушынам, якія ўжо на чужыне зьдзейсьніліся, як паэты. Крушына, дарэчы, стаў першым беларускім літаратарам, прынятым у Міжнародны ПЭН-клюб.

Гісторыя мае ўласьцівасьць паўтарацца. Паміж двума беларускімі ліцэямі нескладана знайсьці аналёгіі. На шчасьце, яны будуць толькі пэўнымі, але ня поўнымі.

Хтосьці з выхаванцаў Беларускага гуманітарнага ліцэю, магчыма, напіша дасьледаваньне, прысьвечанае Белпэдтэхнікуму, пра які сапраўды пакуль што няма ніводнага, нават караценькага, артыкулу ў айчынных энцыкляпэдыях. Дый чаго там толькі няма! Зьменіцца ўлада — будзем выдаваць новыя энцыкляпэдыі.