Як шклоўскі карлік Лукашка "здаў" графа

Уладзімер Арлоў

Больш як тысячу сустрэчаў у Беларусі і за мяжой правёў Уладзімер Арлоў за апошнія дзесяць гадоў. Цыдулкі ад чытачоў запоўнілі некалькі шуфлядаў. Зараз вечныя і надзённыя, наіўныя і падступныя, прыватныя і філязофскія пытаньні да пісьменьніка — у эфіры і на сайце "Свабоды" ў перадачы "Пакуль ляціць страла".

Спадар Уладзімер, ці згодныя Вы з тым, што ў кожнай паўнавартаснай нацыянальнай гісторыі павінны быць свае авантурысты?

Беларус Юры з Расонаў

З Вашым меркаваньнем абсалютна згодны. І хачу сказаць, што авантурыстаў, а па-беларуску, відаць, лепей будзе — авантурнікаў, у нашай мінуўшчыне ня меней, чым у іншых эўрапейскіх народаў.

Любую гісторыю ўпрыгожыла б, да прыкладу, неверагодна калярытная асоба беларускай вандроўніцы і лекаркі XVIII стагодзьдзя Саламеі Рэгіны Пільштыновай (у дзявоцтве Русецкай). У чатырнаццаць гадоў гэтае наваградзкае дзяўчо — зрэшты, ужо не дзяўчо, а замужняя кабета — трапляе ў Стамбул, дзе адкрывае ў сябе мэдычны талент. Пакручасты лёс вядзе Саламею па дарогах Асманскай і Расейскай імпэрыяў, Рэчы Паспалітай і землях "Сьвятой Рымскай імпэрыі германскай нацыі". Яна выкупляе ў туркаў палонных хрысьціянаў, беспамылкова арыентуецца ў Вене, Сафіі і Пецярбургу, сядзіць за сталом з атаманамі разбойнікаў і імпэратрыцай Ганнай Іаанаўнай. Яна круціць раманы, мае шырокую лекарскую практыку ў Нясьвіжы, трапляе на балі і ў вязьніцы, а завяршае сваю мэдычную кар’еру прыдворнай лекаркаю султанскага гарэму.

Вы не пашкадуеце, калі прачытаеце кніжку Валянціна Грыцкевіча "Адысея наваградзкай лекаркі", што выйшла ў сэрыі "Нашы славутыя землякі". А потым знайдзіце беларускі пераклад славутых мэмуараў Пільштыновай "Авантуры майго жыцьця", выдадзены на пачатку 1990-х выдавецтвам "Мастацкая літаратура". Нягледзячы на 5-тысячны наклад, кніга імгненна (відаць, хацелі трохі падвучыцца сучасныя авантурніцы?) зрабілася рарытэтам. Ведаю як рэдактар таго томіка.

Каб займеў машыну часу, адразу б выправіўся насустрач Саламеі. Зразумела, дзеля таго, каб здымаць рэдактарскія пытаньні.

Жыцьцё яшчэ аднаго нашага авантурніка Багуслава Радзівіла, што жыў за стагодзьдзе да Русецкай-Пільштыновай, магло б стаць асноваю для твору кшталту "Трох мушкетэраў". Шпагаю ён валодаў ня горш, чым героі Аляксандра Дзюма, быў зацятым дуэлянтам і за гэта аднойчы трапіў у Бастылію.Там, праўда, не затрымаўся, але ўволю папіць чырвонага віна з камамбэрам і кумпякамі, што ўваходзілі ў турэмнае мэню, пасьпеў. Хутка выйсьці на волю дапамагло знаёмства з францускім каралём. З ангельскім манархам генэрал каралеўскай гвардыі Рэчы Паспалітай Багуслаў Радзівіл паляваў, швэдзкаму — выратаваў жыцьцё. А яшчэ быў мэцэнатам і калекцыянэрам, дзякуючы чаму зьбярогся славуты Радзівілаўскі рукапіс. Пісаў песьні, нядрэнна маляваў і ўласнаручна зрабіў праект гарадзкіх умацаваньняў свайго Слуцку, пасьля пабудовы якіх горад пачалі называць "бастыёнам Літвы".

Нейкім дзівосным чынам лёс шмат якіх авантурнікаў быў зьвязаны з Шкловам. Непрыкметным шклоўскім настаўнікам быў напачатку чалавек, якога расейская гістарыяграфія называе Ілжэдзьмітрыем ІІ. Адзін з князёў Чартарыйскіх, валодаючы Шкловам, выславіўся такімі маштабнымі фінансавымі махінацыямі, што ад суду ўратаваўся толькі дзякуючы магутнаму лобі ў расейскай сталіцы. Але гэта былі дзіцячыя забаўкі ў параўнаньні з тым, як разгарнуўся, атрымаўшы Шклоў, адстаўны фаварыт Кацярыны ІІ граф Сямён Зорыч. Круты віраж фартуны не адбіў у графа жаданьня жыць па-царску. Апрача ўсяго іншага, ён завёў сабе тэатар з опэрнай, балетнай і драматычнай трупамі, якія яшчэ і забясьпечвалі адаліскамі графскі гарэм. Авантурная асоба сэрба Зорыча прыцягвала блізкіх духам людзей з усёй Эўропы. Камэндантам у яго служыў паляк, поштаю кіраваў саксонец, дняпроўскі перавоз належаў вэнэцыянцу, машыністам пры тэатры служыў былы жыхар Флярэнцыі, адказным за напоі да стала яго сіяцельства быў прызначаны маладаванін... Празь пяць гадоў кіраваньня Шкловам даўгі Зорыча складалі ўжо фантастычную лічбу — 800 тысяч рублёў. Тады ён выпісаў з сваёй далёкай радзімы двух спэцыялістаў, якія прытарабанілі з сабою набыты ў Брусэлі друкарскі варштат. Ніводнай кнігі зь яго не сышло, бо спэцыялісты былі іншага профілю. Сьледчай камісіі ўсіх здаў прыдворны карлік Лукашка, які ня раз бачыў скрынкі, дзе пад калодамі картаў ляжалі пачкі навюткіх буйных асыгнацыяў.

Як бачым, слава Шклова мае сумнеўнае адценьне, але ад розных рызыкоўных аналёгіяў з сучаснасьцю ўстрымаемся.

Авантурнікаў у нас хапала (ці, можа, усё ж крыху не хапала?) заўсёды. Вашыя Расоны, спадар Юры, таксама не былі ў гэтым сэнсе ціхай завоінай. У 1920-я гады сакратаром Расонскага райкаму партыі, а адзін час і старшынёй камісіі праверкі беларусізацыі ў Расонскім раёне быў Паўлюк Шукайла, па сумяшчальніцтве — скандальны паэт, якому прыпісваецца замілавана-лірычны вершык такога зьместу:

Выйду я на сенажаць
Ды з нагану ў жабу — бац!


Шукайла выходзіў на свае жыцьцёвыя й творчыя сенажаці, надзеўшы "баярскую" бабровую шапку і паліто з заморскім кенгуровым каўняром ды захапіўшы цяжкую сукаватую кульбу. У сваім расонскім кабінэце побач з Марксам ён замест Леніна (мабыць, шукаючы ў адпаведнасьці з прозьвішчам усё новых і новых прыгодаў) павесіў на сьцяне ўласны партрэт, пад якім склаў яшчэ адзін славуты верш, дзе называў натхнёна апеты мноствам калегаў васілёк пустазельлем і "пагубнай кветкай палёў".

Але часы былі нялітасьцівыя і да такіх моцных натураў. Заканчэньне Камуністычнай акадэміі ў Маскве не ўратавала Шукайлу ў 1930-м ад арышту. Аднак неўзабаве ён ня проста вызваліўся, але нават атрымаў званьне прафэсара кінамастацтва. Пасьля другой адседкі, праўда, ужо быў бамжом-інвалідам, а трэці арышт стаўся фатальным.

Гадоў пяць таму мне давялося рэдагаваць кніжку маладога і здольнага гісторыка, прысьвечаную якраз беларускім авантурнікам. Тая па-свойму ўнікальная праца ў сьвет, здаецца, дагэтуль ня выйшла. Калі ейны аўтар раптам чуе ці чытае мяне зараз, дык можа лішні раз пераканацца, што кніжка па-ранейшаму запатрабаваная. І ня толькі ў Расонах.

Можа, у ХХІ стагодзьдзі нам, беларусам, насамрэч бракуе авантурнасьці?