Актывіста “Правага альянсу” ня выпусьцілі з Акрэсьціна

Менскі ізалятар часовага ўтрыманьня на завулку Акрэсьціна.

Сёьня выйшла на волю Тацяна Семянішчава, якую затрымалі 3 верасьня разам яшчэ з шасьцю анархістамі. Актывіста «Правага альянсу» Ігара Чапігу так і ня выпусьцілі зь менскага ізалятара часовага ўтрыманьня на завулку Акрэсьціна. Тым часам установе «Правы альянс» пагражае закрыцьцё праз суд.

Бацькі і сябры актывіста «Правага альянсу» Ігара Чапігі дарэмна чакалі ягонага вызваленьня з ізалятара на Акрэсьціна. Напярэдадні ад адваката стала вядома, што ўтрыманьне Ігара Чапігі працягнутае да 14 верасьня і цягам дня актывіста мусяць вызваліць, аднак гэтага не адбылося.

Сябра Ігара Аляксандр Гусеў: «Мы прааналізавалі сытуацыю. Бачым, што анархістаў, якіх затрымалі 3-га верасьня, вызвалілі 13-га — гэтак, адпаведна, і наш чалавек, якога затрымалі 8-га, будзе адпушчаны 18-га. У суботу ці, у лепшым выпадку, у пятніцу. Пакуль у краіне такая праваўжывальная практыка, наўрад ці ён раней выйдзе. Афіцыйна нам нічога на Акрэсьціна ня кажуць. Нам зразумела, што інкрымінаваць Ігару падпал расейскай амбасады ці міліцэйскага ізалятара немагчыма, у яго стопрацэнтнае алібі. Але ідзе адпрацоўка актывістаў у межах будучай прэзыдэнцкай кампаніі».

Сёньня выйшла на волю Тацяна Семянішчава, якую затрымалі 3 верасьня. Паводле зьвестак, яшчэ за кратамі застаюцца актывіст незафрэгістраванай Партыі свабоды Сяргей Папоў і эколяг Уладзімер Валодзін, якіх затрымалі прыкладна ў адзін час зь Ігарам Чапігам, а таксама анархісты Аляксандар Бугаёў, Мікалай Дзядок і Аляксандар Францкевіч, затрыманыя 3-га верасьня. Аляксандра Францкевіча абвінавачваюць у нападзе на пастарунак міліцыі ў Салігорску, а Мікалая Дзядка — у абрабаваньні мінака. Што інкрымінуюць астатнім — невядома. У прэсавай службе МУС раней паведамлялі, што гэтыя людзі правяраюцца на датычнасьць да нападу на філіял «Беларусбанку» і «Дом прафсаюзаў» у красавіку. У міліцыі Менску казалі, што правяраюць таксама, ці маюць затрыманыя дачыненьне да нападу на амбасаду Расеі.
Няўжо будзе лепш, калі мы будзем дзейнічаць незарэгістравана, як 6 гадоў раней дзейнічалі.


Тым часам управа юстыцыі Менгарвыканкаму праз суд дамагаецца ліквідацыі ўстановы «Правы альянс» — на той падставе, што нібыта яе дзейнасьць не адпавядае статуту. Разгляд гэтай справы пачнецца ў Менскім гаспадарчым судзе заўтра, 15 верасьня. Адзін з кіраўнікоў «Правага альянсу» Юрась Карэтнікаў мяркуе:

«Калі нам сёньня кажуць, што вы парушаеце свой статут і займаецеся палітыкай — дык мы гэтага і не хавалі. Наша праца ў межах установы ёсьць паказчыкам імкненьня працаваць у прававым полі. Няўжо будзе лепш, калі мы будзем дзейнічаць незарэгістравана, як 6 гадоў раней дзейнічалі, і нас знайсьці будзе немагчыма?»

Зрабіўшы некалькі няўдалых спробаў зарэгістравацца як палітычная арганізацыя, год таму «Правы альянс» атрымаў рэгістрацыю як асьветніцкая ўстанова. Сярод найбольш вядомых ягоных спраў — кампанія за забарону неабмежаванага продажу макавага насеньня і продажу праз інтэрнэт паўлегальных наркатычных сумесяў «Спайс», «Крысталіюс» ды іншых. Паводле Юрася Карэтнікава, «Правы альянс» мае афіцыйную падзяку за сваю ініцыятыву ад Савету бясьпекі. Гэта, аднак, не ўратавала сяброў арганізацыі ад праверкі па гучнай справе аб нападзе на расейскую амбасаду 30 жніўня.