25 чэрвеня ў Менску адбылася чарговая сэсія Парлямэнцкага сходу Саюзу Беларусі і Расеі. Вялікая колькасьць журналістаў дарэмна чакала старшыню гэтай структуры Барыса Грызлова і яго першага намесьніка Ўладзімера Андрэйчанку. Яны да прэсы так і не падышлі. Таму пытаньні пра складанасьці беларуска-расейскіх дачыненьняў давялося задаваць асобам менш высокага рангу.
Калі журналісты атрымалі на рукі некаторыя дакумэнты сёньняшняй сэсіі, нехта зь іх пажартаваў: «А каму патрэбна пазалеташняя бульба?» Жарт нарадзіўся невыпадкова — сёньня дэпутаты зацьвердзілі выкананьне бюджэту Саюзу за… 2008 год.
Намесьніца старшыні Камітэту дзяржаўнага кантролю Беларусі Раіса Саўрыцкая гаварыла пра злоўжываньні, выяўленыя Падліковай палатай Расеі і Камітэтам дзяржаўнага кантролю Беларусі :
«Асноўная доля выдаткаў прыпадае на фінансаваньне 48 праграм, падпраграм і мерапрыемстваў. Сродкі на гэтыя мэты асвоілі ў памеры 83% супраць 90% у 2007 годзе. Як бачым, фінансавая дысцыпліна дзяржаўных заказчыкаў праграм у 2008 годзе пагоршылася».
Са слоў кантралёра відаць, што сабе саюзныя чыноўнікі грошай не шкадавалі:
«На ўтрыманьне органаў саюзнай дзяржавы і тэлерадыёвяшчальнай кампаніі летась патрачана 500 мільёнаў рублёў, альбо 11% бюджэту. Праверка выявіла парушэньні ў выдаткоўваньні гэтых сродкаў. Прычым на ўсе віды парушэньняў 2008 году кантрольныя органы Расеі і Беларусі зьвярталі ўвагу і раней. Гэта — аплата працы, выдаткі на камандзіроўкі, матэрыяльная дапамога на санаторна-курортнае аздараўленьне, выдзяленьне службовых кватэр».
Усё скончылася тым, што дэпутаты прынялі гэты ды іншыя дакумэнты да ведама.
Расейскія дэпутаты, напрыклад, Андрэй Какошын ухіліліся ад камэнтароў наконт газавай вайны. Таму журналістам адказаў амбасадар Расеі Аляксандар Сурыкаў, які сказаў, што лідэры дзьвюх краін «праявілі мудрасьць на этапе апошніх дзён і зьнялі ўсе пытаньні як па абмежаваньні паставак газу, так і па ягоным транзыце»:
«А далей няхай працуюць у рамках падпісанага кантракту. Пажадана, каб такія спрэчкі заканчваліся судовымі справамі. Бо калі ў ролі судзьдзяў выступаюць вышэйшыя службовыя асобы, гэта не зусім прыемна для народу», — заявіў Аляксандар Сурыкаў.
Расейскі дыплямат таксама выказаўся наконт далейшых пэрспэктываў супрацоўніцтва дзьвюх краін:
Наступстваў ніякіх гэта не прынясе. Мы захоўваем курс на далейшую інтэграцыю, у тым ліку і ў саюзнай дзяржаве.
«Наступстваў ніякіх гэта не прынясе. Мы захоўваем курс на далейшую інтэграцыю, у тым ліку і ў саюзнай дзяржаве. Аднак непрыемны асадак у народу застаецца».
Між тым беларуска-расейскія дачыненьні могуць зноў сапсавацца на наступным тыдні. У адрозьненьне ад сваіх калегаў з Расеі і Казахстану, беларускія дэпутаты дагэтуль не ратыфікавалі Мытны кодэкс Мытнага саюзу «тройкі». Гэты дакумэнт павінен уступіць у сілу з 1 ліпеня, а ў Палаце прадстаўнікоў да заканчэньня сэсіі заплянавана толькі адно паседжаньне — 30 чэрвеня.
Сёньня я спытаўся ў старшыні Камісіі па міжнародных справах і сувязях з СНД Палаты прадстаўнікоў Сяргея Маскевіча, ці можа ён упэўнена адказаць: адбудзецца ці не ратыфікацыя гэтых дакумэнтаў 30 чэрвеня? Дэпутат даў такі адказ:
«Не магу я сказаць упэўнена. Ну, а гадаць — гэта такая справа…»
Менавіта міжнародная камісія рыхтавала да ратыфікацыі дакумэнты пра Мытны зьвяз. На яе паседжаньні дэпутаты раілі ўключыць разгляд дакумэнтаў у парадак дня сэсіі. Кіраўніцтва Палаты прадстаўнікоў так і зрабіла.