Храналёгія беларуска-расейскіх гандлёвых войнаў

Цяперашні газавы канфлікт паміж Беларусьсю і Расеяй – далёка ня першы ў двухбаковых адносінах, прынамсі, цяперашні канфлікт да дробязяў паўтарае канфлікт жніўня 2007 году, калі Беларусь завінаваціла “Газпрому” амаль паўмільярды даляраў. Тады таксама прагучалі пагрозы скараціць пастаўкі, быў дадзены тыднёвы ўльтыматум і беларускі бок выплаціў усю суму.



Прапануем вашай увазе агляд галоўных “бітваў” беларуска-расейскіх гандлёвых войнаў.

Перадумовы

1999

  • 8.12.1999 – Аляксандар Лукашэнка і Барыс Ельцын падпісваюць пагадненьне аб стварэньні Саюзнай дзяржавы, у якім абгаворваецца ўвядзеньне расейскага рубля ў якасьці адзінай валюты, з адзіным эмісійным цэнтрам у 2005–ым годзе.

2002


  • 12.04.2002 – Падпісанае пагадненьне аб працягу паставак газу ў Беларусь па ўнутрырасейскіх цэнах (29 даляраў за 1000 м2), з умовай стварэньня сумеснага беларуска–расейскага прадпрыемства на базе Белтрансгазу да ліпеня 2003–га году.

2003

  • Верасень 2003 – З-за адсутнасьці прагрэсу ў спрэчках зь Менскам аб кошце акцыяў Белтрансгазу, Газпром абвяшчае аб павелічэньні цаны газу для Беларусі на 2005–ы год больш чым у паўтара разы – да 50 даляраў за 1000 м3.

2004


  • Люты 2004 – Газпром закідае Беларусі незаконны адбор транзытнага паліва і двойчы перапыняе пастаўкі. Пад уціскам Эўропы ён, аднак, вымушаны іх узнавіць, нягледзячы на нявырашанае пытаньне з Белтрансгазам. Цана крыху зьмяншаецца – да 46.68 даляраў за 1000м3.

2005


  • Студзень 2005 – Беларусь, насуперак дамоўленасьці, адмаўляецца ўвесьці расейскі рубель, матывуючы гэта фінансавымі стратамі, якія рэспубліка ў выніку панясе. Прэм'ер-міністар Сяргей Сідорскі прапануе Расеі выплаціць Менску кампэнсацыю памерам 2 мільярды даляраў. Расея адмаўляецца, прапаноўваючы, аднак, крэдыт.
  • Верасень 2005 – студзень 2006 – Расея часткова забараняе імпарт цукру зь Беларусі, закідаючы Менску рээкспарт цукру трэціх краінаў.

2006

  • Травень 2006 – часопіс “Коммерсант”, са спасылкай на крыніцу ў Крамлі, паведамляе пра тое, што на нарадзе ў прэзыдэнта У. Пуціна распрацаваная стратэгія паступовага скасаваньня энэргетычных і гандлёвых датацый Беларусі.
  • Чэрвень 2006 – Газпром абвяшчае аб павышэньні цаны на газ для Беларусі на 2007 год болей чым у чатыры разы – да 200 даляраў за 1000 м3.
  • Лістапад 2006 – міністэрства эканомікі Расеі накіроўвае ў свае рэгіёны ліст з інструкцыяй абмежаваць імпарт шэрагу беларускіх тавараў. Масква абвяшчае аб абмежаваньні допуску беларускай прадукцыі да расейскіх дзяржзакупак.
  • Сьнежань 2006 – Газпром пагражае спыніць пастаўкі з першага студзеня ў выпадку, калі да новага году ня будзе падпісаны кантракт паводле новай цаны (200 даляраў за 1000 м3).
  • 31.12.2006 23:56 – на перамовах у Маскве беларускі бок падпісвае кантракт аб пастаўках. Яму удаецца зьбіць цану да 100 даляраў за 1000 м2, але пры гэтым акрэсьлены пераходны пэрыяд паступовага павелічэньня цаны на расейскі газ, з тым, што ўрэшце Менск будзе плаціць па сусьветных коштах. Часткай дамовы зьяўляецца зацьвяржэньне схемы продажу паловы пакету акцый “Белтрансгазу”.
  • 12.12.2006 – Расея абвяшчае аб увядзеньні для Беларусі экспартнага мыта на нафту.

2007

  • 1.01.2007 – Нафтавае мыта ўводзіцца ў памеры 180 даляраў за тону.
  • 3.01.2007 – Менск у адказ уводзіць транзытнае мыта на расейскую нафту ў памеры 45 даляраў за тону.
  • 8.01.2007 – Расейская кампанія “Транснефть” перапыняе пастаўкі нафты.
  • 10.01.2007 – пасьля тэлефоннай размовы Лукашэнкі з Пуціным бакі дамаўляюцца аб памяншэньні экспартнага мыта да 53 даляраў за тону. Беларусь скасоўвае транзытнае мыта.
  • 23 сакавіка 2007 – Гандлёвае пагадненьне: скасоўваюцца фактычна ўсе абмежаваньні для расейскага імпарту ў Беларусь. Афармляецца павелічэньне коштаў на газ.
  • Жнівень 2007 “Газпром” заяўляе, што Беларусь плаціла за пастаўкі газу ў 2007 годзе 55% цаны. Было заяўлена, што калі Беларусь на працягу тыдня не пагасіць запазычанасьць, пастаўкі газу будуць скарочаныя на 45%. 8 жніўня Беларусь выплаціла запазычанасьць 456 мільёнаў даляраў.


2008

  • Жнівень 2008 – Расейскія нафтавыя гіганты Лукойл і Роснефть зьвяртаюцца да Менску з прапановай купіць беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы (Нафтан і Палімір), Менск адмаўляе.
  • Ліпень 2008 – Пуцін абвяшчае аб неабходнасьці ўвядзеньня 40–ка паправак у гандлёвае пагадненьне ад 23 сакавіка 2007. Расея фактычна адлучае Беларусь ад дзяржзакупак.
  • Жнівень 2008 – Расея падвышае экспартнае мыта на нафту.
  • Россельхознадзор абвяшчае, што са сьнежня 2008 з-за неадпаведнасьці санітарным нормам будуць забароненыя пастаўкі ў Расею 20–ці беларускіх прадпрыемстваў па перапрацоўцы прадукцыі жывёлагадоўлі.
  • Лістапад 2008 – Абвал сусьветных цэнаў на нафту. Праца беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў становіцца стратнай.
  • Лістапад 2008 – Беларусь падпісвае пратаколы аб папраўках у гандлёвае пагадненьне.
  • Экспарт беларускай тэхнікі ў Расею скарачаецца ў разы.
  • Менск абавязваецца даць расейскім прадпрыемствам аднолькавы доступ да сваіх дзяржзакупак, як і айчынным.
  • Падпісваецца рэглямэнт аб парадку пераходу Беларусі на расейскі рубель, неадкладна ў рублі пераводзяцца разьлікі за газ і нафту.
  • Беларускі ўрад абяцае прадаць расейскім інвэстарам малочныя і нафтаперапрацоўчыя заводы (паводле часопісу Newsweek, са спасылкай на высокапастаўленую крыніцу ў Крамлі).
  • Россельхознадзор адмяняе заплянаваныя на сьнежань абмежаваньні на імпарт беларускай жывёлагадоўчай прадукцыі.
  • Прэзыдэнт Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў абяцае, што ў 2009 годзе, газ у Беларусь будзе пастаўляцца па сярэднегадавой цане (незалежна ад штомесячных скачкоў сусьветнай цаны на нафту, да якой прывязаны каафіцыент).

2009

  • Красавік 2009 – “Газпром нефть” зьвяртаецца з прапановай выкупіць кантрольны пакет акцыяў Мазырскага НПЗ, Менск адмаўляе.
  • Травень 2009 – Расейскі малочны канцэрн “Юнімілк” зьвяртаецца да Беларусі з прапановай купіць акцыі двух малакаперапрацоўчых заводаў, Менск адмаўляе.
  • Травень 2009 – Міністар фінансаў Расеі Аляксей Кудрын заяўляе, што Масква адмаўляецца выдаць чарговую траншу расейскага крэдыту памерам у паўмільярда даляраў. Заявай аб магчымым дэфолце наносіцца ўдар па банкаўскай сыстэме краіны.
  • Чэрвень 2009 – Расея спыняе закупкі беларускай малочнай прадукцыі
  • 14–17 чэрвеня 2009 – Менск байкатуе саміт АБКБ і ўводзіць мытны кантроль на расейскай мяжы.
  • 17 чэрвеня 2009 – Расея ўзнаўляе допуск беларускай малочнай прадукцыі на расейскі рынак. Беларусь здымае ўзмоцнены кантроль на расейскай мяжы. У выніку малочнай вайны беларускі бюджэт губляе паўмільярда даляраў.
  • Чэрвень 2009 – Газпром выстаўляе патрабаваньне даплаціць за пастаўлены газ па вышэйшай цане, насуперак папярэдняй вуснай дамоўленасьці, а на наступны год абвяшчае аб павелічэньні цаны да 200 даляраў за 1000 м2

2010

  • Сьнежань 2009 – студзень 2010 Расея мяняе ўмовы паставак нафты ў Беларусь: 6.3 мільёна тон для ўнутраных патрэбаў Расея гатовая пастаўляць бяз мыта, астатняе (каля 14 мільёнаў тон) з поўным мытам. Беларусь настойвае на тым, што ў мытным саюзе, падпісаным у 2009 годзе лідэрамі Беларусі, Казахстану і Расеі, ня можа быць мытаў паміж краінамі-чальцамі. 27 студзеня Беларусь і Расеяй падпісваюць пагадненьне на падставе расейскай прапановы.
  • Чэрвень 2010 «Газпром», а кіраўнікі Расеі Д. Мядзьведзеў і Ў. Пуцін заяўляюць, што Беларусь з пачатку 2010 году плаціць за газ па адвольных цэнах. Паводле расейскага боку, назапасілася запазычанасьць у памеры 200 мільёнаў даляраў.
  • 15 чэрвеня прэзыдэнт РФ Д. Мядзьведзеў выставіў Беларусі ўльтыматум: пагасіць запазычанасьць на працягу 5 дзён, інакш будуць скарочаныя пастаўкі газу.