Cёньня ў Менску ў будынку харэаграфічнага каледжа адкрыўся V Міжнародны кангрэс беларусістаў. На ім сабраліся больш за 170 дасьледчыкаў беларускай мовы, літаратуры, этнаграфіі, культуры, гісторыі з Польшчы, Нямеччыны, Украіны, Літвы, Расеі, ЗША, Аўстрыі, Швайцарыі, Ізраілю, Вялікабрытаніі і іншых краін сьвету.
Шэраг дэлегатаў і гасьцей кангрэсу выказалі салідарнасьць з арыштаваным беларускім паэтам Уладзімерам Някляевым.
Кангрэс навукоўцаў-беларусістаў — магчыма, адзіны ў сьвеце міжнародны форум, дзе мова міжнацыянальных зносін — беларуская. У часе кангрэсу ў дыскусіях навукоўцы з Польшчы і Англіі, Чэхіі і Нямеччыны карысталіся пераважна беларускай мовай з самымі рознымі акцэнтамі.
Асацыяцыя беларусістаў існуе 19 гадоў і зрабіла шмат — гаворыць адзін зь яе ганаровых сябраў Радзім Гарэцкі:
«Актыўная і цікавая арганізацыя, вельмі патрэбная беларусам, улічваючы асабліва такі стан беларускай мовы і адносіны дзяржавы да беларускай культуры, мовы, усёй беларушчыны».
Намесьнік міністра культуры Беларусі Тадэвуш Стружэцкі, які вітаў кангрэс, казаў, што ягонае ведамства ў меру магчымасьцяў садзейнічае пашырэньню ўжытку беларускай мовы:
«Нацыянальная культура ня можа паўнавартасна існаваць безь беларускамоўнага асяродзьдзя. Дарэчы, у нас і не дыскутуецца праблема беларускай мовы. Сёньня большасьць супрацоўнікаў апарату вольна валодае беларускай мовай. Справаводзтва таксама вядзецца на беларускай мове».
Навукоўцы ж казалі пра іншае. Прафэсар Эльжбета Смулкова з Варшавы зафіксавала выхад з ужытку мясцовых беларускіх гаворак і пераход на расейскую мову як асноўны сродак камунікацыі ў заходніх рэгіёнах Беларусі:
«Актуальна пераважае тэндэнцыя да моўнай уніфікацыі, што падтрымоўваецца сярод жыхароў дасьледаваных намі вёсак мовай горада і моўнай палітыкай дзяржавы».
Ангельскі дасьледчык літаратуры Арнольд Макмілін канстатаваў нэгатыўнае стаўленьне беларускіх уладаў да шмат каго зь беларускіх літаратараў, якія ім недаспадобы. Сьведчаньнем гэтага — тое, што юбілей народнага паэта Рыгора Барадуліна прайшоў незаўважаным у дзяржаўных СМІ. Увогуле свой выступ «Стан сучаснай беларускай літаратуры вачыма замежніка» ён публічна прысьвяціў арыштаванаму паэту Ўладзімеру Някляеву. Пазьней спадар Макмілін так патлумачыў «Свабодзе» свой учынак:
«Справа ў тым, што я даведаўся ўчора, што арыштавалі Някляева. Я быў шакаваны. І таму я хацеў, каб мой выступ быў яму падтрымкай».
Арнольд МакМілін нядаўна выдаў фундамэнтальны том па гісторыі сучаснай беларускай літаратуры — на 1100 старонак, унікальнае дасьледаваньне на ангельскай мове.
У канцы пленарнага паседжаньня да ўдзельнікаў зьвярнуўся прадстаўнік грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!» Юры Алейнік, які паведаміў, што затрыманы Ўладзімер Някляеў:
«Сёньня гэты чалавек, імя якога, я ўпэўнены, вядома кожнаму з вас і гучала тут з вуснаў спадара Макміліна, знаходзіцца за кратамі. Ужо другі дзень. Адна з прычынаў — збор подпісаў за перайменаваньне адной зь менскіх вуліц і адной станцыі мэтро ў гонар Васіля Быкава».
Актывісты кампаніі «Гавары праўду» сабралі сярод удзельнікаў кангрэсу беларусістаў некалькі дзясяткаў подпісаў за такое ўшанаваньне імя Васіля Быкава.
Гаворыць адзін зь іх, Міхал Пашкевіч: «Вельмі актыўна ставяць подпісы тыя людзі, якія прыехалі не зь Беларусі нават, тыя, якія займаюцца тэматыкай Беларусі і беларускай мовай. Дэлегаты да гэтай тэмы ставяцца шчыра, з павагай».