Зь Бішкеку паведамляюць пра адхіленьне ад улады прэзыдэнта Кіргізстану Курманбэка Бакіева, які прыйшоў да ўлады ў 2005 годзе ў выніку "тульпанавай рэвалюцыі".
Апазыцыя вінаваціла яго ў аўтарытарызьме і карупцыі. На просьбу "Свабоды" беларускія палітыкі і палітолягі камэнтуюць падзеі ў Кіргістане і разважаюць, ці магчыма іх паўтарэньне ў Беларусі.
На другі дзень забурэньняў у Кіргізстане з кароткім камэнтаром наконт гэтых падзеяў выступіла МЗС Беларусі. Яно зрабіла акцэнт на тым, што "вулічнае супрацьстаяньне ня можа быць сродкам вырашэньня ўзьнікаючых праблем". Менск заклікаў бакі кіргіскага канфлікту ўстрымацца ад далейшага гвалту, аднавіць палітычную стабільнасьць у грамадзтве і прадэманстраваць гатоўнасьць да ўрэгуляваньня ўсіх пытаньняў у рамках прававога поля.
Менскі гісторык і палітоляг Аляксей Кароль пакуль не гатовы вызначыць, што адбываецца ў Кіргізстане — рэвалюцыя, бунт ці пераварот:
"Думаю, што гэта бліжэй да перавароту, у аснове якога ёсьць імпульсы незадавальненьня вялікіх масаў насельніцтва пагаршэньнем іх стану і адсутнасьцю дэмакратычных свабодаў. Сваю ролю выконвае і кланавая структура, якая захавалася ў краіне, ідзе ўнутраная барацьба кланаў за вышэйшую ўладу".
Падзеі ў Бішкеку былі добра падрыхтаваныя,— перакананы лідэр ЛДПБ Сяргей Гайдукевіч:
"Вялікая арганізацыйная структура, цалкам вышкаленая, усё падрыхтавана і працуе, як гадзіньнік. Там нічога стыхійнага няма. Мала таго, трэцяя частка кіроўнай вярхушкі чакала гэтых падзей. А спэцслужбы былі дэзарыентаваныя".
Станіслаў Шушкевіч у свой час меў кантакты зь вядомымі кіргіскімі палітыкамі, у тым ліку з экс-прэзыдэнтам Аскарам Акаевым:
"Я таксама вельмі часта сустракаўся з былым прэм'ерам Турсунбэкам Чынгышавым. Ён казаў мне простую рэч: "Была ў нас рэвалюцыя, а цяпер усё стала на тыя самыя рэйкі, што і да рэвалюцыі, наш новы прэзыдэнт пайшоў тым жа шляхам, што і стары".
Падзеі ў Кіргізстане сьведчаць, што там пакуль няма такога ўзроўню палітычнай сьвядомасьці, каб ісьці стандартным шляхам дэмакратыі; як і ў іншых краінах Цэнтральнай Азіі, там адраджаецца аўтарытарызм, перакананы Станіслаў Шушкевіч:
"Я думаю, што ў пэўным сэнсе і ў нас тое самае адбываецца, толькі што ў нас больш талерантныя і цярплівыя людзі. Яны прызвычаіліся цярпець".
Паўтарэньне нечага падобнага да кіргіскіх падзеяў у Беларусі малаверагоднае, — мяркуе гісторык і палітоляг Аляксей Кароль:
"Не, у бліжэйшай пэрспэктыве немагчыма, і думаю, што й на далейшую — таксама. Гістарычна Беларусь дэманструе мірныя, павольныя перамены. І нават калі ў мінулым былі рэвалюцыі, то ход падзей тут быў больш прыцішаны і спакойны. Мой прагноз для Беларусі — гэта больш паступовая, хваравітая трансфармацыя на працягу доўгага пэрыяду".
Менскі палітоляг Юры Чавусаў мае падобную думку:
"Калі казаць па сутнасьці, то безумоўна — не, таму што структура ўладаў і разьмеркаваньне стасункаў паміж элітнымі групоўкамі ў Беларусі кардынальным чынам адрозьніваецца. Беларусь — гэта краіна, якая перажыла мадэрнізацыю савецкага пэрыяду, і гэта паўплывала на стасункі ўнутры грамадзтва больш, чым у Цэнтральнай Азіі. Там мы бачым вайну рэгіянальна-кланавых груповак".
Што да формы кіргіскіх падзей, то Юры Чавусаў мяркуе, што ад бунту ці мяцяжу ніякая краіна не застрахаваная, у тым ліку і Беларусь:
"Калі б у Беларусі раптам перастала працаваць тая мадэль уладнай вэртыкалі, якая існуе, то магчыма, што і такая форма была б абраная, рэвалюцыйная, пэўнымі групамі ўнутры нашай краіны".