Супрацоўнікі міліцыі правялі ператрус і канфіскавалі кампутар у намесьніцы рэдактара “Народнай Волі” Сьвятланы Калінкінай. Гэта было зроблена праз некалькі хвілін пасьля ператрусу ў офісе “Хартыі-97”.
Вось што паведаміла Свабодзе Сьвятлана Калінкіна:
“Прыйшлі тыя самыя людзі, якія былі ў офісе “Хартыі-97”, тыя ж самыя панятыя, а гэта сьведчыць, што гэта нейкія штатныя людзі ходзяць на гэтыя ператрусы. Паведамілі, што ў іх ёсьць санкцыя Гомельскага пракурора на тое, каб забраць сыстэмны блёк. Што правяраецца матэрыял, разьмешчаны на сайце “Хартыі-97”. Я запыталася якое дачыненьне маю да гэтых матэрыялаў, але яны адказалі, што ня ведаюць, але магчыма, гэтыя зьвесткі ёсьць у Гомельскай пракуратуры. Гэткім чынам яны забралі мой сыстэмны блёк, а я ў пратаколе напісала, што лічу гэта антызаконнымі дзеяньнямі. У адпаведнасьці зь дзейным заканадаўствам, сьледчы, які праводзіў гэтую канфіскацыю, мусіць паведаміць пра маю скаргу пракурору. Пракурор мусіць даць мне адказ цягам трох дзён.
Крымінальная справа распачатая паводле артыкулу аб паклёпе. Гэта надуманы артыкул, але на гэтай падставе яны атрымалі магчымасьць заходзіць да любога чалавека, забіраць тэхніку, запалохваць, паводзіцца хамскі. Усё гэта робіцца ў спадзяваньні ўбачыць у тэхніцы крыніцы інфармацыі, над чым людзі працуюць. Што іх зараз вельмі непакоіць – што зараз рыхтуюцца чарговыя кнігі пра сытуацыю ў сучаснай Беларусі і, магчыма, яны шукаюць хто гэтыя кнігі рыхтуе. Ну і трэцяе – гэта дэмаралізацыя людзей, якія пішуць пра гучныя справы і гучныя тэмы”.