Літва хацела б атрымаць эўрапейскую дапамогу для будаўніцтва новай атамнай электрастанцыі. Пра гэта 15 сакавіка заявіў журналістам міністар энэргетыкі Арвідас Секмокас, які вярнуўся з Брусэля.
"Мы чакаем прапаноў стратэгічных інвэстараў і па іх будзем бачыць, якая дапамога патрэбна, будзем працягваць дыялёг з камісарам па пытаньнях энэргетыкі і з рэгіянальнымі партнэрамі. Магчыма, гэта будзе тычыцца і фінансавай дапамогі, паколькі мы бачым гэта як адзіную палітыку атамнай энэргетыкі, якая ўключае ў сябе будаўніцтва новай АЭС, эксплюатацыі і закрыцьця Ігналінскай АЭС, пытаньне радыяактыўных адкідаў і радыяактыўную і ядзерную бясьпеку ", - сказаў Секмокас, паведамляе DELFI.
Раней літоўскія палітыкі і прадстаўнікі грамадзкасьці зьвярнуліся ў Эўрапарлямэнт з пратэстам супраць плянаў Беларусі пабудаваць АЭС у 23-х кілямэтрах ад мяжы з Літвой. Зварот быў зроблены пасьля грамадзкіх слуханьняў аб ацэнцы ўплыву будучай беларускай АЭС на навакольнае асяродзьдзе, якія прайшлі ў Вільні і не пераканалі літоўцаў у бясьпечнасьці станцыі.
Тым часам намесьнік міністра энэргетыкі Юрый Рымашэўскі заявіў нядаўна, што “мы ўвайшлі ў практычную фазу будаўніцтва АЭС. Завяршаюцца грамадзкія слуханьні ў сумежных дзяржавах, распрацоўваецца нарматыўна-прававая база, ідзе падрыхтоўка спэцыялістаў у ВНУ”.
Рымашэўскі паведаміў журналістам, што на Астравецкай пляцоўцы ў Гарадзенскай вобласьці ідуць падрыхтоўчыя працы — будуецца жытло, вытворчыя будынкі, дарогі, рыхтуецца будаўнічая база.
Намесьнік міністра ня выключыў, што да канца году ў Беларусі будзе прынятае дзяржаўнае рашэньне, паводле якога пачнецца будаўніцтва непасрэдна АЭС. Беларусь працягвае перамовы з Расеяй пра крэдыт на будаўніцтва АЭС. "Беларусь рэальна разьлічвае атрымаць крэдыт Расеі на гэтыя мэты", - сказаў Юры Рымашэўскі.
Нядаўна лідэр КХП БНФ Зянон Пазьняк сказаў "Свабодзе", што "літоўская АЭС ня будзе завязаная на расейскую сыравіну, і яе ня будуць будаваць расейскія спэцыялісты. І адпаведна яна ня будзе ў залежнасьці ад расейскай палітыкі. У Беларусі ўсё гэта ёсьць. І вынікі непрадказальныя, бо той праект, які прапаноўваецца – гэта небясьпечны праект".