Многія экспэрты называюць афіцыйны візыт у Беларусь прэзыдэнта Туркмэністану Гурбангулы Бэрдымухамэдава “энэргетычным”. Яны зыходзяць з таго, што гэта краіна мае вялікія радовішчы газу, а Беларусь зацікаўленая ў яго атрыманьні.
Менскі палітоляг Андрэй Фёдараў больш асьцярожны ў ацэнках такога падыходу:
“Я пакуль што ня бачу, як можна вырашыць гэту праблему тэхнічна, як гэты газ адтуль даставіць сюды. Усё роўна пакуль гэта можна зрабіць толькі праз Расею. Тыя праекты, якія існуюць у абыход Расеі, праз Каўказ і Ўкраіну яшчэ ў прынцыпе ня вырашаныя, а рэалізацыя іх бачыцца яшчэ дзесьці пазьней.Таму мне цяжка ўявіць, як туркмэнскі газ можа трапіць у Беларусь акрамя як праз Расею. А з Расеяй, мне здаецца, пытаньне будзе ня вырашана доўга”.