Нягледзячы на тое, што ўлады афіцыйна заявілі пра падвышэньне з 1 ліпеня мыта на аўтамабілі, якія ўвозяцца з-за мяжы, ажыятажу на гарадзенскім аўтарынку няма. Але няма і новых сьвежых прапаноў.
Нягледзячы на зімовую непагадзь, аўтамабільны рынак у Горадні па-ранейшаму працуе ў выходныя дні. І пакупнікоў, і прадаўцоў тут шмат. Праўда, тыя, хто гандлюе, кажуць, што ў навагоднія сьвяты продажы зьнізіліся.
Адны з гандляроў сьцьвярджаюць, што на рынку занадта высокія кошты, а другія дадаюць, што зараз не сэзон для продажу аўта.
Спадар: “Цяжка з гэтымі маразамі праверыць машыну: запусьціць, праехаць, паглядзець. Вось як бы так…”
Спадар, які займаўся ўвозам аўта пад заказ, тлумачыць, што перад новым годам, калі быў ажыятаж, напрывозілі шмат машынаў дзесяці і болей гадоў, і кошты на іх падняліся. Нейкі час, са слоў спадара, іх куплялі, але шмат і засталося.
Ён таксама зьвяртае ўвагу на тое, што зараз машыны пад заказ прыганяюць пераважна індывідуальныя прадпрымальнікі, якія плоцяць падаткі — ня так, як гэта раней рабілі так званыя “шэрыя гоншчыкі”.
Аўтамабіляў на рынку шмат, ня лішне высокай якасьці, але па высокіх цэнах. Кошт 10-12-гадовага аўта францускіх вытворцаў пачынаецца зь пяці тысяч даляраў.
Вось што кажа гандляр аўтамабілямі з пэўным досьведам:
Спадар: “Добрае танным не бывае, а тое, чаго шмат, — самае дрэннае. У мяне “Мазда”, якую прадаю, адна на цэлы рынак. Джыпаў няма добрых. Добрыя Аўдзі — дарагія. Калі захочаш такую машыну купіць, то трэба 10—11 тысяч даляраў аддаць”.
Ягоны калега паказвае калькулятар і кажа, што зараз за мыта трэба плаціць з разьліку 70 цэнтаў за адну адзінку магутнасьці рухавіка, а з 1 ліпеня машыны з-за мяжы наагул стануць недаступнымі.
Спадар: “Вось 1900 памнажаю на 1,5 — атрымліваецца 2800 даляраў . Гэта яшчэ адзін кошт машыны. Атрымліваецца, з 1-га ліпеня, калі будзеш купляць на Захадзе аўта, то аўтаматычна дадавай да цаны яшчэ адзін кошт машыны”.
Гандляры кажуць, што ажыятаж на продаж аўта адновіцца зь цёплым надвор’ем, бо часу да ліпеня ня надта шмат, а людзі ў нас яўна ня хочуць езьдзіць на расейскіх аўта.
Адзін з гандляроў мае свой рэцэпт, як набыць добрае аўта ў сёньняшніх неспрыяльных умовах:
Спадар: “Ёсьць адзіны шлях, які, дарэчы, спалучае ў сабе несумяшчальныя, як на сёньняшні час, рэчы — хутка, якасна і танна. Трэба купляць машыну ў Амэрыцы, праз інтэрнэт. Купляць нямоцна пашкоджаную ў аварыі — тысячы за дзьве, парамантаваць у нас, і ў цябе атрымаецца аўта, за якое ты сёньня плаціш на рынку 10—11 тысяч даляраў”.