“Прызначэньне Праляскоўскага — сыгнал, што ніякай лібэралізацыі тут ня будзе”

Што азначаюць новыя кадравыя перамены? Якія задачы прызначаны вырашаць новыя людзі? Як павінна паўплываць прызначэньне Алега Праляскоўскага на будучую прэзыдэнцкую кампанію? На гэтыя ды іншыя пытаньні у перадачы Экспэртыза Свабоды адказваюць публіцысты Аляксандар Фядута і Аляксандар Класкоўскі.
Аляксандар Фядута
Аляксандар Класкоўскі
Віталь Цыганкоў


Цыганкоў: Кожная зьмена на высокіх паверхах улады звычайна азначае, што новыя людзі павінны вырашаць нейкія новыя задачы? Да якіх задачаў пакліканыя тыя людзі, якія сёньня былі прызначаныя?

Мальцаў — чалавек зламаны...


Фядута: Я б зьвярнуў увагу найперш на ракіроўку Мальцава і Жадобіна. Вядома, што Жадобін вельмі няўтульна адчуваў сябе ў якасьці спачатку старшыні КДБ, потым — дзяржсакратара Рады бясьпекі. Усё ж такі ён вайсковец, і зараз вяртаецца ў тое ведамства, якое для яго арганічнае і роднае.

Зразумела, чаму ён вяртаецца. Леанід Мальцаў быў, на мой погляд, чалавекам зламаным. Яго спачатку моцна пакрыўдзілі, публічна абвінаваціўшы ў п’янстве, а потым вярнулі на пасаду міністра абароны. І гэты разумны і адукаваны вайсковец сышоў, каб вызваліць месца для, магчыма, менш адукаванага, але больш ляяльнага Жадобіна. Гэта азначае, што ўлада вельмі сур’ёзна рыхтуецца да прэзыдэнцкіх выбараў. Яшчэ і таму, што Мальцаў быў ляяльны да Лукашэнкі-старэйшага, а Жадобін будзе ляяльны і да Віктара Лукашэнкі.

Цыганкоў: Аляксандр, вы сказалі, што Мальцаў — чалавек зламаны. Але хіба не давядзецца яму праяўляць моцныя якасьці на гэтай пасадзе, калі прыйдзецца, напрыклад, рэгуляваць канфлікты паміж рознымі сілавымі групоўкамі?

Фядута: Ведаеце, калісьці я пісаў, што цэнтар улады залежыць не ад таго, якую пасаду займае Віктар Шэйман, а ад таго, ці слухае Шэймана Аляксандар Лукашэнка. Гэта тое, што адбываецца зараз з Мальцавым. Пасада, магчыма, і лічыцца больш значнай. Але, зразумела, што свабоды дзеяньняў у Мальцава на гэтай пасадзе будзе значна менш, чым было ў Жадобіна, і менш, чым было у самога Мальцава на пасадзе міністра.

Класкоўскі:
Увогуле, на беларускай шахматнай дошцы адзін — кароль, а астатнія — пешкі.
Я хачу найперш запярэчыць спадару Фядуту наконт таго, хто больш ці менш ляяльны. Я думаю, што гэта ў прынцыпе недапушчальна для кіраўніка, калі нават толькі цень падазрэньняў — то гэты чалавек адкідаецца вельмі далёка. Ці не галоўны прынцып падбору кадраў — гэта прынцып асабістай адданасьці. Улічваючы спэцыфіку беларускай улады, ступень падазронасьці, чаканьне розных змоваў — я думаю, што ляяльнасьць на першым месцы, і часам нават на страту прафэсійным якасьцям.

Што ж тычыцца пэрсаналіяў, то для мяне знакавым ёсьць прызначэньне спадара Праляскоўскага на пасаду міністра інфармацыі. Гэта сфэра вельмі праблемная. Калі Беларусь у нейкіх рэйтынгах інвэстыцыйнай прывабнасьці стала расьці ўверх, то ў рэйтынгах свабоды слова, ворагаў Інтэрнэту яна па-ранейшаму пляцецца ў хвасьце. І гэтае прызначэньне не дае тут ніякіх сьветлых пэрспэктываў.

Праляскоўскі доўгі час узначальваў ідэалягічную ўправу Адміністрацыі прэзыдэнта. У незалежнай прэсы гэты пэрыяд застаўся ў памяці як пэрыяд цяжкі, змрочны — гэта быў час ціску на прэсу. Менавіта Праляскоўскі агучваў ідэі, што трэба загнаць у нейкія межы Інтэрнэт, бо зашмат там анархіі і вольніцы. Так што гэта сапраўды знакавае прызначэньне, гэта сыгнал, што ніякай лібэралізацыі тут ня будзе.

Што да іншых прызначэньняў, то ўсё гэта людзі, мусіць, старанныя, але ніводнага зь іх я не магу назваць рэфарматарам, наватарам — гэта ня тая катэгорыя. Увогуле, на беларускай шахматнай дошцы адзін — кароль, а астатнія — пешкі.

Былыя кэдэбісты не мяняюцца


Цыганкоў: Працягнем размову пра адну з самых прыкметных постацяў гэтых прызначэньняў — Алега Праляскоўскага. Калі яго звольнілі, журналісты пісалі, што гэта знакавае адхіленьне, што дзьмуць пэўныя новыя ветры, і вось зараз гэты ж самы Праляскоўскі зноў прызначаецца на даволі істотную ідэалягічную пасаду міністра інфармацыі. Што гэта азначае?

Фядута:
Тое, што яго прызначылі зараз міністрам — гэта азначае, што ў мэдыйнай сфэры атрымліваецца пэўнае двоеўладзьдзе, якое нічога добрага не нясе незалежнаму друку.
Насамрэч яго нікуды не адхілялі, ён быў кіраўніком аналітычнага Цэнтру пры адміністрацыі прэзыдэнта, і вядома, што ён уваходзіў у абойму тых, каго прылічвалі да групы вакол Віктара Лукашэнкі. І тое, што яго адсунулі з адміністрацыі, сьведчыла, што ў апаратнай барацьбе паміж ім і Пяткевіч перамагла Натальля Пяткевіч. Тое, што яго прызначылі зараз міністрам — гэта азначае, што ў мэдыйнай сфэры атрымліваецца пэўнае двоеўладзьдзе, якое нічога добрага не нясе незалежнаму друку. Ня толькі мэдыям, але і друку наогул, таму што зараз кожны з людзей, які па пасадзе сваёй павінен уплываць на інфармацыйную і кніжную сфэры, будзе даказваць прэзыдэнту, што ён зьяўляецца больш эфэктыўным, а гэта заўжды за наш кошт.

Цыганкоў: Аляксандар, ці не дапускаеце вы, што людзі могуць мяняцца і выконваць новыя задачы, якія ставіць разьвіцьцё падзеяў? І Алег Праляскоўскі, які выконваў у свой час пэўныя задачы па ўцісканьні прэсы, можа зараз цалкам адпавядаць курсу на большую лібэралізацыю?

Фядута: Ён можа адпавядаць курсу на большую лібэралізацыю, але пакуль што няма падставаў, каб рабіць пэўную выснову, што ёсьць загад на курс на лібэралізацыю. Таму спадар Праляскоўскі, мажліва, і зьмяніўся, хаця наконт былых кэдэбістаў некалі Барадулін добра сказаў, што не бывае былых кэдэбістаў. Але, апроч гэтага, можна сказаць, што няма загаду і няма заказу зьверху на новую інфармацыйную і культурна-моўную палітыку.

Цыганкоў: Сярод іншых сёньня прызначаныя міністар эканомікі, міністар працы і сацыяльнай абароны, міністар падаткаў і збораў. Як слушна адзначыў Аляксандар Класкоўскі, многім людзям гэтыя прозьвішчы мала што кажуць — гэта не вядомыя эканамісты ці бізнэсоўцы, гэта чыноўнікі, якія дарасьлі да першых роляў. Ці кажа гэта штосьці пра тое, як дзяржава будзе ставіцца да эканамічных праблем? Ці можна сьцьвярджаць, што сапраўды кіраўніцтва дзяржавы лічыць, што ніякага надзвычайнага крызісу няма, усё можа ісьці сваёй хадой, і няма ніякіх падставаў для вялікіх эканамічных навацыяў і ўзрушэньняў?


Як пройдзе крызіс — мы зноў напоўніцу запусьцім нашу старую выпрабаваную эканамічную мадэль


Класкоўскі: Калі паглядзець біяграфіі гэтых людзей, то яны па-свойму красамоўныя: у прыватнасьці, той самы Снапкоў у якасьці альма-матэр мае Горацкую сельгасакадэмію, працаваў бугальтарам, эканамістам племзаводу — такія прыступкі службовай кар’еры. Я, напрыклад, не чытаў ніводнага ягонага артыкулу, падобнага артыкулу лібэральнага эканаміста Раманчука. Так што цяжка нейкіх канцэптуальных прарываў чакаць ад новага міністра.

І я хачу пагадзіцца са спадаром Фядутам: у нас жа не міністры, і нават не прэм’ер-міністар вызначаюць эканамічную палітыку, а самі ведаеце хто. І там, на самым версе, калі паслухаць развагі пра крызіс, увесь час гучыць рэфрэн: мы зараз, пакуль цяжка, трохі адкруцім гайкі, дамо болей самастойнасьці дырэктарату, бізнэсоўцам і г. д.. І падтэкст такі: як пройдзе крызіс — мы зноў напоўніцу запусьцім нашу старую выпрабаваную эканамічную мадэль. То бок, канцэптуальнага разуменьня, што патрэбная лібэралізацыя, што бяз гэтага нельга мадэрнізаваць краіну, таму што гэта ня проста новыя станкі паставіць, а гэта новыя эканамічныя стасункі і сацыяльныя мусяць быць — вось гэтага, на жаль, няма.
Яны шэрыя, безаблічныя, ня ўмеюць зьвязаць двух слоў, палохаюцца тэлекамэр.
Адсюль ідзе і падбор кадраў.

Калі глядзець гэтых людзей на прэс-канфэрэнцыях па тэлебачаньні — нават у параўнаньні з расейскімі чыноўнікамі яны прайграюць, бо яны шэрыя, безаблічныя, ня ўмеюць зьвязаць двух слоў, палохаюцца тэлекамэр. І вось гэткая правінцыйнасьць — з аднаго боку, выгадна вылучае адзінага беларускага харызматычнага палітыка, і, па-другое, нездарма кажуць, што чалавек — гэта стыль. І стыль кіраўніцтва ў Беларусі — такі: нехлямяжы, не сучасны, перастраховачны, кансэрватыўны і ўрэшце неэфэктыўны.

Фядута: Прызначэньне Мікалая Снапкова міністрам эканомікі — вельмі цікавае, бо апошняе месца, дзе ён працаваў — гэта намесьнік кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта. пра яго казалі, што гэта чалавек, які карыстаецца вялікім уплывам на пазыцыю і кіраўніка дзяржавы, і, што, магчыма, значна больш прыкметна, зьяўляецца эканамічным «гуру» яго старэйшага сына і «групы ваўчанят», калі іх можна так назваць. Вось гэта цікава.