Чым Мядзьведзеў раззлаваў Лукашэнку?

Прэзыдэнт Беларусі заявіў аб бессэнсоўнасьці сустрэчы прэзыдэнта Расеі зь беларускімі журналістамі. Чым Аляксандра Лукашэнку раззлавала прэсавая канфэрэнцыя Дзьмітрыя Мядзьведзева беларускім журналістам? Хто выйграў у публічнай прасторы ў выніку абмену інфармацыйнымі ўколамі паміж кіраўнікамі двух краінаў? На гэтыя пытаньні адказвае публіцыст Вадзім Казначэеў.

Віталь Цыганкоў
Цыганкоў: Чым можна патлумачыць пікіроўку паміж Лукашэнкам і Мядзьведзевым? Чаму Лукашэнку раззлаваў сам факт правядзеньня прэсавай канфэрэнцыі Мядзьведзева зь беларускімі журналістамі?
Казначэеў: Аб’ектыўных падстаў злавацца ў Лукашэнкі няма, бо сам прэзыдэнт Беларусі праводзіць падобныя мерапрыемствы даволі рэгулярна. Ён ніколі не пытаўся на гэта дазволу ў расейскай улады. А раззлавала яго, пэўна, тое, што і ў Маскве гэта можа стаць пэўнай практыкай.

Цыганкоў: Лукашэнка асабліва зьвярнуў увагу на паездку ў Маскву менавіта незалежных журналістаў. Сам ён з незалежнымі беларускімі журналістамі не размаўляе..

Вадзім Казначэеў
Казначэеў:
Так, калі ў свой час Лукашэнка зьбіраў прадстаўнікоў расейскіх СМІ, там было поўна журналістаў, якія крытыкавалі тагачаснага прэзыдэнта Ельцына. Лукашэнку гэта не спыняла. Проста ў Крамлі не было такой, як выглядае, даволі эфэктыўнай практыкі – а цяпер яна зьяўляецца.

Цыганкоў: Калі ацаніць абмен інфармацыйнымі ўколамі, які палітык, па-вашаму, больш выйграў?

Казначэеў: Цяжка тут вызначыў, бо кожны выступаў у сваёй звычайнай манэры. Мядзьведзеў умее вымаўляць такія правільныя фразы, якія, праўда, мала маюць дачыненьня да расейскай рэчаіснасьці. Лукашэнка паводзіў сябе, як заўжды, менш дыпляматычна, -- але гэта таксама звыкла. Таму цяжка сказаць, хто больш выйграў. Яны проста абмяняліся ўдарамі.

Цыганкоў: Але новым было тое, што калі раней Лукашэнка абменьваўся такімі ўдарамі з Пуціным, то цяпер інфармацыйная сутычка адбылася з Мядзьведзевым. І здаецца, першы раз.

Казначэеў: Магчыма, Лукашэнка традыцыйна лічыў, што калі намінальна першая фігура – гэта Мядзьведзеў, то яго крытыкаваць ня варта, а варта засяродзіць агонь крытыкі на Пуціна. Тым больш што, як вядома, асабістыя адносіны ў іх былі ня лепшыя. Цяпер Лукашэнка вырашыў, што гэта можна перанесьці і на Мядзьведзева. Але я не лічу гэта нечым вызначальным. Гэта сытуатыўна, бо проста цяпер нагоду для такой крытыкі даў сам Мядзьведзеў.