БХД схадзіла ў Мін’юст, зьбіраецца ў пракуратуру

Сустаршыні аргкамітэту дзеля стварэньня партыі Беларуская хрысьціянская дэмакратыя падалі дакумэнты ў Міністэрства юстыцыі на рэгістрацыю.
Цяпер стваральнікі БХД маюць зьвярнуцца ў пракуратуру Беларусі. Яны хочуць высьветліць, хто прымушае ўлады ад імя Мін’юсту выклікаць заснавальніка БХД і патрабаваць адклікаць свой подпіс.

Сустаршыня аргкамітэту Аляксей Шэін паведаміў, што заснавальнікі партыі яшчэ не пасьпелі перадаць дакумэнты ў Мін’юст, як яны ўжо адчулі на сабе ціск з боку уладаў.

Шэін паведаміў, што ўдзельнікаў зьезду выклікалі ва ўстановы выканаўчай улады і патрабавалі адклікаць свой подпіс.

31 кастрычніка адбыўся другі устаноўчы зьезд “Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі”.

Першы раз Мін’юст не зарэгістраваў БХД на той падставе, што некаторыя ўдзельнікі першага зьезду адклікалі свае подпісы.