Лукашэнка ў кампаніі з Клінтанам, Гавэлам і Саакашвілі

Юры Сьвірко

Чаму Лукашэнка, які ніколі ня быў у Курапатах, наведаў мэмарыял Галадамору ў Кіеве? Як менавіта вырашылі праблемы даўгоў прэзыдэнты Ўкраіны і Беларусі? Візыт Лукашэнкі камэнтуе рэдактар Кіеўскай газэты “Обзор” Юры Сьвірко.
Соўсь: Лукашэнка зь Юшчанкам ушанавалі ля помніку памяць ахвяраў Галадамору ва Ўкраіне. У Беларусі Лукашэнка ніколі ня быў на месцы масавых растрэлаў у Курапатах, ён жа – адзін зь ініцыятараў усталяваньня Лініі Сталіна пад Менскам, тут – ушаноўвае памяць ахвяраў Галадамору, хаця і не прызнае яго генацыдам супраць украінскага народу. Якія ацэнкі гэта выклікала ва Ўкраіне?

Сьвірко:
Найперш Лукашэнка патлумачыў, што прыехаў у Мэмарыял, бо хацеў ушанаваць памяць мільёнаў ахвяраў гэтай трагедыі і нават сказаў, што "ў Беларусі таксама нямала людзей загінула". Новы помнік Галадамору, які быў пабудаваны прэзыдэнтам Юшчанкам, месьціцца побач з Кіева-Пячэрскай Лаўрай, і там жа яшчэ савецкі Парк Славы з магілай невядомага салдата. Лукашэнка ў прынцыпе паехаў ускладаць кветкі на магілу невядомага салдата, а заадно і пасадзіў каліну на тэрыторыі Мэмарыялу ахвярам Галадамору.

Ва Ўкраіне гэта ўспрынялі вельмі пазытыўна: Юшчанка быў задаволены, бо некаторыя эўрапейскія палітыкі, прыкладам, Ангела Мэркель, не хацелі наведваць Мэмарыял, каб не дражніць Расею, а Лукашэнка на гэта пайшоў. Увогуле, ён шмат чаго незвычайнага рабіў гэтым разам.
Некаторыя эўрапейскія палітыкі не хацелі наведваць Мэмарыял, каб не дражніць Расею, а Лукашэнка на гэта пайшоў.

Напрыклад, адкрыў Цэнтар беларускай мовы і культуры ў Кіеўскім нацыянальным унівэрсытэце, паказаў сябе прыхільнікам разьвіцьця беларускай мовы і нават атрымаў званьне пачэснага доктара Кіеўскага нацыянальнага Ўнівэрсытэту. Такое званьне, напрыклад, маюць Біл Клінтан, Вацлаў Гавэл і Міхаіл Саакашвілі.

Соўсь:
Лукашэнка пасьля перамоваў зь Юшчанкам заявіў, што ўсе праблемы ва ўзаемадачыненьнях дзьвюх краінаў вырашаныя. А што перашкаджала двухбаковым адносінам раней?

Сьвірко: Галоўнае пытаньне – пра дзяржаўную мяжу паміж дзьвюма краінамі. У 1998 годзе Лукашэнка заявіў, што "пакуль Украіна не заплаціць свае даўгі Беларусі, дамова пра дзяржаўную мяжу ратыфікаваная ня будзе. Ад таго часу – хаця сама дамова была падпісаная ў 97-м і тады ж ратыфікаваная Вярхоўнай Радай, Лукашэнка трымаўся свайго. І ад таго часу дыскутавалася гэтае пытаньне: як пагасіць даўгі ад 92-га году, калі некалькі беларускіх прадпрыемстваў пастаўлялі прадукцыю ўкраінскім, а тыя не заплацілі – называліся лічбы 150 мільёнаў даляраў, 200, 130. Цяпер украінскія газэты пішуць, што Ўкраіна пагадзілася заплаціць 50 мільёнаў даляраў у такой форме: яна будзе пастаўляць электраэнэргію па цане, ніжэйшай за сабекошт, і гэтая электраэнэргія будзе прадавацца далей у краіны Балтыі: у Літву, дзе закрываюць Ігналінскую АЭС, і нават у Латвію, якая таксама атрымлівала энэргію з Ігналінскай АЭС.
У 2005 годзе Юшчанка паабяцаў Бушу, што будзе "прасоўваць дэмакратыю ў Беларусі і на Кубе". Тады Лукашэнка абразіўся.

У Кіеве ўсе перакананыя, што перашкаджала ня толькі само па сабе пытаньне мяжы і даўгоў, а перашкаджала Расея, якая рукамі Беларусі трымала Ўкраіну на кручку, каб тая не ўступіла ў НАТА. Бо калі няма ўрэгуляванай мяжы зь Беларусьсю, гэта значыць, што ёсьць праблема з суседзямі, а таму нельга стаць членам НАТА. Цяпер Лукашэнка паводзіў сябе як вялікі прыхільнік Украіны і нарабіў столькі камплімэнтаў, што ўзьнікла пытаньне: а чаго ж ён столькі гадоў сюды ня езьдзіў?

Хаця ёсьць і адказ: у 2005 годзе ў часе свайго першага візыту ў Вашынгтон Віктар Юшчанка паабяцаў Джорджу Бушу, што будзе "прасоўваць дэмакратыю ў Беларусі і на Кубе". Тады Лукашэнка абразіўся. Цяпер Юшчанка кажа, што базавая мэта супрацоўніцтва – гэта сяброўства Беларусі ў Радзе Эўропы, а пра тое, што гэта абумоўліваецца правамі чалавека і дэмакратыі, Юшчанка ўжо ня кажа.