“Замест прававой дзяржавы — падман чыноўнікаў”

Валянцін Жданко

Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 21 кастрычніка 2009 году
Беларуская эканоміка перажывае найбольш складаны за апошняе дзесяцігодзьдзе пэрыяд. Скарачаецца вытворчасьць, зьніжаюцца заробкі, многія людзі цалкам або часткова страцілі працу. Усе гэтыя праблемы знаходзяць адлюстраваньне ў пошце “Свабоды”.

Свой погляд на прычыны і наступствы эканамічнага крызісу — у нашага даўняга сябра, настаўніка-пэнсіянэра Алеся Ляскоўскага зь вёскі Сугакі Ваўкавыскага раёну. Слухач піша:

“На мой погляд, крызіс узьнікае ў асноўным таму, што эканомікай некаторых краін кіруюць не прафэсіяналы-эканамісты, а гора-палітыкі. Гэтыя гора-палітыкі хацелі б уласных грамадзянаў (а значыць, і выбаршчыкаў) апрануць у дарагія футры да пят, а сваіх гандлёвых партнэраў зь іншых краін пакінуць у адных портках да каленяў.

Такім чынам, парушаецца балянс эканамічных узаемадачыненьняў, парушаецца стабільнасьць у гандлі, узьнікае недавер і ўсталёўваецца эканамічны хаос.

Усё сьведчыць пра тое, што эканомікай павінны кіраваць высокаадукаваныя эканамісты, адмыслоўцы з высокімі маральнымі якасьцямі, для якіх аднолькава важнымі былі б інтарэсы ня толькі сваёй дзяржавы, але і замежных партнэраў
.

Цяжка спрачацца з Вашымі, спадар Алесь, высновамі пра тое, якімі якасьцямі павінны валодаць тыя, хто бярэцца кіраваць нацыянальнай эканомікай. Хоць прычыны эканамічных крызісаў, відавочна, больш глыбокія і складаныя, чым хцівасьць і сквапнасьць палітыкаў, якія імкнуцца падмануць сваіх замежных партнэраў. Тэме эканамічнага крызісу, ягоных прычынаў і наступстваў апошнім часам прысьвечаны многія перадачы “Свабоды”.

Аўтар наступнага ліста — Павал Давыдзенка з пасёлку Парычы Сьветлагорскага раёну — лічыць, што беларускае грамадзтва апынулася сёньня ў крытычнай сытуацыі. Слухач піша:

“Народ наш апусьціўся ў яму нянавісьці, зла, галечы і беззаконьня. Замест прававой дзяржавы — падман, самавольства чыноўнікаў, якія любымі спосабамі імкнуцца бясконца заставацца пры ўладзе. Квітнее карупцыя. Нацыянальная мова, культура, традыцыі — вынішчаюцца. Народ сьпіты і сколаты. Зразумела, такімі людзьмі кіраваць лягчэй, чым здаровымі, цьвярозымі, адукаванымі.

А што тым часам робіць апазыцыя? Чаму не ідзе ў народ, каб расказаць усю праўду? Яна баіцца народу і займаецца толькі балбатнёй, а не барацьбой за дэмакратыю. І народ застаецца ў цемры і страху. Ніхто для гэтага народу нічога ня робіць.

Выбачайце за грубасьць і непісьменнасьць, але гэта — маё цьвёрдае выпакутаванае меркаваньне”
.

Пра народ вы, спадар Павал, пішаце, нібы пра малое дзіця, якое трэба выхоўваць, навучаць, адукоўваць, даглядаць... Хоць у Беларусі ўжо некалькі дзесяцігодзьдзяў дзейнічае закон аб абавязковай сярэдняй адукацыі. Амаль усе ўмеюць і пісаць, і чытаць, і шукаць інфармацыю... Той, хто хоча ведаць праўду — заўсёды знойдзе магчымасьць адшукаць яе. Наўрад ці варта спадзявацца толькі на тое, што нехта збоку прыйдзе, выведзе зь цемры і галечы, навучыць, як жыць заможна і шчасьліва.

Дзіцячы доктар зь Віцебску Ігар Пасноў паведамляе пра тое, што яго найбольш турбуе — пра стан беларускай сыстэмы аховы здароўя. У сваім новым лісьце на “Свабоду” слухач піша:

“Хвалюе стан мэдычных устаноў Віцебшчыны — інфэкцыйнай бальніцы, дзіцячых паліклінік нумар 1, 2, 3. Заняпад, разруха, асыпаецца тынкоўка, усё разбураецца. А тым часам на паказушныя мерапрыемствы так званага Году Зямлі выдаткавана каля 168 мільярдаў рублёў. Пір падчас чумы. Змагаюся з гэтым”.

Пра ваша змаганьне, спадар Пасноў, мы ня раз паведамлялі ў эфіры “Свабоды”. Наколькі ведаем, гэтыя намаганьні не дарэмныя: вы маеце грамадзкую падтрымку, і чыноўнікі, хоць і не ўва ўсім, але часта вымушаныя прыслухоўвацца да вашых справядлівых заўваг і прэтэнзіяў.

Аўтар наступнага вялікага ліста — грамадзкі актывіст са Смаргоні Ўладзь Шульжыцкі. Два гады таму ягонае імя часта гучала на Радыё Свабода. Каб трапіць на Чарнобыльскі шлях-2007, Уладзь, якому мясцовыя ўлады тады чынілі ўсялякія перашкоды, выправіўся ў Менск на ровары. У новым лісьце старшыня смаргонскай суполкі Моладзі БНФ Уладзь Шульжыцкі піша пра сваё цяперашняе жыцьцё, пра тое месца, якое займала і займае ў ім Радыё Свабода. Цытую допіс:

“Радыё Свабода я стала слухаю клясы з восьмай. Але і раней, памятаю, круціў бацькаў “Мэрыдыян-235” і таксама шукаў альтэрнатыўныя навіны. Было і такое, што ня верыў Свабодзе, станавіўся шчырым “лукашыстам”. Але чамусьці заўжды мяне цягнула на альтэрнатыву.

Я вучыўся ў ПТВ, калі па тэлевізары пачалі паказваць галоўным чынам адны сэрыялы — ніякай цікавай інфармацыі. І таму ўвечары, калі маці з бабуляй глядзелі чарговую мыльную опэру, я ішоў у іншы пакой і ўключаў Радыё Свабода. Параўноўваючы “Свабоду” і БТ, я на пачатку 2006-га году прапанаваў свае паслугі ў распаўсюдзе ўлётак Мілінкевіча. І цэлую ноч сядзеў каля прымача 19 сакавіка. Ехаць у Менск на плошчу Каліноўскага адвагі не хапіла.

На пачатку 2007-га я вырашыў надрукаваць і распаўсюдзіць невялічкія ўлёткі з частотамі Радыё Свабода. Па гэтых улётках мяне вылічылі і 24 красавіка 2007-га году затрымалі. У пратаколе напісалі, нібы я лаяўся матам.

Вельмі ўдзячны Радыё Свабода за маральную ды інфармацыйную падтрымку. Дзякуючы ёй я ўсё ж трапіў тады на Чарнобыльскі шлях у Менск — хоць дзеля гэтага і давялося праехаць 40 кілямэтраў на ровары. Пасьля выхаду ў эфіры “Свабоды” гэтай гісторыі я прачнуўся знакамітым. Шмат хто ў Смаргонях, пачуўшы прозьвішча “Шульжыцкі”, пытаўся, ці гэта ня той самы, што на Чарнобыльскі шлях на ровары паехаў.

Потым у маім жыцьці была праграма Каліноўскага і Гданьск, дзе я з прымачом адмыслова хадзіў у горы, каб знайсьці месца, дзе лепш чуваць “Свабоду”. На праграме Каліноўскага, на жаль, не ўтрымаўся. І зараз слухаю “Свабоду” зноў у родных Смаргонях. На прымачы “Грундзік” настроіў будзільнік на патрэбныя частоты і кожную раніцу прачынаюся пад знаёмыя пазыўныя.

Пры адсутнасьці інтэрнэту радыё для мяне зараз — адна зь нешматлікіх крыніц інфармацыі”
.

Далей у сваім лісьце Уладзь Шульжыцкі са Смаргоні выказвае шэраг прапаноў. Ён піша:

“Я вельмі зацікаўлены выданьнем вашага новага дыску “Барды Свабоды”, бо калекцыяную беларускую музыку, у тым ліку і бардаўскія песьні. Набралася ўжо на два mp3-дыскі ў невялікім фармаце толькі бардаў. Палічу за вялікі гонар дадаць ваш дыск да сваёй калекцыі. Няблага было б мець на дысках і запісы іншых свабодаўскіх перадач — “Вострай Брамы”, “Беларускай Атлянтыды”. Гэта — важныя тэмы, якія заўжды будуць актуальнымі. Абяцаю набыць па два асобнікі кожнага такога дыску.

А яшчэ мне цікава было б слухаць перадачы пра гісторыю нашага супраціву і змаганьня за незалежнасьць у 20-м і 21-м стагодзьдзях, расповеды гісторыкаў, успаміны сьведкаў, камэнтары мясцовых краязнаўцаў, успаміны дысыдэнтаў. Было б вельмі добра, каб на Радыё Свабода зьявілася асобная перадача на гэтую тэму, а потым і адпаведны дыск”
.

Дзякуй, Уладзь, за цікавыя прапановы і ўспаміны, за цёплыя словы на адрас “Свабоды”. Абавязкова ўлічым вашы ідэі пры плянаваньні сваіх праграмаў.

На заканчэньне — ліст ад яшчэ адной даўняй слухачкі, адданага сябра “Свабоды”. Вось што піша Валянціна Богуш зь Менску:

“Наша сям’я вельмі даўно слухае “Свабоду”. Усе вашы паведамленьні своечасова даносяць сутнасьць падзей і ў рознай ступені дапамагаюць разабрацца ў жыцьцёвых пытаньнях. За гэта мы вам вельмі ўдзячныя.

Вы заслужылі давер, таму падтрымліваю вашы новыя пляны. І ўпэўнена, што вы іх цікава рэалізуеце. Асабліва дзякую вам за выдавецкія праекты. Для мяне кніга была, ёсьць і будзе самай вялікай каштоўнасьцю. Раней я мела вялікую хатнюю бібліятэку. Але ў сувязі з частымі пераездамі ад многага давялося адмовіцца.

Зараз асноўную перавагу аддаю кнігам (чытаю) і слухаю любімую “Свабоду” — разам з унукам.

Таму вельмі прашу, калі гэта магчыма, вышліце кнігі сэрыі “Бібліятэка Свабоды”, выдадзеныя ў гэтым годзе. Якія толькі можна. Накладным плацяжом. Грошы ў мяне на гэта ёсьць.

Усім вам жадаю добрага здароўя, спору ў працы і штодзённай сустрэчы на Радыё Свабода”
.

І вы, спадарыня Валянціна, і многія іншыя нашы даўнія сябры, аўтары цікавых допісаў, успамінаў, расповедаў — у блізкім часе атрымаеце кнігі “Свабоды” ў якасьці падарунку.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by