Дзікі пляжаць гароды чарнобыльскіх вяскоўцаў

Беларуская асацыяцыя журналістаў зь ініцыятывы Гомельскай філіі зарганізавала 1—3 кастрычніка прэс-тур у забруджаныя радыяцыяй паселішчы Гомельшчыны й Чарнігаўскай вобласьці Ўкраіны пад агульным назовам “За экалягічны дабрабыт”. У ім бралі ўдзел амаль паўтара дзясятка сяброў БАЖу зь Менску, Горадні, Гомеля, Баранавічаў, Салігорску, Бабруйску.

Наступная паездка заплянаваная на Астравеччыну Гарадзенскай вобласьці, дзе беларускія ўлады зьбіраюцца будаваць атамную станцыю.

Падчас прэс-туру журналісты высьвятлялі, якія праблемы хвалююць людзей у чарнобыльскай зоне. Як катастрофа на ЧАЭС адбілася на іх побыце, здароўі, эканоміцы рэгіёну? Па сутнасьці, чарнобыльская паездка бажаўцаў сталася як бы падарожжам у магчымую будучыню астравецкага краю.

Першы матэрыял з цыклу “Прэс-тур у чарнобыльскую зону” наконт прымусовага высяленьня апошніх жыхароў вёскі Губарэвічы Хойніцкага раёну радыё “Свабода” змясьціла на сваім сайце 5 кастрычніка.

Сёньняшні расповед — пра нашэсьце дзікоў на палеткі чарнобыльскіх гаспадарак.


Нашэсьце чарнобыльскіх дзікоў


Дзікі, ваўкі, ласі, лісы й нават рысі найбольш пладзяцца ў Палескім радыяцыйна-экалягічным запаведніку. Яго тэрыторыя складае 216 тысяч гектараў і ахоплівае найбольш заражаныя радыяцыяй землі трох раёнаў Гомельшчыны — Брагінскага, Хоніцкага й Нараўлянскага.

Прылеглым да запаведніка гаспадаркам, прыватным і калектыўным, асабліва шкодзяць дзікі. Статкі гэтых лясных жывёлін зьнішчаюць, кукурузу, авёс, бульбу й шматгадовыя травы.

Апавядае 72-гадовая спадарыня Марыя зь вёскі Двор Савічы Брагінскага раёну:

“Ваўкі ваўкамі, але ж сьвіньні дзікія турбуюць. Пакапалі агароды, бульбу — усё чыста. Дзед мой сьцярог-сьцярог бульбу, а пасьля сышоў, бо захварэў. Дык яны выкапалі — бульбу ўсё шукаюць. Яны жывуць побач, днём сьпяць у лесе”.

Бароняцца вяскоўцы ад нашэсьця дзікоў хто як можа. Пэнсіянэрка Кацярына, адна зь нешматлікіх самасёлаў вёскі Савічы, якія засталіся тут, распавяла пра свой досьвед:

“Мы агарод свой абгарадзілі дошкамі, шыфэрам, дротам, сеткамі. Дзікі ўсюды ходзяць свабодна. У лес схадзіце, можа, і цяпер сустрэнеце. Я раніцай прачнулася ў 8 гадзінаў, а яны там, ля агароджы, ходзяць — мо восем штук іх было. Кажу: “Ідзіце сюды, на панадворак, будзем рэзаць”. Сына клікнула: “Грыша, ідзі пабач”. А яны прайшлі паўз агароджу да хатаў, потым вярнуліся і вунь пад тым дрэвам ляжалі. Там такая як бы копанка, яны летам пазалазяць у яе й ляжаць. А застрэліць дзіка нельга, бо прыйдуць і штраф дадуць. Агарод ядуць — няхай ядуць. А калгасных палеткаў колькі зьнішчаюць — кукурузы ды ўсяго іншага”.

Сьвятлана Шаўчэнка, галоўны эканаміст сельгаспрадпрыемства “Чамярыскі”, да якога аднесьлі апошнім часам і вёску Савічы, распавяла журналістам, што дзікі на некаторых участках зьнішчаюць да 30 адсоткаў пасеваў — найперш аўсу й кукурузы:

“Статкамі па шэсьцьдзесят галоў ходзяць і зьнішчаюць пасевы і кукурузы, і збожжавых. Сёлета аграном, здаецца, тройчы складаў акты на гібель і пашкоджаньне пасеваў дзікімі жывёлінамі. Практычна зьнішчаюць па 15-20 гектараў. Мы губляем на такіх палетках да 30 адсоткаў ураджаю. Вельмі вялікія страты ад гэтых дзікоў”.

А застрэліць дзіка нельга, бо прыйдуць і штраф дадуць. Агарод ядуць — няхай ядуць.
У свой час, калі Палескі радыяцыйна-экалягічны запаведнік ачольваў Мікалай Варанецкі, рэгуляваньне колькасьці дзікіх жывёлін вялося тут больш інтэнсіўна. Урэшце дырэктара абвінавацілі ў арганізацыі, так бы мовіць, “сафары для вышэйшага беларускага чынавенства” і зьнялі з пасады.

З павелічэньнем колькасьці дзікіх жывёлаў у іх асяродку памнажаецца й шаленства. Шалёныя ваўкі й лісы нападаюць нават на людзей. А дзікі вольна качуюць па прылеглых да запаведніка гаспадарках.

Загарадкі ад дзікоў

Намесьнік старшыні Брагінскага райвыканкаму па чарнобыльскіх пытаньнях Валянцін Гануш лічыць, што адміністрацыі запаведніка ня лішнім было б стварыць своеасаблівую “буфэрную зону” між запаведнікам і сельскагаспадарчымі палеткамі. Прынамсі, пра гэта ён сказаў удзельнікам журналісцкага прэс-туру:

“Зона практычна адкрытая. Дзікі, ваўкі, ласі й нават рысі дабіраліся нават да Брагіна. І ніяк не вырашаецца гэтая праблема. Адстрэльваць не атрымліваецца — не дазваляюць. І затрымаць іх ня могуць. Зона дзікая. Відаць, трэба, каб запаведнік сеяў сваю буфэрную зону кукурузы, — дзікі б там пасьвіліся. У нас жа кукурузу гаспадаркі сеюць на корм, на зерне. Альбо трэба нармальна агарадзіць запаведнік — ён жа адкрыты”.

Кукурузнае поле ля запаведніку.