“У нас ёсьць Бог, прэзыдэнт і патрыярх”

Працягваецца візыт у Беларусь патрыярха маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла. Учора патрыярх выступіў перад жыхарамі Віцебску на плошчы Перамогі. На сёньня заплянавана сустрэча з інтэлігенцыяй і студэнцкай моладзьдзю ў віцебскім летнім амфітэатры.
Калі 26-га і 27-га верасьня ў Полацку патрыярх Кірыл у асноўным сустракаўся зь вернікамі, беручы ўдзел у царкоўных службах, то ўчора ў Віцебску ён зьвяртаўся да прысутных з трыбуны, усталяванай на плошчы Перамогі.

Гэтаму выступу папярэднічала ўскладаньне кветак каля абэліску ў памяць аб закатаваных ахвярах канцлягеру “5-ты полк” і кароткая імша ў Сьвята-Пакроўскім саборы.


Ахвотных трапіць на імшу было ня дужа шмат: многія знарок не заходзілі ў храм, каб паглядзець на патрыярха Кірыла адразу па прыезьдзе. Па абодва бакі вуліцы Леніна – ад плошчы Свабоды да плошчы Перамогі – стаялі людзі. Аднак гэта былі ня проста цікаўныя мінакі, а ў большасьці тыя, каго сустракаць першую асобу расейскай праваслаўнай царквы накіравалі з прадпрыемстваў ці навучальных установаў.

Прысутныя вітаюць патрыярха Кірыла каля Сьвята-Пакроўскага сабору

Іх можна было лёгка пазнаць па сьцяжках з выяваю патрыярха, якія тут жа раздавалі, або па дзяржаўных сьцягах – шараговыя мінакі з такімі па вуліцы не шпацыруюць. Нехта нават узьняў таблічку з назвай прадпрыемства “Тэлезавод “Віцязь”.

Са сьцягамі, як на дэманстрацыю

Уся падрыхтоўка да сустрэчы сваёй атрыбутыкай нагадвала першамайскую дэманстрацыю савецкага часу: транспартны рух спынілі, дарогу абгарадзілі, пераходзіць вуліцу забаранілі да заканчэньня імпрэзаў.

Аднак былі і адрозьненьні: трапіць у раён плошчы Перамогі можна было толькі праз брамкі мэталашукальнікаў і пасьля надгляду сумак, чаго ніколі не было за савецкім часам. Ды яшчэ на даху крамы быў заўважаны чалавек зь нейкім аптычным прыборам у руках. Адны казалі, што гэта снайпэр, а другія – што ўсяго толькі міліцыянт, які ўсё здымае на відэакамэру на выпадак магчымых нечаканасьцяў.

Міліцыянт або снайпэр ахоўвае патрыярха?

Міліцыянты ў форме ды ў цывільным дазвалялі падыходзіць бліжэй да патрыярха Кірыла толькі тым, хто меў пропускі. Да тае трыбуны, зь якой прамаўлялі патрыярх Кірыл і старшыня аблвыканкаму Аляксандар Косінец, не прапусьцілі нават усіх ахвотных журналістаў, у тым ліку й акрэдытаваных.

Праходы да трыбуны ахоўваюць міліцыянты

Першым выступоўцам быў Аляксандар Косінец. У кароткай прамове ён згадаў гісторыю Віцебску і Віцебшчыны, а потым заявіў, што паміж царквой і дзяржавай у нас еднасьць, і дадаў – “у пабудове духовасьці і гуманістычнага грамадзтва”. “У нас ёсьць Бог, прэзыдэнт і патрыярх”, – сказаў старшыня Віцебскага аблвыканкаму.

Патрыярх Кірыл гаварыў пра адвечную барацьбу добрага і злога ў чалавечых душах, як зьмену на лепшае адзначыў тое, што ў Віцебску адбyдоўваюцца цэрквы. А таксама сказаў, што ўва ўсіх прысутных на плошчы Перамогі ёсьць мажлівасьць даць унутраную прысягу: паклясьціся і зрабіць усё, каб не паўтарылася масавае атэістычнае богаадступніцтва і каб не было зьнішчальных войнаў.

Пасьля таго, як патрыярх Кірыл скончыў выступ і ад’ехаў, жыхары Віцебску змаглі ацаніць вынікі рэканструкцыі плошчы Перамогі, якую гарадзкая адміністрацыя імкнулася завяршыць ды гэтага візыту. Плошча, на якой раней расьлі дрэвы і дэкаратыўныя расьліны, цяпер ператварылася ў вялізную пляцоўку, спрэс укладзеную пліткай. Прычым рэстаўрацыйныя работы скончаныя толькі на палову: да візыту патрыярха, які меўся адчыніць новы гарадзкі аб’ект, дарабіць усяго не пасьпелі.

Тое, чаго не пасьпелі дарабіць, ад вачэй высокага госьця схавалі за сьпінамі гараджанаў

Сёньня патрыярх Кірыл мае сустрэцца з моладзьдзю і творчай інтэлігенцыяй у летнім амфітэатры. Гэтая сустрэча будзе трансьлявацца й на экран, устаноўлены на плошчы Свабоды – як гэта бывае з канцэртамі “Славянскага базару”. Квіткі ў залю распаўсюджваліся па царкоўных прыходах і навучальных установах, прычым для студэнтаў месцамі праводзілі адмысловы інструктаж. Раілі апрануцца сьціпла і не кантактаваць з журналістамі – маўляў, ня ўсе журналісты “правільныя”, і могуць сустрэцца тыя, хто сьвядома скажае ўбачанае і пачутае падчас сустрэчаў з патрыярхам Кірылам.

Выява патрыярха Кірыла (зьлева ўверсе) цяпер і на адной зь віцебскіх шматпавярховак